Цана санкцыяў

Як ужо інфармавала Радыё Свабода, Міністэрства фінансаў ЗША чарговым разам падоўжыла рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» — адкрытага акцыянэрнага таварыства «Лякафарба» ў Лідзе і «Полацак-Шкловалакно».
Да 30-га лістапада гэтага году амэрыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі. У той жа час уласнасьць ААТ «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» на тэрыторыі ЗША застаецца заблякаванай згодна з адпаведным распараджэньнем амэрыканскага ўраду.

Якім чынам зьмякчэньне сытуацыі ўплывае на цяперашнюю працу беларускіх прадпрыемстваў? Адказы на пытаньне высьвятлялі нашы рэгіянальныя карэспандэнты.

ЛІДА


«У нас справы, як паўсюль у краіне…»

Паводле дадзеных адміністрацыі лідзкай «Лякафарбы», прадпрыемства цяпер не пастаўляе сваю прадукцыю на рынак ЗША.

Сёньня лідзкае адкрытае акцыянэрнае таварыства «Лякафарба» адзначае Дзень хіміка і 45-годзьдзе прадпрыемства. Дырэктар прадпрыемства Іван Сідараў на пытаньне карэспандэнта «Свабоды» адказаў так:

«Я нічога не магу гаварыць, бо сёньня ня маю часу. У нас сёньня сьвята, і я многае павінен пасьпець зрабіць да афіцыйнай часткі. Таму ў нас на прадпрыемстве ўсё добра».

Без камэнтару пакінуў дырэктар і навіны з ЗША:

Гэта толькі палітычны крок, вы што, пра гэта ня ведалі?
«Ды не пастаўляем мы туды сваёй прадукцыі, і яны ніякага ўзьдзеяньня на нас ня маюць. Гэта толькі палітычны крок, вы што, пра гэта ня ведалі?»

Меркаваньні рабочых не супадаюць з перакананасьцю дырэктара:

«Прымушаюць пісаць заявы, каб мы адмаўляліся ад акцый прадпрыемства, за якія апошнім часам наагул капеечныя дывідэнды плацілі. Ніхто нават з рабочых ня ведае, ці наша прадпрыемства працуе з прыбыткам, ці яно стратнае. Дый заробкі цяпер значна ніжэйшыя, чым раней».

Яшчэ адзін рабочы дадае, што заробак нібыта падвысілі на 10%, а кошты за гэты час павялічыліся ў некалькі разоў. Дывідэндаў жа за леташні год ён атрымаў 7 тысяч рублёў. Да ўсяго, на прадпрыемстве, зь яго слоў, не даюць спакою ідэолягі.

Спадар: «Ды ўсякая ерундовіна: вось як выбары былі, дык вучылі, як галасаваць, амаль адкрытым тэкстам казалі, за каго голас аддаваць. Карацей, у нас паўсюль, як і ўва ўсёй краіне».

ПОЛАЦАК


Узьдзеяньне санкцый адміністрацыя «Полацак-Шкловалакно» сьпісвае на крызіс

На прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» працуюць 4,5 тысячы чалавек. Раней замовы для ЗША былі выгадныя калектыву, бо амэрыканскім партнэрам заўжды адпраўлялі самую дарагую, высокатэхналягічную шклотканіну. І гэта прыносіла добрыя прыбыткі.

Актывіст свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах працуе на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» ў цэху № 7, дзе вырабляюць шкланітку. Суразмоўца кажа, што да 2007-2008 гадоў, пакуль ЗША не ўвялі санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад «Белнафтахіму», у рабочых «Полацак-Шкловалакна» было болей пэрспэктываў — прынамсі, штогод ім падвышалі заробкі прыкладна на 70 даляраў.

Аднак летась сярэдні заробак даляраў на 100 зьнізіўся, кажа Мікола Шарах:

«Да 2008 году мы сапраўды жылі лепей, але цяжка зьвязаць пагаршэньне менавіта з амэрыканскімі санкцыямі, бо паўсюль крызіс. Пагатоў, у нас заробак большы за мільён рублёў, гэта для правінцыйнага гораду заробак добры, і таму ніякіх пратэстаў няма — людзі баяцца, каб ня страціць тое, што яшчэ ёсьць. І людзі ў нас не разумеюць гэтых санкцый. Кажуць: калі там нешта было з Казуліным, то чаму, да прыкладу, ня трактарны завод у Менску цярпіць, а полацкае «Шкловалакно»?

Патлумачыць работнікам сэнс уведзеных санкцый адміністрацыя не хацела раней і не зьбіраецца цяпер. «Шматтыражка» прадпрыемства «Працоўная зьмена» ні разу пра гэта не напісала, і даведацца пра ўвядзеньне, а потым зьмякчэньне санкцый рабочыя могуць толькі зь бюлетэню вольнага прафсаюзу «Стекляшка».

Ні ў газэце, ні адміністрацыя — нідзе не казалі, што нехта нам нейкія санкцыі ўвёў.
На думку яшчэ аднаго прафсаюзнага актывіста, Віктара Стукава, адміністрацыя прадпрыемства знарок ня згадвае пра санкцыі ЗША — бо гэта палітычная справа, і спакайней, каб рабочыя пра яе ня ведалі:

«Ні ў газэце, ні адміністрацыя — нідзе не казалі, што нехта нам нейкія санкцыі ўвёў. Як кажа наш генэральны дырэктар: „Навошта бударажыць працоўны калектыў, гэта ж палітыка!“ Гэта палітычныя крокі, а пра палітыку ў нас гаварыць ня любяць. Пра палітыку ў нас згадваюць толькі тады, калі выбары і трэба ўсім ісьці галасаваць. А калі што дрэннае, дык маўчаць».

Пасьля таго, як пра санкцыі напісаў бюлетэнь свабоднага прафсаюзу і калі з інтэрнэту хто-ніхто даведаўся апошнія навіны — пра тое, што прынятае ў лютым 2009 году рашэньне пра зьмякчэньне санкцый прадоўжана, — меркаваньні ў рабочых зьявіліся такія.

«Водгукі людзей такія. Маўляў, каб амэрыканцы хацелі ўвесьці эфэктыўныя санкцыі, то трэба было абіраць больш магутнае прадпрыемства, каб насамрэч быў эфэкт — нейкія праблемы ва ўладаў. А наша прадпрыемства, можа, і ўваходзіць у сотню найбуйнейшых у Беларусі, але на стан эканомікі дужа не ўплывае», — разважае Мікола Шарах.

Даведка «Свабоды»
У лістападзе 2007 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім» у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, а ў сакавіку 2008 году пашырылі іх на ўсе прадпрыемствы «Белнафтахіму».

У верасьні 2008 году ў дачыненьні да двух ААТ — «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» Мінфін ЗША на паўгода зьмякчыў санкцыі. У лютым 2009 году дзеяньне гэтага рашэньня было падоўжана да 1 чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 году.

Днямі зьмякчэньне санкцыяў у дачыненьні да двух згаданых прадпрыемстваў «Белнафтахіму» было падоўжана яшчэ на паўгода — да 30 лістапада 2010 году.