Актывісты кампаніі «Гавары праўду» пішуць скаргі ў пракуратуру адносна адабраных міліцыяй асабістых грошай. Але некаторых зь іх адрасуюць зноў у міліцыю. Што рабіць, калі падчас ператрусу забралі апошнія грошы?
Адна з актывістак кампаніі «Гавары праўду», у якой адабралі грошы, сабраныя на апэрацыю, цяпер ляжыць у шпіталі. Жанчына сказала, што ня хоча, каб пра яе хваробу стала шырока вядома. Жадаю суразмоўцы выздараўленьня і разьвітваюся.
Другая актывістка, Ніна Пахлопка, ня супраць распавесьці сваю гісторыю. Спадарыня Пахлопка працуе намесьніцай кіраўніка дасьледчай установы «Движение вперёд», якая і праводзіла грамадзкую кампанію «Гавары праўду». 18-га траўня пасьля ператрусу ў офісе Ніну Пахлопку павезьлі дадому, дзе таксама ўсё абшукалі. Акрамя дакумэнтаў, кампутара, які не працуе, і электронных носьбітаў інфармацыі забралі ўсе грошы, якія знайшлі ў доме, кажа спадарыня Пахлопка:
Забралі 4550 даляраў, якія дачка зьбірала, у тым ліку на аздараўленьне дзіцёнка. Нават даведку паказвалі пра гэта, але ніякія аргумэнты не падзейнічалі.
«Ператрус быў вельмі старанны. Шукалі-шукалі, і ў выніку забралі 4550 даляраў, якія дачка зьбірала, у тым ліку на аздараўленьне дзіцёнка. Нават даведку паказвалі пра гэта, але ніякія аргумэнты не падзейнічалі. Усё забралі».
Ніна Пахлопка ўжо некалькі разоў была ў Ленінскім райаддзеле міліцыі Менску, дзе вядуць справу «Гавары праўду», пыталася пра рэчы і грошы. Паводле жанчыны, начальнік райаддзелу і начальнік сьледчай управы, да якіх яна спрабавала прайсьці, адмаўляюцца зь ёй размаўляць. Дачка Ніны Пахлопкі Анастасія 2 чэрвеня таксама будзе спрабаваць сустрэцца з гэтымі міліцыянтамі:
«Сёньня, як яна мне па тэлефоне паведаміла, зьбіраецца з даведкай ісьці да начальніка РАУС, бо ў Мінздраве ёй, магчыма, выдзеляць пуцёўку на аздараўленьне дзіцяці».
Паводле Мікалая Пахабава, гісторыі з адабранымі ашчаджэньнямі можа распавесьці кожны з больш як 20 актывістаў кампаніі «Гавары праўду», у якіх рабілі ператрусы:
Забралі нават грошы — 50 эўра з кашалька, хаця там быў чэк, што куплены гэтыя эўра на беларускія грошы ў банку.
Ці дамагаецца актывіст вяртаньня грошай? Міхаіл Пахабаў кажа, што на скаргу ў пракуратуру атрымаў адказ:
«Прыйшоў адказ, што скарга будзе разгледжаная ваша, але пакуль нічога няма. А сьледчая Юхневіч, якой было даручана праводзіць сьледчыя дзеяньні, нічога ня кажа, акрамя „зьвяртайцеся вышэй“. Карацей, адварочваюцца ад нас».
У гарадзкой пракуратуры сытуацыю не камэнтуюць, спасылаючыся на тое, што сьледзтва яшчэ не завершанае.
Як сябе паводзіць, калі падчас ператрусу забіраюць усе сабраныя грошы? Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што перашкаджаць міліцыянтам нельга, бо за гэта можна патрапіць пад адказнасьць. Праваабаронца наракае на недасканалы беларускі закон, які дазваляе вельмі шырока трактаваць неабходнасьць ператрусу:
«Пры чым тут грошы, якія знаходзяцца ў нейкага чалавека ў хаце? Якое яны маюць дачыненьне да справы, якая расьсьледуецца? На маю думку — ніякага, таму такія дзеяньні немагчыма прызнаць абгрунтаванымі».
Нагадаем: згодна з прэс-рэлізам МУС, адносна кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» заведзеная справа паводле 250-га артыкула Крымінальнага кодэксу — «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі». Паводле міліцыянтаў, справу завялі на падставе заявы камэрсантаў са Смаленску, якія кажуць, што іх дадзеныя былі незаконна зьмешчаныя на друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду». Між тым кіраўніцтва «Гавары праўду» заяўляе, што ў друкароў са Смаленску нічога не замаўлялі.
Ператрусы ў офісе «Гавары праўду» і на кватэрах актывістаў кампаніі ў Менску і рэгіёнах краіны адбываліся 18-19 траўня. З 18 па 21 траўня актывісты кампаніі паэт Уладзімер Някляеў, журналісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў адседзелі ў менскім ізалятары на Акрэсьціна. У справе яны былі названыя падазронымі, між тым абвінавачаньня дагэтуль нікому ня выставілі.