Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» паэт Уладзімер Някляеў такім чынам вітаў усіх, хто падтрымаў ініцыятыву:
«Юры Шаўчук сказаў праўду Пуціну. І стаў героем Расеі! У нас сотні людзей, тысячы людзей ужо 15 гадоў кажуць гэтую праўду, колькі ўжо людзей адседзелі ў турмах гадамі. І ніхто ня лічыць вас героямі, акрамя кампаніі „Гавары праўду!“, якая вам кажа: „Вы — героі!“ Дзякуй богу, што за гэтыя 100 дзён усе мы перажылі тое, што перажылі, прыстойна — я лічу, што вельмі прыстойна. Я хачу сказаць „дзякуй“ усім, хто падтрымаў нас. Мы ведалі, што лёгка нам ня будзе. Але з намі вы. Мы разам!»
Сам Уладзімер Някляеў разам з актывістам кампаніі «Гавары праўду!» Андрэем Дзьмітрыевым знаходзяцца зараз у Канадзе. Андрэй Дзьмітрыеў распавёў пра сустрэчы за акіянам:
«100 дзён — гэта толькі пачатак. І пачатак у нас добры. Сустракаліся ўчора мы з прэм’ер-міністрам, сэнатарамі, кіраўнікамі камітэтаў у парлямэнце, зь беларускай меншасьцю, з Івонкай Сурвілай».
Карэспандэнтка: «Ну, а што да праблем Беларусі? Ці разумее далёкая Канада нашы праблемы, цікавіцца?»
«Ну, вось ці разумее — гэта яшчэ пытаньне. Таму што для іх шмат што з таго, пра што мы кажам, выглядае цалкам неверагодным. Але той узровень сустрэчаў, які ёсьць у нас тут, сьведчыць пра высокую зацікаўленасьць Канады ў Беларусі, сапраўды пра жаданьне дапамагчы».
100 дзён — першы рубеж, калі варта падводзіць пэўныя вынікі, аналізаваць урокі, працаваць над памылкамі і ставіць новыя мэты. Найбольш яркімі акцыямі кампаніі сталі паштоўкі «Гавары праўду!», якія заклікалі грамадзян накіраваць свае пытаньні, прэтэнзіі, патрабаваньні ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Вельмі запатрабаваны праект «Грамадзкія прыёмныя», куды любы грамадзянін можа зьвярнуцца да валянтэраў-юрыстаў па кансультацыю.
Тыдзень таму быў прэзэнтаваны праект «100 абліччаў беспрацоўя».
Ператрусы ў кватэрах актывістаў кампаніі, што адбыліся 18-19 траўня па ўсёй краіне, пераканалі, што выраз «грамадзянская кампанія» ўлады палічылі за сынонім кампаніі «палітычнай». І такім чынам самі надалі палітычны характар кампаніі, якую стваральнікі прэзэнтуюць як маральную, сацыяльную, грамадзянскую.
Актывіст з Горак Эдуард Брокараў выказаў меркаваньне, што перасьлед, канфіскацыі, ператрусы — усё сьведчыць пра тое, што кампанія эфэктыўная:
«Калі б мы ня шкодзілі тым, хто хлусіць — а ў нас у краіне, на жаль, зараз зашмат людзей, якія хлусяць, прычым людзей, якія пры пасадах, — каб мы ім не перашкаджалі, не наступалі на балючы мазоль, то, напэўна, яны б нас не чапалі. А то міліцыя нас схапіла, нехта ім даў каманду затрымаць, а як „падагнаць“ гэта пад закон, яны ня ведаюць. Таму даслалі мне цалкам абсурдны адказ, што „заведама непраўдзівая інфармацыя — гэта ня ёсьць адміністратыўнае правапарушэньне“. Таму перш за ўсё гэта кампанія эфэктыўная, і яна трапіла ў тую кропку, куды вельмі даўно трэба было трапіць».
У плянах кампаніі — шэраг сацыяльных, грамадзянскіх акцый. Хутка будуць падведзеныя вынікі акцыі «Вуліцам Быкава — быць!» На гэты момант сабрана больш за 46 тысяч подпісаў у Менску і 2500 у Горадні.