А.Міхалевіч: Ня бачу сэнсу абіраць адзінага кандыдата

Палітык Алесь Міхалевіч заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах і 27 траўня ў Менскай ратушы прэзэнтаваў сваю каманду і праграму. Сярод іншага ён выступае за прыватную ўласнасьць на зямлю, скасаваньне абласьцей і ўвядзеньне паветаў, адмову ад будаўніцтва АЭС і вытворчасьці пладовых він. 27 траўня Алесь Міхалевіч быў госьцем “Начной Свабоды”.

Сяргей Абламейка
: У інтэрвію нашаму карэспандэнту вы заявілі, што ня будзеце весьці перамоваў зь іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Гэта значыць – вы ніякім чынам ня будзеце браць удзелу ў магчымым працэсе абраньня адзінага апазыцыйнага кандыдата? Я правільна вас зразумеў? Калі так – то чаму?

Алесь Міхалевіч: Я не бачу сэнсу абіраць адзінага кандыдата за паўгода да выбараў. Ёсьць вялікая верагоднасьць, што менавіта столькі часу да выбараў і засталося. Я заўсёды выступаў за тое, каб адзіны кандыдат быў абраны максымальна задоўга да выбараў, мінімальна за два гады. На маё меркаваньне, палітычнага кандыдата павінны абіраць палітычныя партыі і структуры, якія маюць людзей ў рэгіёнах, якія маюць падтрымку, якія маюць магчымасьць сабраць 100 тысячаў подпісаў. На сёньняшні дзень палітычныя партыі ня здолелі вылучыць адзінага кандыдата, а ўсе астатнія вылучэньні, перамовы паміж кандыдатамі, будуць проста перамовамі паміж людзьмі, якія проста заявілі аб сваім вылучэньні і за якімі абсалютна не гарантавана, што стаіць што-небудзь сур'ёзнае.

У той жа самы час зразумела, што я буду весьці перамовы зь іншымі кандыдатамі па іншых пытаньнях. Гэта магчыма, напрыклад, знаходжаньне нейкіх супольных праграмных мэтаў. Або магчыма назіраньне на выбарах. Таму я не адмаўляюся ад супрацы на выбарах, але ня бачу сэнсу ўдзельнічаць у працэсах па вылучэньні адзінага кандыдата.

Абламейка: Учора ў нашым эфіры браў удзел старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас. На яго думку, посьпеху можна дамагчыся толькі ў выпадку абраньня адзінага апазыцыйнага кандыдата. Чаму вы лічыце, што можаце дамагчыся посьпеху сам па сабе?

На сёньняшні дзень палітычныя партыі ня здолелі вылучыць адзінага кандыдата, а ўсе астатнія вылучэньні, перамовы паміж кандыдатамі, будуць проста перамовамі паміж людзьмі, якія проста заявілі аб сваім вылучэньні і за якімі абсалютна не гарантавана, што стаіць што-небудзь сур'ёзнае
Міхалевіч:
Я абсалютна ўпэўнены, што ўсё залежыць ад кандыдата, і калі працэдура абраньня адзінага кандыдата нам бы дала моцнага кандыдата, які быў бы сапраўды матываваны працаваць, у якога была б моцная каманда і падтрымка ў рэгіёнах, падтрымка па ўсёй Беларусі, гэта было б добра. Я не кажу, што адзіны кандыдат – гэта ня ёсьць шлях да вырашэньня праблемы, але давайце ўзгадаем адзінага кандыдата з 2001 году, згадаем Уладзімера Ганчарыка, чалавека, за якога ўсім нам трэба было аддаваць свой голас. Я ня вельмі веру, што хтосьці з актывістаў яго вельмі шчыра падтрымліваў. Таму адзіны кандыдат, ці вылучэньне адзінага не зьяўляецца само па сабе выратаваньнем.

Абламейка: А можа вы загадзя разумееце, што цяпер посьпеху ўсё роўна дамагчыся ня ўдасца, затое адпрацуецца каманда, кампанія дазволіць данесьці свае погляды і сваю асобу да большай колькасьці людзей. Гэта такі прагматызм і праца на будучыню?

Міхалевіч: Калі мы хочам, каб кандыдат не працаваў на будучыню, то давайце вылучаць кандыдата, якому зараз за 75 гадоў і які пажадана вельмі хворы, каб гарантавана не дажыць да наступных выбараў. І тады будзе гарантыя, што гэта апошняя кампанія, у якой ён удзельнічае. У той жа самы час кожны палітык мае мэты, задачу мінімум, і задачу максымум на кампанію. Для мяне задача максымум гэта стаць прэзыдэнтам на гэтых выбарах, задача мінімум, зрабіць так, каб сярод вызначаных для мяне сацыяльных групаў я меў адпаведную падтрымку. І не магу сказаць, што я не працую на тое, каб перамагчы, але ў той жа самы час заўсёды тое, што мы робім, павінна прынесьці дывідэнты незалежна ад таго, адразу мы дасягаем мэтаў ці не.

Абламейка: Вы прадставілі сваю праграму на расейскай мове і заявілі ў інтэрвію нашаму карэспандэнту, што і кампанія ваша будзе праходзіць па-расейску. Тут у мяне адразу некалькі пытаньняў. Па-першае, у апошнія гады, калі нейкі дзяржаўны чыноўнік пераходзіў у апазыцыю, ён адразу пачынаў гаварыць па-беларуску. На маю думку, гэта не прыкмета апазыцыйнасьці беларускай мовы, але прыкмета яе вялікай маральнай сілы. Не баіцеся страціць гэтую маральную падтрымку? Па-другое, у мінулым вы былі намесьнікам старшыні БНФ. Не баіцеся, што ад вас адвернуцца прыхільнікі БНФ?

У той жа самы час усе мы цудоўна ведаем, што ў Беларусі вельмі значная колькасьць людзей размаўляе па-расейску, усе мы цудоўна ведаем, што да гэтых людзей лягчэй дайсьці і данесьці сваю інфармацыю на той мове, якой яны карыстаюцца штодня
Міхалевіч:
Я разумею, што ў кожнай кампаніі ёсьць тыя групы, на якія палітык зьбіраецца працаваць. Для мяне тыя групы, якія для мяне мэтавыя, самыя важныя, гэты групы, да якіх мне лягчэй данесьці інфармацыю пра мае погляды на расейскай мове. Я ня бачу ў гэтым нічога дзіўнага, я ня бачу ў гэтым аніякай здрады. Сёньня падчас прэзэнтацыі я раздаваў сваю праграму для журналістаў як на беларускай, так і на расейскай мове. І гэта далей будзе таксама для мяне вельмі важна, каб мой сайт, каб усе друкаваныя матэрыялы мелі дзьве моўныя вэрсіі. У той жа самы час усе мы цудоўна ведаем, што ў Беларусі вельмі значная колькасьць людзей размаўляе па-расейску, усе мы цудоўна ведаем, што да гэтых людзей лягчэй дайсьці і данесьці сваю інфармацыю на той мове, якой яны карыстаюцца штодня. Я не баюся абвінавачваньняў, я застаўся тым жа самым чалавекам, я не зьмяніўся. Калі палітык хоча быць эфэктыўным, ён павінен выкарыстоўваць розныя мэтады.

Абламейка: Давайце пяройдзем да вашай праграмы. Нечаканай выглядае прапанова адмовіцца ад абласьцей і вярнуцца да паветаў – да гістарычнай формы адміністрацыйнага падзелу часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Якія мэты гэтай часткі вашай праграмы – скараціць апарат?

Міхалевіч: Асноўная мэта – наблізіць мясцовае самакіраваньне да людзей. Паколькі я прапаную ўвядзеньне выбарнасьці кіраўнікоў гарадоў і таксама кіраўнікоў паветаў, якіх на маё меркаваньне ў Беларусі павінна быць 17, то гэта вельмі моцна наблізіць уладу для людзей, людзі будуць бачыць гэтую ўладу, да гэтых гарадоў людзям будзе ехаць значна бліжэй. Бо ўсе мы ведаем, што цяперашні тэрытарыяльны падзел неэфэктыўны. Якое мае дачыненьне Смаргонь, Ашмяны, Астравец да Гародні, да якой ехаць удвая даўжэй, чым да Менску. І такіх пытаньняў, такіх памылак старога адміністрацыйнага падзелу вельмі шмат. Я не прапаную цалкам вяртацца да гістарычнага падзелу, я прапаную дастаткова эфэктыўны падзел Беларусі на 17 паветаў і на сталіцу ў Менску ў межах сёньняшняга гораду Менску і Менскага раёну.

СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