Ператрусы ў офісах і кватэрах актывістаў кампаніі “Гавары праўду”

Выносяць канфіскаваныя матэрыялы з цэнтральнага офісу кампаніі на праспэкце Машэрава.

У менскім офісе грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” адбыўся ператрус. Таксама ператрусы прайшлі ў актывістаў і прыхільнікаў кампаніі ў Гомелі, Горадні і Магілёве.

Допыт Някляева пачнецца а 9-ай

00.30
Да Ленінскага РУУС Менску, дзе знаходзіцца Ўладзімер Някляеў, прыехала ягоная жонка Вольга. Някляеву сабралі перадачу: ваду і прадукты. Допыт Някляева працягваецца, няглядзячы на позьні час і праблемы Някляева са здароеўм — ён паводле словаў ягонай жонкі, мае праблемы з ціскам. Ля РУУС знаходзяцца правабаронцы і паплечнікі Някляева.

Паплечнікі Ўладзімера Някляева правядуць прэсавую канфэрэнцыю заўтра, 19 траўня, а 12 гадзіне ва Ўправе партыі БНФ.

Назіральнікі лічаць, што сьледчыя могуць цягам трох сутак у гэтую крымінальную справу, якая не прадугледжвае арышт у якасьці меры стрыманьня, дадаць іншыя артыкулы крымінальнага кодэксу, каб ня выпусьціць з-пад варты актывістаў кампаніі "Гавары праўду" да пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

22.30 Актывіста АГП Андрэя Дзьмітрыева таксама затрымалі на трое сутак. Ён іх правядзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня.



22.20
З кватэры Ўладзімера Някляева вынесьлі 2 ноўтбукі іншыя носьбіты інфармацыі. Самога паэта сьледчыя вязуць на допыт у міліцыю Ленінскага раёну. Уладзімер Някляеў пасьпеў сказаць журналістам, калі яго вывелі з кватэры:

"Да тых хлопцаў, якія ў мяне зараз рабілі ператрус, я прэтэнзій ня маю. Але маладзёны, якія ўварваліся ў офіс, дзейнічалі неправамерна. Усё было згруджана без усялякага опісу ў кучу.

Галоўнае, што яны прыйшлі ў офіс, да таго ж першымі. Што яны там пакінулі, дык можа тое яны і знайшлі".

Акно кватэры Някляева ў час ператрусу.
Сьледчыя выводзяць Някляева з кватэры на допыт у РУУС.
Жонка Някляева Вольга ў кватэры пасьля ператрусу пасьля таго як міліцыянты вывелі яе мужа.

Уладзімер Някляеў зьвярнуўся да сьледчых з пытаньнем чаму яго вязуць на допыт уначы, калі заканадаўства патрабуе рабіць гэта днём. Яму адмовіліся адказаць на гэтае пытаньне.

Жонка Уладзімера Някляева Вольга сказала, што яе муж вельмі стомлены пасьля сёньняшніх падзеяў. "Ён узяў з сабой лекі. Я за яго вельмі хвалююся", – сказала яна журналістам.

22.15 Сяргей Вазьняк будзе знаходзіцца пад вартай у ізалятары часовага ўтрыманьня. Артыкул 250 Крымінальнага кодэксу (распаўсюджваньне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі) не прадугледжвае такую меру стрыманьня, як арышт.

Таму паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, яго мусяць вызваліць праз трое сутак.



22:10 Бабруйская актывістка Алена Мядзьведзева распавяла «Свабодзе», што ёй патэлефанаваў міліцыянт і папрасіў дазволу прыйсьці дадому, каб там зь ёй паразмаўляць. Алена прапанавала міліцыянту даслаць ёй позву ў міліцыю.

Тым часам міліцыянты пазванілі ў кватэру і 9-гадовая дачка Алены адчыніла ім дзьверы. Супрацоўнікі міліцыі пачалі ператрус. Спачатку яны асобна склалі літаратуру, якую знайшлі ў кватэры, і кампутар. Потым зламалі дзьверы шафы і забралі адтуль ювэлірныя вырабы і 500 даляраў.

Старэйшая дачка Алены прыйшла са школы і заявіла міліцыянтам, што яны ня маюць права забіраць маміны ўпрыгожваньні. Тады сьледчыя іх паклалі на месца, але забралі 500 даляраў.

Алена паведаміла «Свабодзе», што яна выплачвае крэдыт і заўважыла, што сьледчыя забралі таксама з сабой усе квіткі.

