Нягледзячы на разважлівыя тлумачэньні экспэртамі прычынаў, якія выклікалі хвалю арыштаў на ўсім абшары беларускай апазыцыі, застаецца пэўнае пачуцьцё няўцямнасьці. Тлумачэньні апэлююць да вялізных геапалітычных канструкцыяў, што выразна кантрастуе з «камэрнасьцю», тутэйшасьцю акцыяў. Выглядае ўсё неяк ненатуральна й таму пагрозьліва — быццам цунамі на балоце.
Амаль у кожнага, хто заглядаў на старонкі сайту ініцыятывы «Гавары праўду» http://zapraudu.info, паўстае разгубленае пытаньне: «За што»? Ну, зусім не небясьпечна выглядаюць гэтыя дабрадзеі, што дапамагаюць паспалітаму люду дабіцца адказу на чарговую скаргу, палепшыць тое-сёе ў сваім сьціплым будзённым жыцьці. Уладзімер Някляеў — паэт, зь яго нават кагадзе сьмяяліся: маўляў, паштоўкамі вырашыў змагацца з жалезным драўніком.
Якія гіпотэзы? Не транснацыянальнага маштабу — тут усё ясна — а на мікроўзроўні, скажам так? Чаму хапаюць не якіх-небудзь гарэзьлівых маладафронтаўцаў або заўсёды падазроных БНФ-аўцаў? А затрымліваюць, ператрусы робяць — менавіта ў іх, праўдашукальнікаў? Уражаньне карыстальнікаў інтэрнэту ды блогераў хістаецца паміж некалі папулярнай клінічнай вэрсіяй і рознымі больш-менш рацыянальнымі тэорыямі змовы. Пасярэдзіне — сумленнае непаразуменьне.
«Ва ўлады — дрыстун? <...> У кампаніі „Гавары праўду“ не было вялікіх шанцаў перарасьці ў нешта значнае» — сьцьвярджае як нешта бясспрэчнае mikalaj-achyzha. — «Не была яна пагрозай для ўлады, ня сталася б яна рэальнай пагрозай для яе за некалькі месяцаў, якія засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў» — удакладняе агульнае уражаньне poczobut.
Хто ведае, мо менавіта у ёй і былі якіясь шанцы? У гэтым выпадку паэтычнае чуцьцё аказалася ня горш за палітычнае. На балючую кропку націснулі: на нявырашаныя сацыяльныя праблемы, якія ёсьць і якія нікуды пад лёзунгамі «Дзяржава для народа» не зьнікаюць самі па сабе. Абыякавасьць уладаў выклікае пэўны скепсіс сярод «народу» (дагэтуль ня масавы, але ж як ёсьць пачатак, будзе й канчатак); сярдуюць людзі. І вось паэт з паплечнікамі рупіцца пра пакрыўджаных полацкіх ткальляў, пра незадаволеных жыхароў дзесьці ў Смалявічах... Колькі ж іх, божухна! Параскіданыя гэтыя зьняважаныя й абражаныя па нябачных закутках, што яшчэ сустракаюцца ў нашай невялічкай краіне. Нарэшце да іх знайшлася справа ў кагосьці. Што ня можа не выклікаць рэўнасьці ў тых, каму самая пасада дае магчымасьць і накладвае абавязак дбаць. Тут вам не бел-чырвона-белыя сьцягі на ліхтарах; хуткаплынны акцыянізм раздражняе публіку, а вось зацікаўленасьць у ціхіх турботах яе — прывабная па-чалавечаму. Някляеў трошкі здолеў менавіта «рабіць праўду». А які водгук!
Вялікая вясновая раздача сланоў не абмінула й прадстаўнікоў левага спэктру. Напэўна, каб ужо ні на каго не забыцца, праваахоўныя органы натрудзілі й наведвальнікаў клюбу «Белспартшкола», дзе 17-га траўня з ініцыятывы менскіх анархістаў праводзіліся заняткі па тэме «Грамадзянская вайна ў Гішпаніі й камуны Арагону». Дваццаць маладзёнаў на «маршрутках» разьвезлі па адзьдзяленьнях міліцыі, трошкі патрымалі й павыпускалі. Усё было ціха, нават патрыярхальна, але анархісты й іхныя госьці дасюль гадаюць, зь якой нагоды здарыўся такі хупун. Тэрарыстаў шукаюць або аўтараў атакі на будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў? Або так — дзеля справаздачы? «Паглядзеў кіно, блін, — філязафічна крыўдуе адзін з удзельнікаў сэмінару isto4nik-zarazi, — Ну што ж, рана ці позна гэта мусіла здарыцца».
Ну, а як жа? Кожнай сястрыцы па завушніцы. Ад адных з павагай выслухаюць усю праўду, што можа быць скарыстаная супраць падсьледных. Другім прадэманастравалі амаль жартоўную рэпэтыцыю «грамадзянскай вайны» ды паказалі, дзе камуны зімуюць. Так, гэта не Арагон Рыо-дэ-Жанэйра!