Як паведаміла агенцтва БелаПАН, сустрэча двух прэзыдэнтаў адбылася ў падмаскоўнай рэзыдэнцыі прэзыдэнта РФ у Горках.
"У нас сёньня павінна адбыцца шчырая размова. Што датычыцца Мытнага саюзу, вы сказалі пра нейкія супярэчнасьці, – яны сапраўды існуюць, але невырашальных пытаньняў у адносінах паміж намі абсалютна няма. І тое, што мы сёньня можам разьвязаць гэтыя вузлы, – гэта так", – цытуе агенцтва БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя ім перад пачаткам сустрэчы.
Разам з тым Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь заўсёды зьвяртала ўвагу сваіх партнэраў на неабходнасьць поўнай празрыстасьці, і калі штосьці ствараецца, то гэта павінна адбывацца на раўнапраўнай аснове.
Што датычыцца двухбаковых адносін Беларусі і Расеі, Лукашэнка заявіў, што бакі могуць вывесьці свае адносіны яшчэ на больш высокі ўзровень, улічваючы, што яны і так зьяўляюцца асаблівымі і саюзьніцкімі. "У нас вельмі блізкія адносіны, і мы гатовы ў гэтым пляне дадаць", – дадаў прэзыдэнт Беларусі.
У сваю чаргу расейскі прэзыдэнт адзначыў, што з пункту гледжаньня таваразвароту паміж дзьвюма краінамі пачатак бягучага году склаўся вельмі добры. Паводле яго дадзеных, са студзеня па красавік адбыўся істотны прырост таваразвароту. Калі рост экспарту расейскай прадукцыі ў Беларусь склаў каля 20 працэнтаў, то экспарт у Расею беларускіх тавараў павялічыўся на 52 працэнты.
Акрамя таго, Мядзьведзеў лічыць, што цяперашняя сустрэча ўяўляе зь сябе нядрэнную магчымасьць для таго, каб зьверыць гадзіньнікі. "Лічу, што мы, перш за ўсё, павінны будзем сканцэнтравацца на нашых двухбаковых адносінах. Я маю на ўвазе нашы інтэграцыйныя памкненьні: наша жаданьне стварыць Мытны саюз, а ў далейшым – Адзіную эканамічную прастору", – сказаў ён.
Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Лукашэнка прыбыў у рэзыдэнцыю "Нова-Агарова" для сустрэчы з прэм'ер-міністрам РФ Уладзімерам Пуціным.
"Я сказаў (Мядзведзеву – РС), што паеду да Ўладзіміра Ўладзіміравіча і распавяду, як бурна мы абмяркоўвалі пытаньні. Але паколькі Вы ўжо "воўк біты", таму абмяркуем астатнія пытаньні", – цытуе агенцтва "Інтэрфакс-Захад" словы Лукашэнкі, адрасаваныя Пуціну.
"Я рады пабываць у Вас зноў дома. Па справе пагаворым, ды і даўно ўжо ня бачыліся, таму ўвогуле пагаворым", – сказаў Лукашэнка.
Прэм'ер-міністар РФ у сваю чаргу заявіў: "Мы рады бачыць Вас, дзякуй, што прыехалі напярэдадні нашага сьвята", – сказаў У. Пуцін.
Паводле агенцтва БелаПАН, падчас свайго візыту ў Расею Лукашэнка таксама наведаў Усерасейскі навукова-дасьледчы інстытут электрамэханікі з заводам імя Іосіф'яна, дзе гаворка ішла аб пэрспэктывах паглыбленьня каапэрацыі ў сфэры касьмічнай прамысловасьці.
"Як плянуецца, у бліжэйшай пэрспэктыве беларускі спадарожнік для касьмічнай сыстэмы дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі можа быць запушчаны з касмадрому Байканур". Як праінфармавалі прэзыдэнта РБ, зараз завяршаюцца работы па стварэньні касьмічнага апарата, што будзе працаваць у беларуска-расейскай касьмічнай групоўцы, а таксама фактычна завершана стварэньне наземнага комплексу кіраваньня. Такім чынам, сфарміравана самадастатковая беларуская касьмічная сыстэма дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі ", – паведаміла прэс-служба прэзыдэнта РБ.
Акрамя таго, адзначае прэс-служба, "абмяркоўвалася магчымасьць стварэньня для Беларусі ўласнага спадарожніка сувязі, які, як мяркуецца, будзе вельмі выгадны з камэрцыйнага пункту гледжаньня".
Падчас наведваньня інстытуту былі разгледжаны і пэрспэктывы падключэньня Беларусі да расейскага праекту глябальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы (ГЛОНАСС).