Апошняе падвышэньне коштаў на аўтамабільнае паліва ў сярэднім на 6%, якое адбылося 12 траўня, абурыла аўтааматараў. На Гарадзеншчыне многія кіроўцы гатовы падтрымаць акцыю “Стоп бензін!” і з 1 па 4 чэрвеня ня будуць запраўляцца на запраўках “Белнафтахіма”.
Першымі на падаражаньне бэнзіну адрэагавалі менскія аўтааматары, якія і абвесьцілі аб правядзеньні акцыі “Стоп бензін!”. Вось, што заявіў нашаму радыё адзін зь яе арганізатараў.
Спадар: “У выніку з падаражаньнем коштаў на бэнзін павялічваюцца кошты на мяса і малако – гэта ўжо адбылося. Мы сталі жыць яшчэ бядней. Таму асноўная мэта акцыі – данесьці да нашых уладаў, што людзі ўжо ня хочуць маўчаць, а тая талерантнасьць і памяркоўнасьць, якая была, на сёньняшні дзень зьнікае”.
Сайт гарадзенскіх аўтааматараў зьмясьціў матэрыял аб падвышэньні коштаў на бэнзін і заклікае неабыякавых кіроўцаў далучыцца да пратэстнай акцыі, якая адбудзецца з 1 па 4 чэрвеня ва ўсёй Беларусі.
На сайце таксама зьмешчаны графік падаражаньня бэнзіну, пачынаючы з чэрвеня 2006 года. За гэты час бэнзін у Беларусі падаражаў у два разы.
Са слоў гарадзенскага актывіста акцыі “Стоп бэнзін!”, яму цяжка меркаваць, колькі людзей возьмуць у ёй удзел, паколькі інфармацыю аб гэтым данесьці вельмі складана.
Спадар: “Пакуль у рэгіёнах ніякай інфармацыі акрамя, як у інтэрнэце, няма. Праблема яшчэ ў тым, што і налепак у нас няма. Ды і за межы інтэрнэта, на жаль, інфармацыя пакуль нікуды не выходзіць”.
Я пацікавіўся ў гарадзенскіх аўтааматараў – ці чулі яны пра акцыю і як паўзьдзейнічала на іх чарговае падаражаньне бэнзіна? Высьветлілася, што большасьць пра акцыю чулі і нават не з інтэрнэта, а ад знаёмых.
Спадар: “Здавалася б, бэнзін павінен патаннець, бо бяром ужо нафту з Лацінскай Амэрыкі. Але, відаць, давядзецца меней езьдзіць, перасядзем на тралейбусы”.
Другі спадар: “Давядзецца эканоміць, можа нават часьцей і пешкі хадзіць, думаю, што да гэтага дойдзе…”
Што датычыць маштабаў Беларусі, то са слоў аднаго з арганізаітараў акцыі, галоўнае, што аб ёй па ўсёй краіне гавораць людзі, якія ня маюць дачыненьня да інтэрнэту.
Пытаюся ў арганізатараў акцыі “Стоп бэнзін!” – што яны зьбіраюцца рабіць, калі ўлады не адрэагуюць на іх пратэст?
Спадар: “Калі да нас не прыслухаюцца і ня будзе ніякіх рашэньняў з боку ўладаў, то адбудзецца другая частка гэтай кампаніі, падчас якой мы больш жорстка зьбіраемся байкатаваць запраўкі “Белнафтахіма”.