Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута: Гаварыць праўду – гэта небясьпечна


Пра абставіны ператрусу , праведзенага ў яго на кватэры, і пра магчымыя прычыны масавай кампаніі ператрусаў гаворыць публіцыст Аляксандар Фядута.


Фядута: Ператрус праходзіў на падставе пастановы, якая была падпісаная сьледчым і санкцыянаваная пракурорам. У пастанове было пазначана, што шукаць будуць рэчы, якія нажытыя шляхам злачыннай дзейнасьці. Як высьветлілася, злачыннай дзейнасьцю былі нажытыя сыстэмны блёк кампутара, 3 старыя флэшкі, 6 CDз запісаамі, 2200 даляраў, 5000 расейскіх рублёў і 300 эўра. Усё гэта, як высьветлілася, трохі злачыннае.

Дракахруст: На ваш погляд, у чым прычына гэтага павальнага ператрусу ў дзесяткаў людзей па ўсёй краіне?

Фядута: Я ня ведаю, якая падстава была, каб напрыклад рабіць ператрус у кватэры паважанай, ужо немаладой, ня вельмі здаровай Сьвятланы Навумавай, нашага вядомага палітоляга, былой загадчыцы дэпартамэнту паліталёгіі ЭГУ. На мой погляд, гэта зьвязана з кампаніяй "Гавары праўду", якая раптам зьявілася і пачала дзейнічаць. Адзінае, што нас аб'ядноўвае, гэта ня толькі тое, што мы ня вельмі любім нашу ўладу і нашу апазыцыю. але і тое, што мы маем дачыненьне да кампаніі "Гавары праўду".

Дракахруст: На ваш погляд, а чым гэтая кампанія такая небясьпечная?

Фядута: Гаварыць праўду – гэта небясьпечна. Асабліва, як высьвятляецца, для тых, хто гаворыць. Па-другое, я думаю, што гэта зьвязана з вынікамі збору подпісаў за перайменаваньне вуліцы Ўльянаўскай у вуліцу Быкава. З 7 траўня, калі кампанія была абвешчаная, і з 9 траўня, калі пачаўся збор подпісаў, на сёньняшні дзень было сабрана каля 10 тысяч подпісаў толькі ў Менску. Гэта лепшая дынаміка, чым была падчас любой апазыцыйнай пэтыцыйнай кампаніі, ў тым ліку і пры зборы подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG