Анкета Свабоды: Якуб Лапатка

Якуб Лапатка

Перакладчык. Нарадзіўся ў 1944 годзе на Віцебшчыне ў вёсцы Аўсюкова Расонскага раёну. Скончыў гішпанскі факультэт Менскага інстытуту замежных моваў (цяпер лінгвістычны ўнівэрсытэт). Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам у Наваполацку. Цяпер жыве ў Хэльсынкі (Фінляндыя). Займаецца перакладам фінскай літаратуры на беларускую мову. Аўтар поўнага перакладу фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала».

Што для вас свабода?


Магчымасьць рабіць сваю справу без кіруючай і накіроўваючай «дапамогі».



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Нейкія ўнутраныя тармазы. Хто называе іх самарэдактарам, хто проста ўнутраным маральным кодэксам. Апрача таго маецца цэлы шэраг зьнешніх чыньнікаў, ад мяне незалежных, пачынаючы ад раскладу цягнікоў і да надзвычайных становішч.



Што для вас шчасьце?


Некалі было абавязкова адказваць па Марксу: «Барацьба!» Я лічу, што шчасьце — гэта адсутнасьць перманентнай барацьбы нямаведама за што, кшталту барацьбы за ўраджай, за чысціню вуліц, за чысьціню розных там шэрагаў. Шчасьце, на мой погляд, — гэта спакойная і плённая праца, добрыя сябры, добрая сям’я, дабразычлівыя людзі наўкола.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Баюся застацца адзін, пакінуты усімі: сябрамі і блізкімі.



Які талент вы хацелі б мець?


Хацеў бы больш лёгка вывучаць розныя замежныя мовы, болей лёгка сыходзіцца зь людзьмі ды мець яшчэ шмат якія талент — аднаго таленту чалавеку заўсёды мала.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Зараз нікім. У маладосьці я захапляўся Чэ Геварам. Пасталеўшы, я перастаў ім захапляцца, але не перастаў шанаваць. Таму што гэты чалавек свае экспэрымэнты праводзіў у першую чаргу на сабе. І ніколі ня браў закладнікаў дзеля дасягненьня сваіх мэтаў, не кажучы ўжо аб выкупе. У гэтым ягоная карэннае адрозьненьне ад розных сучасных франтоў ды арганізацый вызваленьня таго-сяго. А такіх славаблудных халяўшчыкаў, на жаль, разьвялося зашмат.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Вывучаць замежныя мовы і чытаць кнігі. Праўда, ужо не мастацкія. Дакладней, не ўсе мастацкія.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Цяжка сказаць. Часам так шмат хацелася б зьмяніць, што лепей ня стаў бы мяняць нічога. Таму пакінем гэта на волю Бога.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Напэўна займацц,а апрача іншых моваў, мовай фінскай. Гэтую параду мне далі У. Арлоў, Л. Баршчэўскі, С. Сокалаў (тады яшчэ ня Воюш).



Які ваш улюбёны дэвіз?


Робіш — ня бойся, баішся — не рабі!



