Судзьдзя Менскага гаспадарчага суду Андрэй Аляхновіч правёў папярэдняе паседжаньне ў справе аб ліквідацыі асьветніцкай установы «Рух наперад», больш вядомай як арганізатар грамадзкай кампаніі «Гавары праўду». Пазоў аб ліквідацыі ўстановы падаў Менгарвыканкам.
Эмілія Пазьняк, якая кіруе аддзелам ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму, пацьвердзіла ранейшую пазыцыю: Менгарвыканкам настойвае на ліквідацыі «Руху наперад» на той падставе, што ўстанова нібыта дала недакладныя зьвесткі пра юрыдычны адрас.
«Мы з гэтым нязгодныя. Мы дзейнічалі паводле закону і ва ўсіх дакумэнтах пазначылі дакладны юрыдычны адрас нашай установы, які заўсёды быў нязьменны», — заявіла суду заснавальніца «Руху наперад» Кацярына Вашчэйка.
Судзьдзя Андрэй Аляхновіч пастанавіў задаволіць хадайніцтва прадстаўнікоў «Руху наперад» аб забесьпячэньні іх патрэбнымі дакумэнтамі. Пакуль гэтыя дакумэнты знаходзяцца ў офісе ўстановы, які апячатаны міліцыяй. Паводле судзьдзі, разгляд пазову будзе прызначаны «не раней як праз 2 тыдні».