У Страсбуры ўжо асэнсоўваюць падзеі ў Беларусі

Ежы Бузэк

19 траўня, магчыма, зьявіцца адмысловая заява кіраўніка Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэка пра падзеі ў Беларусі вакол актывістаў і прыхільнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Пра гэта «Свабодзе» па тэлефоне з Страсбуру паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Сёньня ўвечары ён разам са сваім намесьнікам Яраславам Раманчуком быў прыняты кіраўніком Эўрапарлямэнту.

Анатоль Лябедзька і Яраслаў Раманчук, паводле іх словаў, засталіся «вельмі задаволеныя» сустрэчай з Ежы Бузэкам. Пра тое, што яна стала цікавай і для прэзыдэнта Эўрапарлямэнту, сьведчыць такі факт — размова цягнулася ўдвая даўжэй за заплянаваны на яе час.

Лябедзька: «Мы даволі шмат часу патрацілі на апісаньне таго, што сёньня адбывалася ў Беларусі. Мы гаварылі, што Лукашэнка фактычна вызначыўся са стратэгіяй сваёй выбарчай кампаніі. Яна — сілавая. І гэта сытуацыя, калі патрэбна рэакцыя. Наш мэсыдж быў такі: маўчаць нельга. Мы чакаем, што будзе заява Бузэка па сёньняшніх падзеях. Мы размаўлялі на гэты конт. І ён выказаў сваю асабістую заклапочанасьць сёньняшнімі падзеямі».
Гэта сытуацыя, калі патрэбна рэакцыя. Наш мэсыдж быў такі: маўчаць нельга. Мы чакаем, што будзе заява Бузэка па сёньняшніх падзеях.


Сёньняшнія брутальныя ператрусы і затрыманьні ў Менску і другіх гарадах Беларусі яшчэ больш актуалізавалі неабходнасьць хутчэйшага пачатку працы Парлямэнцкай асамблеі праграмы «Ўсходняе партнэрства» — «Эўранэст».

Беларускія ўлады зыходзяць з таго, што прадстаўляць краіну ў «Эўранэсьце» павінны толькі дзейныя дэпутаты. Такое меркаваньне выказала сёньня старшыня камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ніна Мазай.

Гэтую праблему спадары Лябедзька і Раманчук сёньня абмяркоўвалі зь віцэ-старшынём «Эўранэсту» спадаром Сарыюшам-Вольскім.

Лябедзька: «Гэта для нас непрымальна. І спадар Сарыюш-Вольскі сказаў, што гэта непрымальна і для Эўрапарлямэнту. Ён сказаў, што Эўрапарлямэнт ня будзе гандляваць гэтым пытаньнем і ня будзе блытаць каштоўнасьці і нейкія прагматычныя інтарэсы. Тут кампраміс такі: „5+5“».