Алена Мядзьведзева будзе пісаць скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія рабілі ператрус у яе адсутнасьць і, акрамя таго, напалохалі малодшую дачку.

22.05 Віцебск: допыт Лідзіі Сагідулінай і ператрус у Галіны Багданавай

22.00 Сяргея Вазьняка пасьля допыту ўзялі пад варту. Трое сутак яго будуць трымаць у ізалятары часовага ўтрыманьня. Дагэтуль у міліцыю не прывезьлі Ўладзімера Някляева. Дапытваюць Андрэя Дзьмітрыева.

21.15 Ператрус у Гомелі: экс-дэпутат і яго сям’я засталіся без кампутараў, мабільнікаў і грошай.

20.20 На кватэры Ўладзімера Някляева ў ягонай прысутнасьці праводзіцца ператрус. Сьледчыя забіраюць у міліцыю кампутары, мабільны тэлефон, улёткі і некалькі кніг.

Хутчэй за ўсё, Уладзімера Някляева павязуць у міліцыю Ленінскага раёну на допыт, як і іншых актывістаў кампаніі «Гавары праўду».

20:00 Сяргей Вазьняк затрыманы на 3 гадзіны. Яго дапытваюць у якасьці падазраванага ў справе, распачатай сьледзтвам паводле 250-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (распаўсюджваньне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі).

Сьледчыя высьвятляюць, якім чынам рабіліся паштоўкі зь лягатыпам кампаніі «Гавары праўду», якія былі раскіданыя ў паштовыя скрыні жыхароў сталіцы ды іншых гарадоў.

19.30 Супрацоўнікі міліцыі апячаталі цэнтральны офіс кампаніі «Гавары праўду» на вуліцы Машэрава.

Прысутныя журналісты чакалі, што ў офісе падчас ператрусу быў Уладзімер Някляеў. Але месца знаходжаньня яго невядомае.

19.00 На допыт у міліцыю Ленінскага раёну Менску прывезьлі Аляксандра Фядуту. Сьледчыя доўгі час рабілі ператрус ў ягонай кватэры.

На допыт прывезьлі Сьвятлану Навумаву.

У міліцыю прыехала група экспэртаў.

18.45 З Цэнтральнага офісу кампаніі пачалі выносіць аргтэхніку й грузіць у мікрааўтобус.

Каб высьветліць, што адбываецца на офісе (Машэрава 54), на месца прыехалі супрацоўнікі дэпартамэнту аховы.
Офіс ад журналістаў і проста зацікаўленых ахоўваў спэцназ.
Сьледчыя вывелі намесьніцу Някляева.
Адна з затрыманых вярнулася, каб забраць свой ровар.
Міліцыя блякуе ўваход да офісу, каб пачаць выносіць канфіскаваныя рэчы.
Міліцыя адцясьняе журналістаў.
Сьледчыя выносяць канфіскаваныя матэрыялы па справе…
…пры гэтым блякаваўшы пад'езд з жыхарамі.
Апячатаны офіс.

17.45 Аляксандар Уліцёнак адразу пасьля допыту паведаміў «Свабодзе»:

«Сьледчы прасіў мяне гаварыць праўду пра кампанію „Гавары праўду“. Я распавёў, што кампанія займаецца зборам, аналізам і распаўсюджваньнем інфармацыі. Сказаў таксама, што ганаруся сваім знаёмствам з Уладзімерам Някляевым».

Аляксандар Уліцёнак паведаміў, што яго дапытвалі ў якасьці сьведкі.

Што да пэрспэктываў дзейнасьці кампаніі "Гавары праўду", то спадар Уліцёнак паведаміў, што гэтае пытаньне залежыць ад Уладзімера Някляева, а таксама ад таго, наколькі змогуць сканцэнтравацца і згуртавацца людзі, якія ўдзельнічаюць і падзяляюць погляды кампаніі.

17.05 Сьледчыя забралі «Чарнобыльскі звон»


Адзін з дапытаных актывістаў кампаніі «Гавары праўду» Міхась Башура паведаміў, што падчас ператрусу ў адным з офісаў у Менску забралі «Чарнобыльскі звон».

Уладальнік звона Алесь Шатэрнік пакінуў яго ў Міхася, калі зьяжджаў за мяжу. Гэты звон заўсёды нясуць наперадзе «Чарнобыльскага шляху». Некалькі разоў было, што міліцыянты забіралі звон разам з гукаўзмацняльнай апаратурай у арганізатараў акцыі.

Цяпер ён будзе знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну разам з кампутарамі і друкаванай прадукцыяй.

16.55 Дапытаныя больш за палову затрыманых актывістаў


Актывіст АГП Юрась Фабішэўскі паведаміў, што ў яго правялі ператрус а 12-й гадзіне. Шукалі друкаваныя матэрыялы. Хлопец паведаміў, што ў яго забралі кампутар, улёткі і некалькі кніг.

Сьледчыя пыталіся пра кампанію «Гавары праўду», цікавіліся яе структурай. Юрась паведаміў, што ведае пра кампанію з інтэрнэту і на далейшыя пытаньні адказваць адмовіўся.

Фабішэўскі распавёў, што допыт і ператрусы праводзіліся ў рамках крымінальнай справы паводле артыкулу 250 часткі 1 (распаўсюджваньне лжывай інфармацыі пра тавары і паслугі)

На допыты заводзяць па чарзе іншых затрыманых.

16.40 У Віталя Гуляка сканфіскавалі нават «карту паляка»


Толькі што скончыўся ператрус у кватэры ваўкавыскага актывіста АГП Віталя Гуляка, які цягнуўся больш за тры гадзіны.

Віталь Гуляк кажа, што канфіскавалі кампутар, тэлефон, усе кніжкі і ўлёткі, якія былі ў кватэры за самыя розныя гады, а таксама дакумэнты. Канфіскавалі, зь яго слоў, нават «карту паляка».

Самі сьледчыя, са слоў Віталя Гуляка, былі з Горадні і сказалі, што нібыта канкрэтна ня ведаюць, з-за чаго адбываецца ператрус: маўляў, пастанова аб гэтым выпісаная ў Ленінскім РУУС Менску.

Яму задавалі пытаньні — што ён ведае пра рухі «Гавары праўду!» і «Наперад».

Сябры, актывісты чакаюць затрыманых ля Ленінскага РУУС.

16.25 У будынак РУУС прывезьлі рэдактара газэты «Товарищ» Сяргея Вазьняка. Дома ў яго ператрус, канфіскавалі кампутар, носьбіты інфармацыі. Ён падазраваны па артыкуле 250, частка 1. Яго дапытваюць.

16.20 Міхась Башура зь Менску, выйшаўшы з памяшканьня РУУС, дзе знаходзіўся каля чатырох гадзін, паведаміў, што ў яго канфіскавалі кампутар, ноўтбук, шмат дыскаў, у тым ліку мастацкія фільмы. Ён адмовіўся даваць паказаньні, паколькі ня ведае, які ў яго статус і супраць каго заведзена справа, а не даваць паказаньні супраць сябе і сваіх родных мае права.

Разважаючы пра матывы перасьледу, сп. Башура заявіў, што цяпер актыўна ідзе збор подпісаў за перайменаваньне вуліцы Ўльянаўскай у вуліцу Быкава, сабрана 8 тысяч подпісаў. Вось улады і вырашылі ў сувязі з гэтым спыніць дзейнасьць арганізацыі.

16.10 Яфім Васільеў з Барысава, якога толькі што адпусьцілі зь Ленінскага РУУС Менску, паведаміў «Свабодзе», што сьледчыя не называлі, па якой справе ён быў дапытаны ў якасьці сьведкі. Паводле актывіста, ад моманту затрыманьня да таго часу, як яго адпусьцілі, прайшло каля 4 гадзін.

16.00 10 хвілінаў таму пачаўся ператрус у публіцыста Аляксандра Фядуты. Ён кажа, што ў пастанове напісана, што будуць шукаць рэчы, нажытыя злачынным шляхам.

Ператрус праводзяць два супрацоўнікі ГУУС і адзін прадстаўнік Камітэту дзяржбясьпекі. Таксама прысутнічаюць двое панятых.

Фядута адзначае, што паводзяць яны сябе вельмі прыстойна і ветліва.

Аляксандар Фядута лічыць, што ператрус зьвязаны зь яго дзейнасьцю ў якасьці экспэрта грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

15.56 Ператрус на кватэры ў кіраўніка сацыялягічнай лябараторыі «NOVAK» Андрэя Вардамацкага.

15.51 Ператрус у журналіста, рэдактара газэты «Товарищ» Сяргея Вазьняка.

15.50 Па інфармацыі газэты «Наша Ніва» ператрус праходзіць у кватэры публіцыста Аляксандра Фядуты.

15.41 У Ленінскі РУУС прывезьлі Аляксандра Ўліцёнка. Ён пасьпеў расказаць, што ў яго дома правялі ператрус, канфіскавалі ўсю апаратуру, цяпер будуць дапытваць. Сьледчы, які суправаджаў Уліцёнка, адмовіўся камэнтаваць, у рамках якой справы праходзяць ператрусы і затрыманьні.

У Ленінскі РУУС прывезьлі Аляксандра Уліцёнка.

15.40 Варэца Натальля, якая была затрыманая у офісе, паведаміла, што ў яе забралі тэлефон і ўсе подпісы аб перайменаваньні вуліцы Ўльянаўская ў вуліцу Васіля Быкава.

15.30 Ува ўсіх затрыманых у офісе кампаніі «Гавары праўду» забралі мабільныя тэлефоны, якіх дагэтуль не аддаюць

15.25 Адзін з затрыманых Юры Алейнік пасьля допыту распавёў, што падчас допыту сьледчы не адказала на пытаньне, па якой справе яго дапытваюць у якасьці сьведкі. Па словах Юрася, у офісе міліцыянты ўвесь час паўтаралі, што ператрус праходзіць у рамках крымінальнай справы, заведзенай па 250 артыкуле КК РБ (распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі). На допыце сьледчая распытвала, якое дачыненьне Юрась Алейнік мае да кампаніі «Гавары праўды», што ведае пра публікацыю друкаваных матэрыялаў ці атрымлівае грошы ад кампаніі.

На думку актывіста, такім чынам улады хочуць спыніць дзейнасьць кампаніі, запалохаць яе ўдзельнікаў, а таксама перашкодзіць удала стартаванай акцыі для перайменаваньня вуліцы Ўльянаўская ў вуліцу Васіля Быкава.

Юры Алейнік і Міхась Пашкевіч ля Ленінскага РУУС

15.15 Ператрус у Ваўкавыску


Адбываецца цяпер у сябры АГП Віталя Гуляка. Па тэлефоне ён толькі сказаў, што яго праводзяць міліцыянты з Горадні.

Што шукаюць і чаго хочуць міліцыянты Віталь Гуляк, зь яго слоў, так і не зразумеў. Праўда, сказаў, што кампутар канфіскоўваюць. Ператрус пакуль працягваецца.

15.10 Як распавёў «Свабодзе» адзін з затрыманых у офісе кампаніі «Гавары праўду» пасьля таго, як яго дапытаў маёр міліцыі, цяпер у Ленінскім РУУСе каля 20 актывістаў кампаніі. У розных кабінэтах іх апытваюць у рамках крымінальнай справы пра дзейнасьць ад імя кампаніі «Гавары праўду»: дзе друкуюць улёткі, якія мерапрыемствы плянуюць. Уладзімер Някляеў знаходзіцца ў офісе. Аляксандра Уліцёнка, а таксама яшчэ чатырох чалавек, забралі з офісу і павезьлі рабіць ператрус дадому.

Усяго з офісу ў РУУС было дастаўлена 11 чалавек, астатніх прывозілі зь іншых месцаў.

15.05 Горадня: ператрусы ў актывістаў АГП


Ператрусы адбыліся на кватэрах ў намесьніцы старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч і моладзевага актывіста партыі Зьмітра Бандарчука.

Са слоў Аляксандры Васілевіч, ператрус рабілі на падставе ордэру, выдадзенага Ленінскім РАУС Менску, у якім было запісана, што ў кватэры могуць знаходзіцца матэрыялы, якія маюць адносіны да справы.

Але да якой справы, са слоў Аляксандры Васілевіч, там нічога запісана не было і аб гэтым ёй нічога не сказалі. Спадарыня Васілевіч кажа, што шукалі нейкія дакумэнты, а канфіскавалі ноўтбук, тэлефон мабільны, прынтэр, флэшкі, дакумэнты АГП — уліковыя карткі маладых дэмакратаў.

Сьледчых таксама цікавіла, што Аляксандра Васілевіч ведае пра рухі «Гавары праўду!» і «Наперад». Зь яе слоў, пытаньні задавалі з паперкі, дзе яны былі заранёў запісаныя.

Тэлефон Зьмітра Бандарчука дагэтуль не адказвае.

15.01 Як паведаміў карэспандэнту «Свабоды» дзяжурны Ленінскага РУУС Менску, ніякіх зьвестак пра Ўладзімера Някляева і 11 затрыманых актывістаў кампаніі «Гавары праўду» ў яго няма. Але ён ня выключыў, што іх маглі адвезьці непасрэдна ў кабінэты.

14.58 У менскі офіс «Гавары праўду» панесьлі скрыні. Чакаецца, што зараз будуць выносіць тэхніку. Журналістаў папрасілі адысьці ад пад’езду.

14.50 Ператрус прайшоў ў кватэры каардынатара кампаніі «Гавары праўду» па Фрунзенскім раёне Менску Юрася Фабішэўскага. У яго забралі кампутар і ўлёткі кампаніі «Гавары праўду». Цяпер хлопца павезьлі на допыт у КДБ.

14.45
Да менскага офісу «Гавары праўду» пад’ехала машына з супрацоўнікамі спэцназу міліцыі. Пад’ехаў таксама адзін з кіраўнікоў гарадзкой міліцыі.

14.35 Супрацоўнікі міліцыі і супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў Магілёве ў двух офісах няўрадавых арганізацыяў — ва ўстанове «Рух наперад» і дабрачынным фондзе «Шчырасьць».

Выносяць канфіскаваную маёмасьць дабрачыннага фонду «Шчырасьць»
Пастанова на правядзеньне ператрусу
Міліцыянты ў цывільным сьпінамі закрывалі канфіскаванае зь сядзібы «Рух наперад»


14.25 Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, заведзенай Ленінскім аддзелам міліцыі Менску, аб паклёпе. На ператрус даў дазвол пракурор Ленінскага раёну Менску.

У офісе арганізацыі «Рух наперад» было канфіскавана 45 кніжак Някляева «Кон», сыстэмны блёк, 1691 буклет кампаніі «Гавары праўду».

14.32 11 актывістаў затрыманыя і знаходзяцца ў Ленінскім РУУС Менску. Сярод іх лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў.

14.29 Міліцыянт выйшаў з менскага офісу «Гавары праўду» і паведаміў, што там знадзяцца супрацоўнікі міліцыі, якія праводзяць сьледчы экспэрымэнт.

У Берасьці праходзіць ператрус у офісе абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Ператрус пачаўся а 10.00 і, па дадзеных на 14.25, ён яшчэ ня скончаны.

Па непацьверджанай інфармацыі, у офісе арганізацыі знаходзяцца намесьнік старшыні Брэсцкай абласной структуры сацыял-дэмакратаў Валянцін Лазарэнкаў і старшыня Брэсцкай гарадзкой арганізацыі партыі Ганна Канюс. Іх мабільныя тэлефоны і тэлефон у офісе не адказваюць. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

14.21 У офіс кампаніі «Гавары праўду» у Менску прыехалі два міліцыянты са спэцбрыгады Савецкага РУУС з аўтаматамі, у бронікамізэльках. Аднаго з міліцыянтаў прапусьцілі ўнутар офісу і замкнулі дзьверы. Другі застаўся на лесьвіцы.

14.20 Па непацьверджанай інфармацыі ператрус адбываецца ў офісе сацыялягічнай лябараторыі «NOVAK». Тэлефон кіраўніка арганізацыі Андрэя Вардмацкага не адказвае.

14.10 Некалькі актывістаў кампаніі, якія сабраліся каля офісу, выклікалі міліцыю. Людзі ў цывільным адмаўляліся іх прапускаць унутар офісу, пры гэтым не адрэкамэндоўваліся і не камэнтавалі сваіх дзеяньняў.

14.05 Каля менскага офісу «Гавары праўду» знаходзяцца некалькі чалавек у цывільным. У само памяшканьне нікога не прапускаюць, ніякіх камэнтароў не даюць. У самім офісе знаходзяцца неклаькі чалавек.

13.53 Карэспандэнт «Свабоды» зараз знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Ленінскай каля дома № 27. У гэтым доме знаходзіцца офіс дабрачыннага фонду «Шчырасьць».

Уваход у памяшканьне офісу ахоўваюць двое дужых у цывільным хлопцаў. Карэспандэнта Свабоды туды не прапусьцілі, сказалі, што вядзецца ператрус. Таксама патлумачылі, што ўжо вызначанае кола людзей, якія маюць права прысутнічаць падчас ператрусу.

Колькі працягнецца ператрус, не сказалі, але далі зразумець, што доўга.

13.50 Ператрус у Горадні


Зараз адбываецца на кватэры ў актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Ігара Ламекі.

Яго забралі з працы людзі ў цывільным прад’явіўшы ордэр на ператрус. Тэлефон Ігара Ламекі не адказвае.

Аналягічныя ператрусы адбываюцца ў актывістаў кампаніі ў Гомелі і Магілёве.