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Скандынаўскі сацыялізм, калі няма галодных, выгнаных з хатаў людзей, калі людзі не баючыся ходзяць па вуліцах у любы час дня і начы. Калі закон аднолькавы для ўсіх: ад прэзідэнта да беспрацоўнага.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У маленькай утульнай краіне, жыхарам якой няма патрэбы лажыцца пад танкі, абараняючы чужыя рубяжы. У краіне, якая на першае месца ставіла б дабрабыт і здароўе сваіх жыхароў, а не інтарэсы нейкіх «любых сяброў і братоў». Спадзяюся, што з цягам часу Беларусь будзе такой краінай.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Пытаньне для няўдачнікаў. Часам людзі думаюць, што во тады ці тады я б паказаў! Я стаў бы мільянэрам, вялікім палкаводцам, вялікім кіраўніком і г.д. Патрэбнае падкрэсліць. А на самой справе ня стаў бы ты нікім большым, чым у сваю эпоху. Вінаваціць эпоху ды абставіны ня варта. А выбраць — немагчыма. Таму я лічу гэтае пытаньне крыху няўцямным.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Наладзіў бы добрую адукацыю. Не хапіла б свайго досьведу — паглядзеў бы навокал. Прыклады ёсьць пад бокам. Адсюль была б і навука, прычым не такая, якой ставяць заданьні кшталту: тры эпахальныя адкрыцьці, дзесяць глябальных, дваццаць лякальных і сорак практычных. І ўсё за адну пяцігодку, прычым датэрмінова. Адукацыя — падмурак дабрабыту.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Адносіны павінны быць добразычлівымі. Разьвіваць супрацоўніцтва. І не спадзявацца, што Эўразьвяз будзеўувесь час нейкай бяздоннай халявадайнай дзежкай. Апрача Беларусі ў яго хапае свайго галаўнога болю: карміць натоўпы нахлебнікаў, якія прыехалі падхарчыцца на халяву, сваіх беспрацоўных, вялізную зграю ненажэрнай эўрабюракратыі, плюс яшчэ краіны -банкруты ды краіны-даяры з Усходняй Эўропы. Таму не заўсёды беларускаму «анфанту тэрыблю» будуць даравацца ягоныя выбрыкі. Эўразьвяз — ня добры дзядзька пры наравістым падлетку. Абавязкова трэба мець на ўвазе, што Эўразьвяз — палітыка-эканамічная хімера. Няўклюдны кангламэрат краінаў з процілеглымі інтарэсамі. Без эфектыўнага кіраваньня і без будучыні. Таму трэба болей завязвацца на двухбаковыя адносіны паміж краінамі-сябрамі Зьвязу ды Беларусьсю.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Вельмі насьцярожаныя. Не абавязкова выступаць супраць, але і не дазваляць «старэйшаму брату» гаспадарыць у хаце. Памятаць, шт Расея — гэта краіна, у якой ідзе паўнамаштабная грамадзянская вайна. Памятаць, што пад рыторыкай аб сяброўстве і братэрстве народаў не хаваецца нічога, апрача прагнага твару хеўры, для якой не існуе ні законаў, ні нават правілаў вулічнага руху. На жаль, падтрымліваць дзяржаўныя адносіны даводзіцца не з простымі людзьмі, якія ставяцца да беларусаў зь вялікай сымпатыяй, а з рэжымам, які кіруе вялізнай краінай па прынцыпу «Пасьля нас хоць патоп!»

Памятаць, што і Беларусь можа патануць разам з Расеяй.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


У краіне павінна быць адна дыктатура: дыктатура закону і маралі. Калі такога няма, дык бяз розьніцы. «Беспредельщики» ня маюць нацыянальнасьці.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Ня хутка. Я, напрыклад, не спадзяюся дажыць да таго.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


У канцы васьмідзесятых-на пачатку дзевяностых гадоў беларусізацыя ішла даволі пасьпяхова. І нават карысталася сымпатыяй у людзей. Магу толькі сказаць, што цяпер беларусы загавораць па-беларуску ня хутка. Толькі калі пачнецца абавязковае выкананьне Закону аб мовах. Ён, вядома, недасканалы, але і яго не выконваюць. У Законе напісана, што дзяржаўныя чыноўнікі ПАВІННЫ ведаць беларускую мову ў аб’ёме, неабходным для вядзеньня спраў на ёй. Дзе тая абавязковасьць?Толькі калі беларусы пакінуць лічыць сябе недаразьвітым народам. А гэта з усяе сілы падтрымлівае наш «старэйшы брацейка»: гаварыць па-беларуску —агалцелы нацыяналізм, а толькі па-расейску — прыкмета высокай культуры. Калі беларусы ўсьведамяць, што бяз мовы яны ніхто, так нейкая этнаграфічная здань.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Нічога асаблівага. Беларусы зьнікнуць— і ўсё. Будзе чарговы «Северо-Западный» край з адметным дыялектам. Будзе выдатная літаратура на мёртвай мове. Будзе страчаная, зьмярцьвелая культура — матэрыял для навуковых экзэрцысаў. А на целе сусьветнай культуры застанецца вялікі шнар, бо страта нават нязначнай па колькасьці носьбітаў мовы — гэта вялікая страта для ўсясьветнай культуры. І на жаль, беларусы тут наперадзе планеты ўсёй, уяўляючы сабой безнацыянальны і бязмоўны ўнікум.