10 чэрвеня а 18 гадзіне ў Парку Дружбы народаў у Менску адбудзецца санкцыянаваны мітынг з нагоды адмены Указа №60.
Дазвол на правядзеньне мітынгу атрымалі нацыянал-бальшавікі. Старшыня грамадзкага аб'яднаньня "Рух будучыні" Марат Абрамоўскі распавёў Свабодзе, што як толькі яны даведаліся пра гэта, зьвярнуліся да нацболаў з прапановай зрабіць 10 чэрвеня грамадзянскую пляцоўку, куды будуць запрошаныя ўсе зацікаўленыя арганізацыі, "бо Ўказ №60 закранае ўсіх".
"У дадзеным выпадку задача нашага аб'яднаньня – свабода інтэрнэта – супадае з іншымі партыямі і арганізацыямі. У межах гэтай задачы мы сустракаемся на адной пляцоўцы для таго, каб прыцягнуць увагу, зрабіць першы крок і зрабіць нешта накшталт апошняга кітайскага папярэджаньня. Гэта няправільна – абмяжоўваць інтэрнэт", - распавёў Абрамоўскі.
Свой удзел на дадзены момант пацьвердзілі "Рух будучыні", нацыянал-бальшавікі і "Вольная моладзь". Магчыма, будуць удзельнічаць "Моладзь АГП" і "Правы альянс".
"Я падкрэсьліваю, гэта не палітычная акцыя, а грамадзянская, - кажа Марат Абрамоўскі. - Умоўна кажучы, гэта стварэньне інфармацыйнай нагоды для таго, каб паказаць прадстаўнікам улады, што ўжо наеліся, ужо стаміліся – хопіць. Такім чынам, таксама мы хочам данесьці шараговым карыстальнікам інтэрнэту пра нашу працу ў гэтым кірунку. Усё ж, яшчэ цэлы месяц, яшчэ ёсьць магчымасьць штосьці зьмяніць".
Калі раптам актывісты ня змогуць нічога дамагчыся, то не будуць спыняць працу, перакананы Абрамоўскі:
"У ва ўсім сьвеце інтэрнэт пазыцыянуецца як свабода – свабода думак, плюралізм. Многія параўноўваюць словы "свабода" і "інтэрнэт", лічаць, што гэта сынонімы. Для мяне дзікунствам зьяўляюцца тыя ўказы, тыя пастановы, якія на жаль у нас у Беларусі ёсьць".
Грамадзкае аб'яднаньне "Рух будучыні" ўзьнікла два гады таму ў сацыяльнай сетцы "В контакте". Летась Мін'юст зарэгістраваў аб'яднаньне.