"Навошта ўладзе перад выбарамі неўтаймаваная "Народная Воля"?"

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".

Значная частка допісаў, якія мы атрымліваем у гэтыя чэрвеньскія дні, — на тэму выбараў: і мясцовых, якія адбыліся больш як месяц таму, і прэзыдэнцкіх, якія пакуль не абвешчаныя, але падрыхтоўку да якіх пачалі фактычна ўсе палітычныя сілы ў Беларусі.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, дасланага Ўладзімерам Ваўчонкам зь вёскі Груштэлішкі Браслаўскага раёну. Азіраючыся на мінулую выбарчую кампанію, слухач ня мае сумневу, што прэзыдэнцкія выбары ўлада правядзе паводле гэтага ж добра адпрацаванага сцэнара. Уладзімер Ваўчонак піша:

"Выбары ў саветы паказалі гнілую сутнасьць беларускай палітычнай сыстэмы. Ніякай канкурэнцыі нідзе, апроч буйных гарадоў, не было. На гэтае блазенства не хадзіў, а па раёне яўка пад 95 працэнтаў, як за часамі "вялікага правадыра". У Браслаўскім раёне толькі ў адной акрузе былі два кандыдаты, астатнія — безальтэрнатыўныя. Праўда, у нашай школе новы дырэктар — адэкватны чалавек: нікога на выбары не ганяў, казаў: няхай прышлюць пісьмовую пастанову з управы адукацыі, а выконваць загады толькі са слоў — сябе не паважаць.

Нават калі б апазыцыйныя кандыдаты перамаглі паўсюль, паўплываць на сытуацыю ў краіне ня здолелі б, бо мясцовыя саветы — толькі дэкаратыўны прыдатак выканаўчай улады. Сытуацыю трэба мяняць кардынальна: прымаць непапулярныя законы, мадэрнізаваць гаспадарку, праводзіць прыватызацыю (але з прыцягненьнем насельніцтва, а ня так, як цяперашняя ўлада, што хоча распрадаць найбольш каштоўныя актывы ціхай сапай).

Толькі кааліцыйны парлямэнцкі ўрад здольны правесьці насьпелыя рэформы, але такога пакуль нават блізка не прадбачыцца. У сытуацыі, калі ўлада ня хоча зьменаў, а апазыцыя ня можа вывесьці людзей з адэкватнымі лёзунгамі на вуліцу, верагодней за ўсё, уладу атрымае той, на каго паставіць Крэмль падчас будучых выбараў. Праўда, нельга ігнараваць магчымасьць вылучэньня з народу трэцяй сілы, здольнай пры зьбегу абставінаў зьмяніць цяперашнюю сыстэму сілавым мэтадам. Але гэта будзе патрабаваць рашучасьці і самаахвярнасьці ды выкліча шматлікія ахвяры.

Зразумела і тое, што сёньняшняя сытуацыя ў краіне не працягнецца больш за год: рэсурсаў для "застойнага" разьвіцьця амаль не засталося"
.

Думаю, спадар Уладзімір, з вашым апошнім тэзісам — што рэсурсаў рэжыму хопіць толькі на год — многія паспрачаюцца. І ў якасьці аргумэнта нагадаюць пра тэмпы, якімі беларускія ўлады на працягу апошніх паўтара гадоў залазілі ў даўгі да Расеі і заходніх фінансавых інстытуцыяў. Час сплачваць асноўныя пазыкі настане яшчэ ня надта хутка. Да таго ж, каб сплаціць старыя даўгі, заўсёды можна нарабіць новых: такі спосаб неаднаразова быў апрабаваны найбольш адсталымі і неплатаздольнымі рэжымамі Афрыкі ды Азіі.

Уласны досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях мае наш слухач Аляксандар Мялешка зь вёскі Сідараўка Магілёўскага раёну. Ён яшчэ зь 90-х гадоў — назіральнік на выбарах. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Мялешка піша:

"Галоўнае, што патрэбна, — незалежны кантроль за падлікам галасоў. А таксама дакладна акрэсьленыя і абмежаваныя паўнамоцтвы старшыні выбарчай камісіі. Недапушчальна, калі кіраўнік камісіі мае права адвольна выдаляць з залі назіральнікаў — без усялякіх правілаў, найбольш актыўных і зацікаўленых. І пры гэтым яшчэ імкнецца зганьбіць, абразіць чалавека: выклікае міліцыю, назіральніка выводзяць пад рулямі аўтаматаў, пад усьмешкі разявакаў, вязуць у міліцыю, дзе трымаюць тры гадзіны. Якой можа быць дзейнасьць незалежных назіральнікаў у такіх умовах?

На маю думку, ад апазыцыі ісьці ў прэзыдэнты найбольш варта Анатолю Лябедзьку. У яго багаты досьвед і добры перадвыбарчы штаб.

А ўвогуле, калі незалежнага кантролю за падлікам галасоў ня будзе, то ўсё бескарысна. Тады трэба прыслухоўвацца да голасу Зянона Пазьняка ці Ўладзіміра Жырыноўскага"
.

З вашага ліста, спадар Мялешка, не зусім зразумела, якія менавіта тэзісы Пазьняка і Жырыноўскага вы маеце на ўвазе. Напэўна, размова ідзе пра заклікі да байкоту несправядлівых выбараў. За апошнія пятнаццаць год гэтая ідэя ня раз агучвалася, рабіліся і спробы ажыцьцявіць яе. Назваць іх пасьпяховымі, аднак, цяжка. Нават калі гэтая задума знаходзіць шырокую падтрымку ў грамадзтве, рэалізаваць яе ва ўмовах, калі людзей масава і прымусова пад страхам звальненьняў з працы і адлічэньняў з вучобы звозяць на датэрміновае галасаваньне,— надзвычай складана. Дый самі апазыцыйныя лідэры ў Беларусі пакуль што заклапочаныя зусім не арганізацыяй байкоту, а пераважна ўласным вылучэньнем кандыдатамі ў прэзыдэнты.

На мінулым тыдні мы паведамлялі пра чарговае папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам інфармацыі незалежнай газэце "Народная воля" — за сэрыю публікацый Ільлі Копыла на тэму некаторых зьвестак пра партызанскі рух у Беларусі, якія камуністычная ўлада імкнулася хаваць.

На гэтую навіну адгукнуўся наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён піша:

"Для мяне тут няма нечаканасьці: пачынаецца зачыстка мэдыя-прасторы перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Навошта ўладзе ў такі лёсавызначальны час незалежная, ды яшчэ такая неўтаймаваная газэта — "Народная воля"?

Але я, уласна, хацеў напісаць не пра гэта, а падтрымаць паважанага Ільлю Копыла. Я прачытаў ягоную кнігу "Нябышына. Вайна" і згодны з аўтарам: у партызанскім руху ня ўсё так чыста і бездакорна, як малюе нам афіцыйная гістарыяграфія. Вось, напрыклад, што я чуў на гэтую тэму ад сваёй блізкай сваячкі, якую мы завём бабуля Люба. Яна, нягледзячы на свае 84, мае выдатную памяць.

…Гэта праўда, што немцы заходзілі ў хаты і казалі: "Матка, яйкі, шпек!" Але, як сьведчыць бабуля Люба, заўсёды плацілі грошы. Партызаны, зразумела, нічога ніколі не плацілі. Аднойчы ўзімку яны вывелі з двара карову, каня, дзьве авечкі. У сям’і было сямёра дзяцей, малодшай сястры Ніне ў той час ня споўнілася і чатырох год. Праўда, бацьку партызаны прапанавалі даведку на рэквізаваную жывёлу, але той адмовіўся: навошта яму было мець у хаце дакумэнт, які сьведчыў аб дапамозе партызанам?

Аднойчы партызаны нечага патрабавалі ад бацькі, той не згаджаўся. Тады яго вывелі за гумно расстрэльваць. Але нейкім цудам бацьку выпала застацца жывым — пэўна, згадзіўся нешта аддаць партызанам. Іншы раз партызан стрэліў зь пісталета ў столь, у хаце былі малыя дзеці, яны вельмі напалохаліся.

Ад немцаў сям’я не пацярпела. Ну, так здарылася, хаця былі выпадкі, што немцы забівалі людзей.

У недалёкім мястэчку Лужкі (цяпер Шаркоўшчынскага раёну) быў гарнізон, у ім былі чэхі. Яны кожную нядзелю наведвалі царкву, маліліся разам з усімі, нават сьпявалі ў царкоўным хоры на клірасе. Чэхаў за гэта вельмі паважалі.

Савецкія салдаты, якія прыйшлі ў 39-м, у царкву ніколі не хадзілі.

Пазьней, як кажа бабуля Люба, чэхі парвалі зь немцамі і ўсе пайшлі ў партызаны. Далейшы іх лёс невядомы, а вельмі хацелася б даведацца. Баюся, што яны маглі пасьля вайны трапіць у савецкія лягеры…"
.

Памятаю, калі ў дзяцінстве прасіў у старых аднавяскоўцаў расказаць што-небудзь пра партызанаў, якія дзейнічалі ў вайну ў навакольных лясох, у адказ найчасьцей чуў паблажліва-зьдзеклівае: "Ат, былі тут "авечнікі", пакутавалі празь іх..." Гэтая мянушка "авечнікі", надзвычай распаўсюджаная ў нашай мясцовасьці на Гарадзеншчыне, прыліпла да партызан празь іхную вялікую цікавасьць да авечак ды іншай хатняй жыўнасьці, якую яны, пагражаючы зброяй, адбіралі ў мясцовых людзей, не зважаючы ні на просьбы, ні на гаротны стан шматдзетных сем'яў, якія такім чынам пакідалі без кавалка хлеба... Для нас, дзяцей, якіх савецкая школа выхоўвала на кнігах пра гераізм партызанаў, гэтыя расповеды аднавяскоўцаў (а ім мы не маглі ня верыць) былі вялікім узрушэньнем.

І яшчэ адна заўвага да ўспамінаў бабулі Любы — да эпізоду, як акупанты-чэхі хадзілі ў мясцовую царкву. Хутчэй за ўсё, гэта былі ня чэхі, а славакі. Чэхію немцы акупавалі, а Славакія пасьля гэтага абвясьціла аб сваёй незалежнасьці. Славацкая армія ўдзельнічала ў вайне на баку Нямеччыны, у тым ліку на ўсходнім фронце. Хоць, зусім магчыма, недзе ў беларускай "глыбінцы" мясцовыя людзі ня бачылі вялікай розьніцы паміж чэхамі і славакамі: краіна ж да вайны была адзіная — Чэхаславакія.

Аўтарка наступнага (і апошняга ў сёньняшнім аглядзе) ліста Галіна Клімчык зь Менску зьвяртаецца да нас з просьбай, якая нярэдка сустракаецца і ў допісах іншых слухачоў сталага веку — тых, каму слова "інтэрнэт" падаецца далёкім, чужым і незразумелым. Спадарыня Галіна піша:

"Слухаю "Свабоду" кожны дзень раніцай і ўвечары. Усе перадачы цікавыя. А некаторыя — асабліва. Размовы з такімі людзьмі, як Зянон Станіслававіч Пазьняк, слухала б і слухала. І поўнасьцю, а не скарочана. Вы ж адсылаеце ў інтэрнэт, каб цалкам чыталі там. Але дзе ж нам, жабракам-пэнсіянэрам, узяць той інтэрнэт? Добра, што яшчэ ёсьць старыя савецкія прымачы, на якія мы проста молімся, каб хоць трохі яшчэ папрацавалі. Дык, можа, знойдзеце як-небудзь магчымасьць трансьляваць такія гутаркі ў эфіры цалкам — ну хоць бы за кошт частых паўтораў іншых перадач".

Разумеем вашы, спадарыня Галіна, клопаты і пастараемся па магчымасьці ўлічыць пажаданьні. І ўсё ж вам варта мець на ўвазе, што магчымасьці інтэрнэту значна шырэйшыя, чым эфірнага вяшчаньня. Тыя он-лайн канфэрэнцыі, якія праводзяць з карыстальнікамі інтэрнэту госьці "Свабоды", тэхнічна складана, а часам і немагчыма цалкам рэтрансьляваць у радыёэфіры.

Разумею, што людзям сталага ўзросту цяжка асвойваць новую тэхніку. Але ж вы жывяце не ў далёкай вёсцы — у Менску. Доступ у інтэрнэт тут усё больш спрашчаецца і таньнее. І калі выявіць некаторую настойлівасьць і знайсьці паразуменьне зь дзецьмі ці ўнукамі, якія маюць кампутар — вельмі можа здарыцца, што вы пераканаецеся: заходзіць на нашу старонку ў інтэрнэце не складаней (а ў сапраўднасьці — значна прасьцей), чым празь перашкоды ў эфіры шукаць радыёхвалю на старым прымачы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by