Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі “мытнага саюзу “два-з-паловай” – канец ці не канец?


На мінулым тыдні прэ’мер Беларусі Сяргей Сідорскі адмовіўся ехаць у Санкт-Пецярбург на нараду з кіраўнікамі ўрадаў Расеі і Казахстану наконт мытнага саюзу. На дэмарш беларускага прэм’ера Масква адказала контр-дэмаршэм – было абвешчана, што Расея і Казахстан створаць мытны саюз “на дваіх”, а Беларусь далучыцца, калі захоча.

Гэтае рашэньне мы папрасілі пракамэнтаваць беларускага эканамічнага экспэрта Сяргея Чалага і дырэктара расейскага Міжнароднага інстытуту эканамічнай экспэртызы Яўгена Мінчанку.

Дракахруст:
Як гэты “двух-з-паловай” мытны саюз можа існаваць тэхнічна? Справа ў тым, што Беларусь часткова ўжо зараз ў мытны саюз узору 2009 году уваходзіць, менавіта ў Менску летась А.Лукашэнка, Д.Мядзьведзеў і Н.Назарбаеў падпісалі адпаведныя дакумэнты. Да таго ж існуе, пры ўсіх яго асаблівасьцях, мытны саюз Беларусі і Расеі ўзору 1995 году. Як гэта будзе спалучацца з мытным саюзам толькі Казахстану і Расеі?

Беларусі ад пачатку не было чаго рабіць у гэтым саюзе. І тое, што адбылося: наш няўдзел і ўдзел Расеі і Казахстану – гэта эканамічна найлепшы вынік
Чалы:
Сапраўды, тут прысутнічаюць два мытныя саюзы: Беларусі з Расеяй і Расеі з Казахстанам. Але справа ў тым, што мытны саюз Расеі з Казахстанам, строга кажучы, мытным саюзам не зьяўляецца, гэта толькі пагадненьне аб падзеле імпартнага мыта (ня экспартнага нават). Эканамічны сэнс такога аб'яднаньня даволі зручны для Расеі і Казахстану, бо іх эканомікі даволі падобныя, абедзьве краіны займаюцца экспартам сыравінных рэсурсаў. Для іх гэтае пратэкцыянісцкае ўтварэньне мае сэнс. А Беларусі ад пачатку не было чаго рабіць у гэтым саюзе. І тое, што адбылося: наш няўдзел і ўдзел Расеі і Казахстану – гэта эканамічна найлепшы вынік. Як гэта будзе аформлена юрыдычна – для мяне загадка. Мяркую, што і самі расейцы ня надта разумеюць, што гэта такое – ствараць мытны саюз пры наяўнасьці іншага.

Я думаю нармальна гэты саюз будзе функцыянаваць і ў такім выглядзе
Мінчанка:
Я думаю нармальна гэты саюз будзе функцыянаваць і ў такім выглядзе. Я мяркую, што паступова мы прыйдзем да інтэграцыі Беларусі ў гэты мытны саюз. Гэта толькі пытаньне часу. У дакумэнтах па мытным саюзе ёсьць некалькі складнікаў. Тое, што было падпісанае ў Піцеры на мінулым тыдні, гэта паглыбленьне пагадненьняў, падпісаных раней. Я мяркую, што непрыезд Сідорскага на сустрэчу прэм'ераў дзьвюх краін, не адмяняе тое, што Беларусь падпісвала летась па мытным саюзе. Фармат рознахуткаснай інтэграцыі стаў ужо фірмовай "фішкай" на постсавецкай прасторы. Мой калега Андрэй Ермалаеў называе гэта “эўразійскай матрошкай”. Ёсьць ЭўрАзЭС, ёсьць СНД, ёсьць мытны саюз, нарэшце, ёсьць саюзная дзяржава Беларусі і Расеі. Я думаю, што нічога страшнага тут няма. Гэтая сытуацыя з рознахуткасным рухам стала ўжо звыклай.

Дракахруст: А калі казаць пра паліт-эканамічны бок? Пасьля рашэньня пра мытны саюз двух беларускі ўрад заявіў, што Беларусь па-ранейшаму зацікаўленая ў членстве ў такім саюзе. Можа, рашэньне Масквы – проста сродак ціску на Менск, маўляў, ня думайце, што гэта нам трэба больш, чым вам, і што мы, Расея, будзем нешта вам плаціць за ўдзел ва ўзаемавыгадным саюзе? І можа ўсё ж Беларусь даціснуць?

Чалы: Гэта ня выключана. Але па-ранейшаму галоўным матывам нашага ўдзелу ў мытным саюзе застаецца магчымасьць атрымліваюць расейскую нафту і нафтапрадукты бяз зьнешняга мыта. У любым іншым выпадку ўсялякі інтарэс страчваецца, мы толькі нясем выдаткі ад гэтага аб'яднаньня. І пакуль гэтае мыта ня будзе зьнятае... Які тут яшчэ можа быць ціск, акрамя таго, што Расея даўно разьвяла гэтыя два пытаньні – энэргетычнага супрацоўніцтва і мытнага саюзу. І зьвязаць ёй гэтыя два пытаньні – гэта абвергнуць усю тую рыторыку, якая гучала на працягу паўгода. Зь іншага боку, у прапанове нашага боку, што мы ўсё яшчэ зацікаўленыя ў мытным саюзе, калі яго ўважліва чытаць, дакладна сфармуляваная пазыцыя: мытны саюз павінен найперш забясьпечваць свабоду гандлю паміж краінамі-чальцамі, а ўжо потым рэгуляваньне стасункаў з трэцімі краінам. Паколькі гэтага не адбываецца, то і няма згоды Беларусі. А правільна збудаваны мытны саюз у інтарэсах усіх – і Беларусі, і Казахстану, і Расеі.

