Кастрычніцкі суд Магілёва пачаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкай актывісткі Крысьціны Шацікавай. Яе вінавацяць у вырабе, дастаўцы й распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі, незарэгістраванай паводле беларускага заканадаўства.
4 траўня супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі затрымалі актывістку каля пад’езду ейнага дома. Спачатку міліцыянты яе вінавацілі ў тым, што яна абрабавала кватэру і што ў яе торбах знаходзяцца скрадзеныя рэчы. Пасьля таго як у прысутнасьці панятых торбы перагледзелі і, акрамя газэт, нічога не знайшлі, яе на міліцэйскай машыне даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там канфіскавалі з 12 тысяч асобнікаў газэты «Наш дом».
Перад сёньняшнім судовым паседжаньнем адбыўся канфуз. У судзе не былі гатовыя разглядаць справу і больш за паўгадзіны шукалі матэрыялы зь міліцыі. Самі міліцыянты ў суд не зьявіліся.
Суду Крысьціна Шацікава заявіла, што ня лічыць сябе вінаватай і патрабуе, каб ёй вярнулі газэты. Міліцыянтаў яна зьвінаваціла ў тым, што яны склалі пратакол зь непраўдзівай інфармацыяй. Акрамя таго ў матэрыялах справы адсутнічаюць тлумачэньні самой актывісткі пра абставіны яе затрыманьня.
На судовы працэс дапушчаны ў якасьці прадстаўніка інтарэсаў Шацікавай праваабаронца Валер Шчукін.
Судзьдзя Раман Касьцюк выслухаў Шацікаву, Шчукіна і абвясьціў перапынак да 25 траўня. Ён паабяцаў, што на наступнае паседжаньне зьявяцца міліцыянты і іхныя сьведкі.