Ці знайшлі “разьвязкі” Лукашэнка і Шувалаў?

Ігар Шувалаў

Пытаньні фармаваньня Мытнага саюзу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сёньня абмеркаваў зь першым віцэ-прэм’ерам Расеі Ігарам Шувалавым.

Папярэдняя сустрэча Лукашэнкі з Шувалавым, які ўзначальвае камісію Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі, адбылася на пачатку красавіка. Тады абмяркоўваўся запуск Мытнага саюзу з 1 ліпеня. Аднак у сувязі з тым, што Расея не пайшла на саступкі і не скасавала экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты, Беларусь адмовілася ад удзелу ў перамовах 28 траўня ў Пецярбургу і не падпісала Мытны кодэкс. Паводле першага віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Сямашкі, Расея нават не пагадзілася адмяніць мыта хаця б ад 1 студзеня 2011 году. Пасьля таго як Мытны саюз запусьцілі Расея і Казахстан безь Беларусі, у Менск зноў прыехаў Ігар Шувалаў. Яго да Аляксандра Лукашэнкі накіравалі прэзыдэнт і прэм’ер Расеі, каб абмеркаваць наступствы рашэньняў аб фармаваньні Мытнага саюзу і выкласьці пазыцыю расейскага боку, у тым ліку і наконт экспартнага мыта, абмеркаваць «адчувальныя» для беларускага боку пытаньні і знайсьці «магчымыя разьвязкі».

Са свайго боку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь, Казахстан і Расея могуць дамовіцца пра два-тры пытаньні ў рамках Мытнага саюзу, якія зьяўляюцца адчувальнымі. Маўляў, «калі ўсё будзе прыстойна», пры наяўнасьці раўнапраўя і павагі, Беларусь пойдзе «на любыя кампрамісы, саступкі, нават калі яны на нейкі пэрыяд будуць цяжкаватымі і адчувальнымі». Ён заявіў пра гатоўнасьць абмеркаваць любыя праблемы.

Калі ўжо сустрэча скончылася, у прэзыдэнцкай прэс-службе не падавалі інфармацыі пра яе вынікі. Аднак кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі ня выключыў, што пазьней такая інфармацыя можа зьявіцца.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў, што праз Шувалава кіраўніку Беларусі, па сутнасьці, перадалі «чорную метку»:

Тое, што прыехаў Шувалаў, сьведчыць пра тое, што ўжо скончыліся дыпляматычныя гульні, а пачаўся жорсткі дыялёг.
«Тое, што прыехаў Шувалаў, а ня нейкія іншыя асобы, сьведчыць пра тое, што ўжо скончыліся дыпляматычныя гульні, а пачаўся жорсткі дыялёг праз пасярэднікаў, якія нават ня маюць права, каб весьці перамовы, а толькі пераказаць інфармацыю. Такі візыт, каб яшчэ раз праінфармаваць спадара Лукашэнку, што жарты скончыліся, Крэмль ужо не жартуе. І што будуць наступствы. Калі ён яшчэ раз паспрабуе шантажаваць Расею, то Расея будзе яшчэ больш жорсткая. Але і так Крэмль паспрабуе выкарыстаць эканамічную сытуацыю, каб паўзьдзейнічаць на рэжым і яшчэ больш заціснуць гайкі найперш праз эканоміку, праз нафту, газ, доступ да рынку».

Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, Расея ня пойдзе на саступкі ў справе экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты. Аднак беларускі ўрад не ўзгадніў пазыцыі па астатніх «мытных» пунктах. Пасьля таго як Расея і Казахстан падпісалі мытнае пагадненьне, афіцыйны Менск апынуўся ў менш выгадным становішчы:

«Нейкая рамка пагадненьня сфармавана Расеяй і Казахстанам. Беларусь ужо можа далучацца ці не. Гэта ўжо страта і ня тая пазыцыя, якая дазваляе выпрацоўваць стартавыя ўмовы. Гэта ўжо трэці, які далучаецца, якому прапануюць — альбо падабаецца, альбо не, сядай ці не сядай. Гэта слабей, чым калі Беларусь адпачатку заставалася ў заснавальніках Мытнага саюзу».