У “Доме літаратара” Ўладзімер Сіўчыкаў і Ганна Янкута


КНІГАГЛЯД

УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ: «ГЕНРЫК СЯНКЕВІЧ НАПАКЛЁПНІЧАЎ НА РАДЗІВІЛА»


Уладзімер Сіўчыкаў

У менскім выдавецтве «Радыёла-плюс» у выдатным паліграфічным аздабленьні пабачыла сьвет «Аўтабіяграфія» князя Багуслава Радзівіла — палітычнага і вайсковага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, заснавальніка горада Жодзіна, які ў даўнія часы называўся Багуслаў-Полем. Ужо ня першы год «жодзінскай Радзівіліядай» займаецца пісьменьнік і дырэктар згаданага выдавецтва Ўладзімер Сіўчыкаў, які адказаў на пытаньні Міхася Скоблы.


Міхась Скобла: «Уладзімер, ты даўно і настойліва прапагандуеш асобу Багуслава Радзівіла. І пакуль у заснаваным ім Жодзіне улады мяркуюць, ці варты ён помніка на гарадзкім пляцы, ты паставіў князю свой помнік — выдаў ягоную „Аўтабіяграфію“. Што цікавага знойдзе ў гэтай кнізе айчынны чытач?»


Уладзімер Сіўчыкаў: «Па-першае, помнікаў пісьменства XVIII стагодзьдзя ў нас ня так і шмат. А тагачасныя мэмуары можна ўвогуле пералічыць на пальцах адной рукі. Тут мы не такія багатыя, але цяпер пабагацелі, бо зьявілася аўтабіяграфія Багуслава Радзівіла. Праз сваіх бацькоў ён меў сваякоў практычна пры ўсіх каранаваных дварах, сябраваў з многімі манархамі тагачаснай Эўропы. Памятаеш знакамітае „Дзяржава — гэта я!“ — словы францускага караля Людовіка XIV? Дык вось, ён быў кузэнам Багуслава Радзівіла. Зацікаўлены чытач, адгарнуўшы першыя старонкі кнігі, убачыць рамантычны партрэт Радзівіла, напісаны Аляксеем Марачкіным. Чытача таксама будзе чакаць прыемная неспадзяванка ў выглядзе прадмовы польскага амбасадара Генрыха Літвіна, якая называецца „Супольная гісторыя“, і там будуць даволі цікавыя ацэнкі. Зь цікавасьцю чытаюцца самі творы Багуслава Радзівіла, у тым ліку і ягоны „Падарожны дзёньнік“. Ну, і, скажу сьціпла, у сваім пасьляслоўі я таксама паспрабаваў расставіць свае ацэнкі, як успрымаецца ці павінна была б успрымацца беларусамі постаць Багуслава Радзівіла».


Скобла: «Польскі амбасадар піша ў прадмове, што Багуслава Радзівіла вельмі непрывабна паказаў Генрык Сянкевіч у сваім рамане „Патоп“. І аспрэчыць польскага клясыка табе будзе нялёгка. Бо наўрад ці тамтэйшыя ўлады згодзяцца паставіць помнік чалавеку з сумнеўнай рэпутацыяй».


Сіўчыкаў: «Скажу як жодзінец. Жодзінцы павінны быць удзячны чалавеку, які заснаваў гэты горад. Які б ні быў бацька, кепскі ці добры, адмаўляцца ад яго нельга. Толькі бальшавікі вучылі, што можна быць Паўлікамі Марозавымі і прадаваць сваіх бацькоў. Багуславу Радзівілу часта закідаюць яго службу ў розных эўрапейскіх манархаў. А гэта вельмі проста вытлумачыць, бо амаль усе яны былі ягонымі сваякамі. Багуслаў Радзівіл валодаў лацінскай, нямецкай, францускай, польскай і тагачаснай „рускай“ мовамі. Натуральна, гэта была мова беларуская, мова тых уладаньняў, якія князь меў на нашых землях, на землях ВКЛ. Больш за тое, гэты чалавек хацеў на гэтых землях насуперак праваслаўнай Маскве і каталіцкай Польшчы ўтварыць вялікую дзяржаву з апірышчам на пратэстантызм. А што тычыць Генрыха Сянкевіча, то ён проста напаклёпнічаў на Багуслава Радзівіла. На ягоным сумленьні — чорная пляма. Справа ў тым, што ў рамане „Патоп“ патрэбны быў своеасаблівы кантрапункт, каб прыўзьняць караля Яна ІІ Казімера. А кароль, калі ўважліва ўчытацца ў гістарычныя дакумэнты, проста кінуў сваю дзяржаву ў пэўны час, шляхта ад яго адвярнулася, у тым ліку і на карысьць прагрэсіўнай Швэцыі, якая разьвівалася як пратэстанцкая краіна і мела пэўныя эканамічныя перавагі перад той жа Польшчай».


Скобла: «Чытач ня можа не заўважыць па ўсёй кнізе шматкроп’і ў квадратных дужках. Гэта знакі купюраў?»


Сіўчыкаў: «Ні ў якім разе. І перакладчык Анатоль Бутэвіч, і выдавецтва, наадварот, намагаліся цьмяныя мясьціны праясьніць пры дапамозе адмысловых заўвагаў. А тыя мясьціны, якія ідуць у квадратных дужках з кропачкамі, гэта проста нерасчытаныя архівістамі словы».


Скобла: «У кнізе зьмешчаны і „Падарожны дзёньнік“ Багуслава Радзівіла. Капыль, Бэрлін, Парыж, Слуцак, Каралевец, Заслаўе, Варшава, Менск… Такое ўражаньне, што князь больш трох дзён нідзе не затрымліваўся. Што яго так гнала па сьвеце?»


Сіўчыкаў: «Жыцьцёвая няўрымсьлівасьць і прага да жыцьця. А пражыў князь, як па нашых сёньняшніх мерках, зусім мала — няпоўных 50 гадоў. Ды і са сьмерцю ягонай ня ўсё зразумела. Афіцыйная вэрсія — Багуслаў Радзівіл памёр ад сардэчнага прыпадку на паляваньні. Нібыта ён убачыў акрываўленую курапатку на белым сьнезе, сэрца зайшлося, і памёр. І гэта чалавек, які прайшоў столькі выпрабаваньняў, столькі падарожжаў, столькі войнаў, столькі заключыў розных саюзаў, столькі зьдзейсьніў! Напрыклад, варта згадаць, што Багуслаў Радзівіл пабудаваў абарончыя збудаваньні ў Слуцку, і горад змог вытрымаць жорсткія аблогі. Я вяду да таго, што Багуслаў мог пайсьці ў іншы сьвет зусім не дзякуючы сардэчнаму ўдару. Яго сьмерць магла быць кімсьці прысьпешаная».


Скобла: «Збылася твая даўняя мара — выйшла ў сьвет «Аўтабіяграфія» Багуслава Радзівіла. Які працяг будзе мець твая «Радзівіліяда»?


Сіўчыкаў: «Я цешуся, што мне наступаюць на пяты жодзінскія гісторыкі. Напрыклад, днямі да нас у выдавецтва прыходзіла Людміла Аніскевіч з амаль гатовым рукапісам кнігі пра Багуслава Радзівіла. Для Жодзіна будуць вялікай культурніцкай падзеяй міжнародныя Радзівілаўскія чытаньні, якія пройдуць 18 траўня. На іх ужо пагадзіліся выступіць такія знаныя асобы, якія маюць дачыненьне да „Радзівіліяды“, як Адам Мальдзіс, Пятро Васючэнка, Віктар Скорабагатаў, Глеб Лабадзенка, які рыхтуе вялікі фотаальбом па Радзівілах. І яшчэ адным крокам можа стацца помнік Багуславу Радзівілу ў Жодзіне. Скульптар Алесь Бацьвінёнак ужо зрабіў ягоную мадэль, гэта ня конны помнік, а бюст. Тым ня менш, калі ён стане на плошчы перад Краязнаўчым музэем, думаю, каля яго будуць ладзіцца ўрокі краязнаўства, а жодзінскія маладыя з задавальненьнем будуць ускладаць да помніка кветкі».


АЎТАР І ТВОР

ГАННА ЯНКУТА: «У БЕЛАРУСІ НАСТАЕ ПЕРАКЛАДЧЫЦКІ РЭНЭСАНС»


Ганна Янкута

Ганна Янкута скончыла філялягічны факультэт БДУ і магістратуру пры ім. Са сваімі перакладамі з ангельскіх, польскіх, партугальскіх і нідэрляндзкіх паэтаў патрапіла ў шорт-ліст першай беларускай прэміі для перакладчыкаў. З намінанткаю сустрэлася Валянціна Аксак.


Валянціна Аксак: «Спадарыня Ганна, у перакладах з ангельскай і польскай, а тым больш з расейскай, сёньня ў Беларусі практыкуецца шмат хто, але ў вашым перакладніцкім актыве я заўважыла творы і зь менш папулярнай тут гішпанскай, не кажучы ўжо пра даволі рэдкія звароты да твораў з партугальскай і нідэрляндзкай літаратураў. Дзе вы вывучалі гэтыя мовы, няўжо на філфаку БДУ?»


Ганна Янкута: «Шчыра прызнаюся, што ні партугальскай, ні гішпанскай мовы я ня ведаю. Партугальца Фэрнанду Пэсоа я перакладаю з ангельскай, таму што аўтар гэты быў дзьвюхмоўны. Ён пісаў і па-партугальску, і па-ангельску. Вершы некаторых іншых аўтараў з партугальскай і гішпанскай моваў я рабіла па падрадкоўніках. Нідэрляндзкую мову я сапраўды цяпер вывучаю. Спачатку я вывучала яе самастойна, а цяпер займаюся на курсах».


Аксак: «Вашы пераклады з Чарлза Дыкенса, Фэрнанда Пэсоа, Яна Якаба Слаўэрхофа і Алфрэда Эдварда Хаўсмэна ўвайшлі ў шорт-ліст першай штогадовай літаратурнай прэміі для беларускіх перакладчыкаў. Што гэта за прэмія і што яна азначае ў вашай творчай біяграфіі?»


Янкута: «Прэмія заснаваная супольна інтэрнэт-часопісам „ПрайдзіСьвет“ і Беларускім ПЭН-цэнтрам для таго, каб актуалізаваць праблему перакладаў, а таксама, каб перакладчыкі, як і літаратары, мелі нейкую сваю прэмію. Бо перакладчыкам жа крыўдна ня мець нічога. Літаратары атрымліваюць і „Глінянага Вялеса“, і „Залаты апостраф“, і яшчэ нейкія прэміі, а перакладчыкі, здаецца, твораць таксама, а ніякіх прэміяў для іх няма. Што да мяне, то тое, што мае пераклады апынуліся ў шорт-лісьце, — гэта вельмі вялікая радасьць і вялікі гонар. Безумоўна, гэта натхніла».


Аксак: «Сябры рэдакцыйнае рады „ПрайдзіСьвету“ называюць Вас адной з самых таленавітых маладых перастваральніц па-беларуску твораў усясьветнай літаратуры. Але, наколькі я ведаю, мастацкаму перакладу вы нідзе не вучыліся, дый на хлеб зарабляеце іншым. Тады што для вас гэты занятак? Філялягічныя кшталцаваньні, душэўны адпачынак, духоўнае запатрабаваньне?»


Янкута: «Для мяне пераклады — гэта перш за ўсё творчасьць. Вось як паэт піша свае вершы, так перакладчык таксама творыць, але ўжо крышачку сваім спосабам. Гэта патрабуе пэўных навыкаў. Калі, напрыклад, паэту прыйшла нейкая думка і ён напісаў верш, то перакладчыку трэба ўзяць гатовы тэкст і напісаць яго на сваёй мове так, каб ён выглядаў гэтаксама, як на замежнай мове. Ёсьць шмат сваіх сакрэтаў, як зрабіць, каб, напрыклад, твор ангельскага аўтара гучаў па-беларуску як твор ангельскага аўтара, а твор польскага аўтара, як твор польскага аўтара. То бок чытаеш некалькі радкоў і ўжо адразу ловіш: ага — гэта ў нас Гішпанія, гэта Францыя, гэта Польшча. Мне здаецца, гэта вельмі цікава і мне вельмі падабаецца гэтым займацца, а менавіта прыўносіць у сваё нешта чужое. Атрымліваецца такі сымбіёз і мне здаецца, што гэта таксама творчасьць ня менш цікавая, чым напісаньне ўласных тэкстаў».


Аксак: «Апрача таго, што вы самі сьмела берацеся за творы такіх волатаў усясьветнае клясыкі як Джон Кітс, Эдгар Алан По, Чарльз Дыкенс, Фэрнанду Пэсоа ды іншыя, вы яшчэ і сур’ёзна аналізуеце перастворанае па-беларуску іншымі. У прыватнасьці вам належыць адна з самых грунтоўных рэцэнзій на анталёгію перакладаў „Галасы з-за небакраю“. А як вы ацэньваеце наогул стан сучаснага беларускага перакладніцтва? Чаго яму не хапае?»


Янкута: «Перш за ўсё яму не хапае перакладчыкаў. Здаецца, іх шмат, але калі пачынаеш глядзець канкрэтна па мовах, то мала. Напрыклад, зь нямецкай пяць чалавек перакладае, з французскай — тры, ну, можа, з польскай, украінскай, ангельскай нам пашанцавала больш. Але калі б на гэтую тэму мы гаварылі пару гадоў таму, то я б сказала, мабыць, што сумны стан перакладніцтва. Але цяпер у нас надыходзіць перакладчыцкі рэнэсанс. Будзем спадзявацца, што ў бліжэйшай будучыні ён набудзе больш шырокія маштабы, з часам мы і кніжкі сваіх перакладаў пачнём выдаваць. Загадваць — не загадваць, але марыць можна».


ГАННА ЯНКУТА. З НОВЫХ ПЕРАКЛАДАЎ



Ян Якаб Слаўэрхоф


Камоэнш

Ён, аўтар «Лузіяд», хацеў бадзяцца,
Хацеў быць вольным, кратам насупор,
Ды лёс яго — як катаржная праца
І дар нябёс: пражыць свой мужны твор.

Ён, вязень і ўцякач, стаў забывацца,
Што здрадлівая слава з даўніх пор,
Што муза не ратуе нас, паяцаў, —
І ад чумы, зьнясілены, памёр.

Нам, лёс асуджаным змагаць упарта,
Заўсёды помніць гэты прыклад варта,
Бо ператворыць гора мару ў пыл.

Бо так заўжды было, і ёсьць, і будзе,
Калі з жыцьцём з апошніх б’есься сіл,
Пакуль крывёй твае не сыдуць грудзі.



Фэрнанду Пэсоа


Санэт ХХІІ

Мая душа ёсьць шэсьцем егіпцян,
Што твораць невядомыя абрады
Ў магільні, дзе цяпер — адно туман;
Ня дасьць ніхто іх расшыфроўцы рады.

На іх вачах у даўнія гады
Бог да сьвятых сыходзіў у пустэчах.
Магутнасьць веды сталася тады
Грахом для душ, занадта чалавечых.

Што значыць гэты дзіўны рытуал?
Спрабую ўразумець, пакуль раптоўна
У думках не зьяўляецца правал,
І памяць спусташаецца гвалтоўна.

Напружваю я памяць, каб затым
Глядзець на шэсьце поглядам пустым.



Ўільям Батлер Ейтс

Няма другой Троі

Нашто яе вініць, хоць кола дзён
Мне поўніла пакутай даастачы,
Давала чэрні жорсткі свой закон,
Слабых на моцных кідала наўдачу,
Калі ісьці здалелі напралом?
Што супакоіла б яе бурлівы розум,
Высокі дух, што палымнеў агнём,
Красу, напятую, як лук, што крозам
Сягоньняшнім чужая назаўжды
У існаваньні ўзьнёслым і суровым?
Што ёй, такой, рабіць было тады?
Як Трою зьнішчыць у паходзе новым?



Эдгар Алан По

Цішыня

Бываюць рэчы без увасабленьня
З жыцьцём падвойным сутнасьцяў двайных.
Сьвятло і гліна, рэчыва і цені
Даюць пачатак існаваньню іх.
Дзьве Цішыні ёсьць — берагу і мора,
Душы і цела — першая жыве
У землях суму, у густой траве,
У краі ўзгадак пра былое гора;
Яе ня бойся. Ёй імя — «Учора».
Такая Ціша ўвасабленьне мае,
І сілам зла не авалодаць ёй.
Калі ж аднойчы лёс жыцьцё зламае
І стрэнеш эльфа на мяжы пустой
(Цень Цішы, што выходзіць у дарогу,
Дзе не было людзей), даверся Богу!



Алфрэд Эдвард Хаўсмэн

Кракадзіл, альбо Грамадзкая прыстойнасьць

Няхай сьмяюцца што ёсьць сілы —
Мне кракадзіл зусім ня мілы.
Агідны ён: перадусім
Я шчырасьці ня бачу ў ім.

У тых краях, дзе Ніл зычлівы
Пустэльню робіць урадлівай,
Ля плёсу, дзе шуміць бамбук,
Гуляе голенькі хлапчук,
І сябры Лёнданскае рады
На жаль, ня маюць там улады.
Аднак што там за бервяно
На хлопчыка глядзіць даўно,
Схаваўшыся на свой капыл? —
Суровы й строгі кракадзіл.

«Дзіця ў Адамавай хламідзе!
А раптам эўрапеец прыйдзе
І ўбачыць — о, які канфуз! —
Цябе, мой голы карапуз?
І, не забыўшы пра манеры,
Адразу счырванеюць пэры.
Таму ў сьпякотны гэты дзень
Хаця б мяне пакуль адзень».

І вось зьнікае ў хвалях Ніла
Хлапчук, адзеты ў кракадзіла:
З усёй прыстойнасьцю дзіця
Было пазбаўлена жыцьця.
І маці распачне ў даліне
Эгіпецкі свой плач па сыне,
Ды стогн той іерагліфічны
Ня зьміласьцівіць лёс трагічны.
І кракадзіл рыдае тут,
Хоць і ня зьведаў ён пакут,
Ад сьлёз яго разьліўся Ніл.
Маўчы, ілжывы кракадзіл!

«Задзьмулі гэта мо пасаты,
Ці таюць сьнегавыя шаты?» —
Спытаў фелах, які прыплыў,
Каб нільскі ацаніць разьліў.
Насупіўшы ў Каіры бровы
На Ніл глядзіць сердар суровы,
Яму прамармытаў хедыў:
«Зноў кракадзіл тут слёзы ліў».
Усе заліўшы краявіды,
Узяўся Ніл за піраміды,
І дзе быў Сьфінкс, там сёньня плёс,
Тырчыць адно адбіты нос.



Сэмюэл Тэйлар Колрыдж

Эолава арфа

Задумлівая Сара! Ты шчакой
Мне да рукі прыціснулася, мы
Сядзім, спакойныя, перад хацінай,
Яе схавалі ў цені мірт, язьмін
(Каханьня сымбалі й высокіх цнот).
Глядзім у неба — позьняе сьвятло
Паціху гасьне, ды ўзыходзіць зорка,
Нібыта Мудрасьці зіхоткі знак.
Салодкі водар вецер скраў з палёў
Бабовых, сьвет вакол зусім прыціх,
І лёгкі шэпт аддаленага мора
Расказвае пра цішу.
Лютні гук,
Якая ля вакна вісіць, пачуй!..
І лашчыць кожны ветрыка павеў
Яе, нібы дзяўчыну, што здаецца
Каханаму, гучыць адно папрок,
Каб быў сьмялейшым. Вось кранае ён
Яе струну — і паслухмяна ноты
У хвалях тонуць і ўсплываюць зноў,
Яны — нібыта чарадзейны сьпеў
Тых эльфаў, што выходзяць на зьмярканьні,
Пакінуўшы нам невядомы край,
Дзе птушкамі з чароўных райскіх шат
Гучаць мэлёдыі ў мядовым квеце —
Заўжды няспынна, дзікім, ім лунаць!
Адно жыцьцё ўнутры нас і наўкола,
Яно — адзіны рух, адна душа.
Гучыць сьвятло, сьвятлом палае гук,
У кожнай думцы рытм, у сэрцы — радасьць.
Мяркую, немагчыма не ўсхваляць
Усё, што ўтрымлівае неабсяжны сьвет,
Дзе ветрык грае й ціхае паветра
Ёсьць музыкаю, што на арфе сьпіць.
Так, любая! Калі прылягу я
На схіле вунь таго пагорка ўдзень,
Прымружу вочы й буду сузіраць,
Як таньчаць дыямэнтавыя промні,
Разваг спакойных поўны пра спакой,
Перасячэ фантазій лёгкіх плынь
Мой нерухомы і бязьдзейны мозг,
Нястрыманых, дзівосных, нібы вецер,
Што на ціхмянай лютні сёньня граў.
І што, калі прырода ўся наўкол —
Жывыя Арфы, розныя абліччам,
Што думкамі трымцяць, як праляціць
Праз іх бязьмерны і разумны вецер,
Які Душа ўсяго і Бог для ўсіх?
Ды бачу я ў вачах тваіх папрок,
Каханая! Такія думкі — грэх,
Належыць іх адразу адрынаць.
Ты кажаш, што адзіны шлях — да Бога,
Ціхмяная дачка ў сям’і Хрыста!
Ты не ўхваліла выдумкі мае,
Якія спарадзіў бяздушны розум, -
Як бурбалкам, аднойчы лопнуць ім
У філязофскім марным ручаі.
Ня здольны гаварыць я пра Яго,
Неспасьцігальнага, адно сьпяваць хвалу
З трымценьнем і глыбокай, шчырай верай,
Таму, хто лекаваў душу маю,
І, грэшніку няшчаснаму калісь,
Што заблукаў, спакой падараваў,
І гэтую хаціну, і цябе!