Дзяржаўная рэгістрацыя ўсіх інфармацыйных сетак, сыстэмаў і рэсурсаў нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту будзе праходзіць бясплатна.
Разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя сыстэмы ды сеткі неабходна зарэгістраваць да 1 ліпеня 2010 году.
Забясьпечыць дзяржрэгістрацыю рэсурсаў даручана Мінсувязі, якое дэлегавала функцыі рэгістратара Дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (БелДзІЭ). Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на Мінсувязі.
Рэгістрацыяй вымушаныя заняцца пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг — хостынгавыя кампаніі і інтэрнэт-правайдэры. Пры гэтым працэс рэгістрацыі прапануецца ажыцьцяўляць на падставе анкеты заяўніка, якая складаецца больш чым з 30 пунктаў.
Раней было вызначана, што рэгістрацыя інтэрнэт-сайтаў будзе платнай. Меркавалася, што аднаразовая рэгістрацыя будзе каштаваць 16800 рублёў з ПДВ.