адным са шляхоў вырашэньня гэтай праблемы можа быць канчатковая прыватызацыя беларускага нафтаперапрацоўчага комплексу. Калі там будуць расейскія кампаніі, прычым дзяржаўныя кампаніі, відаць, можна будзе неяк патлумачыць гэтыя саступкі па мыце
Мінчанка:
Я ня бачу падставаў, каб Расея тут саступала. Толькі напачатку году дамовіліся, канфліктная сытуацыя была вырашаная. Беларусь падала пазоў у эканамічны суд СНД, ён там будзе доўга разглядацца. Паступова ўсё гэта будзе адбывацца. Я мяркую, што па роўнадаходным цэнам па газу ў нас усё будзе нармальна. Усё роўна ў Расеі цэны паступова падцягваюцца да сусьветных мінус мыта. Гады праз 2-3 цэны Расеі і Беларусі будуць такімі ж, як сусьветныя мінус мыта. Па нафце праблема ня толькі ў страце даходаў, а ў тым, што адбываецца нездаровая канкурэнцыя Расеі і Беларусі на зьнешніх рынках, калі нашы беларускія партнэры, выкарыстоўваючы расейскую нафту, выходзяць з нафтапрадуктамі, зробленымі зь яе, на зьнешнія рынкі, дзе дзейнічае і расейскі бізнэс, і дэмпінгуюць па цане. Я не выключаю, што адным са шляхоў вырашэньня гэтай праблемы можа быць канчатковая прыватызацыя беларускага нафтаперапрацоўчага комплексу. Калі там будуць расейскія кампаніі, прычым дзяржаўныя кампаніі, відаць, можна будзе неяк патлумачыць гэтыя саступкі па мыце. Інакш я ня бачу ў гэтым сэнсу.

Дракахруст:
Ці ня могуць зараз расейцы, пры такой упартай пазыцыі Менску, пачаць скарачаць існыя форму інтэграцыі – паставяць паўнавартасную мытную мяжу, пачнуць уводзіць абмежаваньні доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак? Беларусь змагаецца за тое, каб ўся нафта, якая паступае ў Беларусь з Расеі, а ня толькі 6.3 млн. тон, не абкладалася мытам. Але Расея можа увесьці абкладаньне мытам усёй нафты, калі Беларусі не даспадобы мытны саюз.

Цяперашняя сытуацыя, калі яны заключаюць мытны саюз двух, але кажуць, што пакідаюць нам адчыненымі дзьверы, а мы кажам, што мы за – гэта зручны кампраміс, зь якога зразумела, што гэты праект пахаваны, але ўсе могуць захаваць твар
Чалы:
Так ці інакш, змаганьні яшчэ будуць, хаця б па газе, бо напрыканцы гэтага году сканчаецца трохгадовае пагадненьне. Калі Расея будзе дамагацца паўнавартаснага мытнага саюзу з Казахстанам, у што мне ня надта верыцца, то тады безумоўна Расеі давядзецца ўводзіць паўнавартасную мытную мяжу зь Беларусьсю. Але па-прапагандысцку Расеі будзе вельмі цяжка гэта патлумачыць. Ва ўсіх выпадках атрымліваецца, што Расея сама падрывае інтэграцыйныя праекты. Бо нашая пазыцыя бездакорная і з эканамічнага, і зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Невыпадкова пададзены пазоў у эканамічны суд СНД, бо Расея сама падстаўлялася. Расеі давядзецца несьці рэпутацыйныя страты, бо стане відавочна, што гэта была не інтэграцыя, а спроба інкарпарацыі, якая суправаджалася эканамічным ціскам. Цяперашняя сытуацыя, калі яны заключаюць мытны саюз двух, але кажуць, што пакідаюць нам адчыненымі дзьверы, а мы кажам, што мы за – гэта зручны кампраміс, зь якога зразумела, што гэты праект пахаваны, але ўсе могуць захаваць твар.

Мінчанка: Не, я думаю, што гэтага ня будзе. Усё роўна асноўная канцэпцыя – гэта максымальная інтэграцыя, нягледзячы на ўсе праблемы, якія існуюць, у тым ліку і ў асабістых адносінах лідэраў. Тут важна прайсьці спакойна гэты электаральны цыкл, прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Пасьля гэтага некаторыя пытаньні будуць вырашацца прасьцей. Бо Аляксандру Рыгоравічу, зразумела, трэба чарговы раз дэманстраваць сябе, як жорсткага, прынцыповага абаронцу нацыянальных інтарэсаў. Пройдуць выбары, гэтая неабходнасьць стане крыху менш і можа будзе размаўляць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG