Як вы ставіцеся да таго, што ў беларускіх гарадах захоўваюцца камуністычныя назвы вуліц і плошчаў? Адказваюць гарадзенскія мінакі.
Спадарыня: «Якраз мы пра гэта размаўляем. Я думаю, што трэба перайменаваць вуліцу Парыскай камуны ў вуліцу Васіля Быкава, і мы з задавальненьнем бы падпісаліся за гэта, але ня ведаем — дзе. Вось паглядзелі — тут вуліца Калючынская, і ўспамінаем — як яна ў савецкія часы называлася. Я лічу, што трэба гістарычныя назвы даваць, не павінны быць такія вуліцы, як цяпер».
Сталы спадар: «Я лічу таксама — не патрэбная гэтая Карла Маркса, Энгельса вуліца, Савецкая. Мы жывем на Пушкіна, мы згодныя, каб яна была, гэта — пісьменьнік. А навошта Кірава?»
Спадарыня: «Я нейк ехала ў аўтобусе, і жанчына пачала пытацца ў школьнікаў дзесяцігадовых — што за помнік стаіць на плошчы? Яны кажуць — Ленін. А хто такі Ленін? Я, былая настаўніца, прыслухалася, мне стала цікава — што яны адкажуць. Яны кажуць: пісьменьнік нейкі быў. Значыцца, ім нават нецікава ўжо гэта. Яна страшэнна абуралася. А я сказала: дзякуй Богу, што яны ўжо ня ведаюць, хто такі Ленін!»
Малады спадар: «Я лічу, што гэта гранічна нэгатыўна. Трэба адмяняць гэтыя назвы савецкія, асабліва ў гонар такіх жахлівых людзей — Дзяржынскі, Сьвярдлоў, Ленін, Урыцкі. Я лічу, што трэба даваць назвы ў гонар сьвятых людзей, якія многа паклалі працы для асьветы нашага народу, такія, як Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Афанасій Брэсцкі, Сафія Слуцкая. І таксама мне так думаецца, што варта адраджаць назвы вуліц і плошчаў, якія былі да рэвалюцыі».
Спадарыня: «Я лічу, што трэба захоўваць. Лічу, што нічога ня трэба чапаць — як ёсьць, так няхай і будзе. Чаму? Я не жыхарка Беларусі і не магу патлумачыць».
Спадар: «Трэба мяняць па меры магчымасьці. Многа памянялі ўжо — Траецкая, Васілька — Чапаева была. Але паводле акалічнасьцей — гісторыя ёсьць гісторыя — можна захаваць і савецкае».
Маладзён: «Ад памяці савецкай ня трэба адмаўляцца. Што датычыць цэнтральных менавіта вуліц, каторыя людзі сапраўды паўплывалі на горад, ад іх ня трэба адмаўляцца. А Ленін што для нас зрабіў? Нічога. Навошта яго помнік?»
Спадар: «Трэба мяняць назвы вуліц і вяртаць гістарычныя. Хаця б Савецкую, Сацыялістычную памяняць. Я якраз і займаюся цэнтрам гораду, я сам архітэктар. Ведаю старыя назвы, яны адпавядаюць эпосе забудовы».
Маладзён: «Трэба, па-мойму, даўно памяняць, таму што прайшоў час савецкі. Можа, раней усім назвы гэтыя падабаліся, таму што прымушалі, каб падабалася. А цяпер — іншае жыцьцё, іншыя назвы павінны быць».
Ягоны прыяцель: «Мне бяз розьніцы. Вуліца праз гэта лепшай не становіцца, правільна? Назваць яе Савецкай ці Дамініканскай? Яна якой была, такой і застанецца, прыгажэйшай ці, наадварот, горшай ня стане».