Віцебскую актывістку Людзію Сагідуліну выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС на допыт што да друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду», канфіскаванай яшчэ напрыканцы красавіка. Але ў пастарунку яе дапыталі ў якасьці сьведкі ў межах крымінальнай справы, заведзенай па 250-м артыкуле КК РБ (распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі) у Менску.
Да яшчэ адной актывісткі, Галіны Багданавай, міліцыянты прыйшлі дахаты і прад’явілі пастанову на ператрус па тым самым артыкуле. Спадарыня Багданава паклікала да сябе яшчэ аднаго віцебскага актывіста, Аляксандра Мікуліна — каб ён кансультаваў яе па юрыдычных пытаньнях, якія могуць паўстаць падчас ператрусу.
Як паведаміў Аляксандар Мікулін, ператрус скончыўся каля гадзіны таму. У Галіны Багданавай канфіскавалі каля 50 буклетаў кампаніі «Гавары праўду» і канцылярскую прадукцыю зь лягатыпам кампаніі.