Падпісацца за скасаваньне Ўказу №60 можна праз інтэрнэт

Стартаваў сайт ukaz60.net, прысьвечаны адмене ўказу №60 "Аб захадах дзеля ўдасканальваньня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт".

На сайце разьмешчаны адкрыты ліст прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку з просьбай скасаваць згаданы дакумэнт, а таксама выказаць шэраг сваіх заўвагаў.

"Мы прадстаўляем сацыяльную групу актыўных інтэрнэт-карыстальнікаў, а таму больш за іншых зацікаўленыя ў разьвіцьці галіны, прытоку капіталу і ўсталяваньні дакладных межаў. Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, лічым, што нарматыўна-прававыя акты, названыя ў лісьце, не толькі не вырашаюць спрэчныя пытаньні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт, а наадварот, ўносяць смуту і няяснасьці ў наяўнае становішча рэчаў", - гаворыцца ў лісьце.

Пакінуць свае подпісы на сайце можа любы наведвальнік.

Указ № 60 "Аб захадах дзеля ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт" прадугледжвае пералік абавязкаў дзяржаўных органаў і арганізацыяў. Апроч таго, кожны пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў будзе абавязаны абмежаваць доступ да інфармацыі, забароненай заканадаўствам. Таксама да 1 ліпеня павінна завяршыцца дзяржаўная рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, прадугледжаная ўрадавай пастановай № 644. Яна адбываецца на падставе заявы, якую падае пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў.

Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня.