Анкета Свабоды: Аляксей Фралоў

Аляксей Фралоў

Музыка, саліст ансамблю «Клясык-авангард», стваральнік і кіраўнік трыа «Вытокі», аўтар шматлікіх дэмакратычных і культурных ініцыятываў, краязнаўца. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Менску. Закончыў музычны ліцэй пры Белдзяржкансэрваторыі, а потым, у 1998 годзе, і кансэрваторыю ў клясе фаготу. Аляксей Фралоў — першы беларускi фагатыст, якi атрымаў прызнаньне на прэстыжных заходнеэўрапэйскiх конкурсах як выканаўца-салiст. Жыве ў Менску.



Што для вас свабода?


У вечным вымярэньні гэта тое, што Хрыстос даў веруючым у Яго:

свабоду ад граху і д’ябла, ад сьмерці і пекла, свабоду выбіраць добрае і высакароднае, а не адваротнае. Свабода ў дачасным жыцьці — магчымасьць нармальна жыць і разьвівацца ў тых кірунках, да якіх схільная душа і розум, магчымасьць уладкоўваць жыцьцё навокал згодна са здаровым сэнсам і агульнымі інтарэсамі грамадзтва, магчымасьць незалежна думаць і казаць, магчымасьць зьбірацца, перамяшчацца, выбіраць. Свабода штохвіліны — магчымасьць прымаць рашэньні не пад уціскам, але згодна свайго разуменьня і волі, улічваючы правы, жаданьні і патрэбы бліжніх і суадносячы іх з Воляй Божай. Каротка кажучы, свабода — бясцэнны дар Божы.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Шматлікія працы і абавязкі, клопаты і турботы, недахоп грошай і нястача часу ў сёньняшнім вірлівым сьвеце.



Што для вас шчасьце?


Здароўе цела і духа свайго і блізкіх, мір у сэрцы, сустрэча з чымсь цудоўным.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Страху таго, чаго можна збаяцца. А яшчэ — будаўніцтва АЭС у Беларусі.



Які талент вы хацелі б мець?


Мудрасьць.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Добрымі, сумленнымі людзьмі, што сустракаюцца на маім шляху або ў полі зроку.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Вандраваць.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Пастараўся б ніколі не засмучаць маіх родных.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Прызнаць Хрыста сваім Госпадам.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Жыве Беларусь! Жыве з Богам!



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У парлямэнцкай рэспубліцы, у дэмакратыі, але дзе кіруюць не прайдзісьветы ды кар’еровічы, а сумленныя, адданыя Радзіме і народу людзі.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У незалежнай і вольнай Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У 1991-1994 гады — эпоху надзеі і пэрспэктываў.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Вярнуў бы гістарычную сымболіку, сапраўдны статус беларускай мове, наладзіў нармальныя стасункі з цывілізаванымі краінамі, перавёў бы большасьць выдаткаў са спорту высокіх дасягненьняў і ад спэцслужбаў на мэдыцыну, сацыяльную дапамогу, адукацыю і культуру.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Стаць сябрам Эўразьвязу і Шэнгенскай дамовы.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Раўнапраўныя і добрасуседзкія (што залежыць ад абодвух суседзяў), а не «братэрскія». Беларусы — балта-славяне — не браты расейцам (угра-фіна-славяна-цюркам з мангола-татарскімі генамі). Гісторыя толькі пацьвярджае гэта.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Яна не свая, а яго …



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Калі народ гэтага вельмі-вельмі захоча.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Сьвядомыя — калі перастануць баяцца і хавацца, абыякавыя — калі адчуюць кан’юнктуру.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Канец беларускага народу, нашага з Вамі народу. Ратуй нас Божа ад такога!