Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Анатоль Верабей і Сяргей Календа


ЛІТАГЛЯД

АНАТОЛЬ ВЕРАБЕЙ: «КАРАТКЕВІЧ ПІСАЎ НА ТРОХ МОВАХ»


Анатоль Верабей
Часопіс «Нёман» у першых трох нумарах за 2010 год апублікаваў невядомую аповесьць Уладзімера Караткевіча «Перадгісторыя». Пра сваю архіўную знаходку дасьледчык Анатоль Верабей расказаў у размове зь Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла: «Спадар Анатоль, калі была напісаная аповесьць «Перадгісторыя» і дзе вы яе адшукалі?»

Анатоль Верабей: «Перадгісторыю» я адшукаў даўно, у сярэдзіне 80-х, калі рыхтаваўся Збор твораў Караткевіча ў 8 тамах (у 9 кнігах). Я тады працаваў у хатнім архіве пісьменьніка і там выявіў гэтую аповесьць. Яна і цяпер там зьберагаецца. Але тады яна не ўвайшла ў Збор твораў. Сыходзячы са зьместу аповесьці, можна меркаваць, што «Перадгісторыя» была напісаная ў студэнцкія гады, у самым канцы 40-х — на пачатку 50-х гадоў. Трэба сказаць, што талент Караткевіча вельмі рана раскрыўся. Першы варыянт сваёй самай вядомай аповесьці “Дзікае паляваньне караля Стаха” Ўладзімер Караткевіч напісаў улетку 1950 году».

Скобла: «Наколькі багаты архіў Караткевіча, і ці няма там яшчэ неапублікаваных твораў?»

Верабей: «Рукапісы Караткевіча захоўваюцца ў розных месцах. Скажам, у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа ў Акадэміі навук. Таксама — у Архіве-музэі літаратуры і мастацтва, у Музэі Караткевіча ў Воршы, у іншых музэях — гэта вялікі архіў. Многае ўжо апублікавана, але яшчэ далёка ня ўсё знойдзена. Напрыклад, сам пісьменьнік згадваў, што ў першыя пасьляваенныя гады ён выдаваў школьны рукапісны часопіс “Званочак”. Там ён зьмяшчаў свае вершы, там была «надрукавана» аповесьць “Загадка Неферціці”. У студэнцкія гады Караткевіч напісаў шэраг цікавых навуковых працаў, скажам, “Цёмныя мясьціны Слова пра паход Ігаравы”. Дык вось, названыя творы пакуль што дасьледчыкам невядомыя. Нават невядома, ці яны захаваліся».

Скобла: «З канца 40-х гадоў «Перадгісторыя праляжала ў пісьменьніцкім архіве. Чаму Караткевіч не рабіў спробаў яе апублікаваць?»

Верабей: «Аповесьць не магла быць апублікаваная пры жыцьці Караткевіча, бо ў ёй пісьменьнік вельмі глыбока закрануў пытаньні грамадзкага жыцьця на землях, дзе панавалі каляніяльныя формы кіраваньня, дзе праяўляліся памкненьні да нацыянальнага вызваленьня. «Перадгісторыя» прасякнутая патрыятычным патасам, у ёй — развагі пісьменьніка пра лёс народу, чалавецтва. Думаю, што Караткевіч захаваў гэты свой раньні твор таму, што ён быў яму дарагі. Там закладзеныя галоўныя тэмы, ідэі, матывы, вобразы, асаблівасьці паэтыкі Уладзімера Караткевіча».

Скобла: «Падзеі ў «Перадгісторыі» адбываюцца ў невядомай краіне, паводле імёнаў герояў таксама складана ідэнтыфікаваць з нацыянальнага гледзішча. Ці вам, як дасьледчыку, гэта зрабіць нескладана?»

Верабей: «У першай частцы аповесьці Караткевіч апісвае падзеі, якія адбываліся многа стагоддзяў таму ў нейкай далёкай краіне. Другая, асноўная, частка складаецца з чатырнаццаці разьдзелаў, і ў ёй падзеі адбываюцца значна пазьней, але на той самай зямлі. І ў трэцім разьдзеле мы знаходзім падказку, якую зямлю меў на ўвазе пісьменьнік. Разьдзел называецца «Каля сьценкі”, і ў ім апісваецца расстрэл удзельнікаў паўстаньня 1863 году і іх камандзіра Грынкевіча. Галоўны герой аповесьці — селянін Ян Вар. Другі герой — Ян Каса. Так што можна сказаць, што яны — беларусы, і падзеі адбываліся на славянскіх і беларускіх землях. Тым больш, у апошнім разьдзеле Караткевіч зьвярнуўся да сямейнага паданьня пра далёкага продка з боку маці Тамаша Грынкевіча, які сапраўды быў расстраляны ў Рагачове ў 1863 годзе».

Скобла: «Перадгісторыя напісаная па-расейску. А на якіх мовах яшчэ спрабаваў пісаць Караткевіч?»

Верабей: «Будучы студэнтам расейскага аддзяленьня філялягічнага факультэту Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Шаўчэнкі, Уладзімер Караткевіч пісаў па-расейску, па-беларуску і па-украінску. Але недзе з сярэдзіны 50-х ён стала пачаў пісаць толькі на беларускай мове».
Ніякага адказу Караткевіч ад Коласа не атрымаў. А вось ад Крапівы атрымаў. Ды такога разноснага ліста, што гэта яго надоўга выбіла з творчай каляіны.


Скобла: «Караткевіч-пачатковец, як і ўсе пачаткоўцы, зьвяртаўся па параду да масьцітых пісьменьнікаў. Наколькі я ведаю, ён дасылаў свае творы тром ужо тады клясыкам — Якубу Коласу, Кандрату Крапіве і Максіму Танку. Ці ўсе разгледзелі ў ім будучага генія?»

Верабей: «Якубу Коласу Караткевіч даслаў “Казкі і легенды маёй радзімы” — агульны сшытак на 129 старонак. Там былі казкі “Вужыная каралева”, “Лебядзіны скіт”, верш “Машэка”… Але ён не атрымаў адказу ад Якуба Коласа. Думаецца, што прычынай тут — сталыя гады Коласа, яго хваробы, грамадзкая занятасьць…»

Скобла: «Але ў Коласа быў літаратурны сакратар — Максім Лужанін».

Верабей: «Ня буду гадаць-варажыць, як там было. Але ніякага адказу Караткевіч ад Коласа не атрымаў. А вось ад Крапівы атрымаў. Ды такога разноснага ліста, што гэта яго надоўга выбіла з творчай каляіны. Вядомы байкапісец параіў Караткевічу ніколі не займацца паэтычнай творчасьцю. А Максім Танк проста ўзяў і надрукаваў часопісе «Полымя» верш «Машэка». І гэты факт, як потым прызаўся Караткевіч, пераламаў яго лёс, ён паверыў у сябе як пісьменьніка. Потым Караткевіч з Танкам гады два перапісваліся».

Скобла: «Год таму вы выступілі з ініцыятывай выданьня Збору твораў Караткевіча ў 25 тамах. Што чуваць з гэтым праектам?»

Верабей: «Ёсьць добрая навіна. З наступнага году ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” павінен выйсьці першы том караткевічаўскага 25-томавіка».


АЎТАР І ТВОР

СЯРГЕЙ КАЛЕНДА: «БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ПАВІННА БЫЦЬ КАСМАПАЛІТЫЧНАЙ».


Сяргей Календа чытае «Казкі. Гісторыі (не) пра нас».
Фота з блогу аўтара.
9 красавіка малады празаік Сяргей Календа прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Казкі. Гісторыі (не) пра нас». Дэбютная кніга Сяргея Календы «Помнік атручаным людзям» выйшла летась. Ён нарадзіўся ў 1985 годзе ў горадзе Капылі Менскай вобласьці, амаль з нараджэньня жыве ў Менску. Скончыў БДУ (факультэт міжнародных адносінаў, аддзяленьне культуралёгіі), дасьледуе сусьветную культуру і літаратуру. Ягоны сьветапогляд і творчыя прынцыпы шмат што гавораць пра найноўшае пакаленьне беларускіх літаратараў. Зь Сяргеем Календам гутарыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Спадар Сяргей, вам усяго толькі дваццаць пяць гадоў, аднак за плячыма ў вас ужо дзьве кнігі…»

Сяргей Календа: «Я заўсёды цікавіўся літаратурай, аднак ніколі ня марыў пра тое, каб стаць пісьменьнікам. Я марыў быць хірургам — навучаўся ў мэдыцынскім, потым я марыў быць музыкам — я граю на клярнэце і саксафоне, але ж так атрымалася, што я скончыў факультэт міжнародных адносінаў у БДУ і мае ўнівэрсытэцкія выкладчыкі зацікавілі мяне літаратурай і літаратурным працэсам. Тым больш, што ва ўнівэрсытэце ў мяне зьявіўся такі файны сябра Дзіма Калейчык — ён цяпер у Літінстытуце ў Маскве вучыцца — і мы зь ім разам пачалі адчыняць літаратурны сьвет».

Аксак: «Некалі Вінцэсь Мудроў, цяпер вядомы беларускі празаік, казаў так, што ён пачаў пісаць таму, што яго не задавальняла тое, што пісалі беларускія празаікі. А каго зь беларускіх пісьменьнікаў вы бераце сабе за прыклад? Ці ёсьць для вас такія наогул?»

Календа: «Я вельмі паважаю Бахарэвіча, паважаю Станкевіча, але Станкевіча ня вельмі люблю, бо занадта шмат у яго нацыяналізму — ну гэта маё асабістае меркаваньне. Паважаю Федарэнку. Аднойчы, гадоў шэсьць ці сем таму, вельмі ўразілі дзёньнікі Кузьмы Чорнага. Караткевіча вельмі паважаю. Але ж я ніколі сябе не параўноўваю ні зь кім зь літаратараў ня толькі беларускіх, але і сусьветных».

Аксак: «Вы пачыналі пісаць па-расейску, потым перайшлі на беларускую мову. Чаму?»

Калі б я ведаў добра ангельскую мову, то пісаў бы па-ангельску.
Календа
: «Для мяне не існуе такога пытаньня як мова. Калі б я ведаў добра ангельскую мову, то пісаў бы па-ангельску. Для мяне галоўнае — гэта сама літаратура. І трэба выходзіць за мяжу, за мяжу лінгвістыкі ці за мяжу нацыі, таму што беларуская літаратура мусіць быць ня толькі вядомай, але ж і цікавай, і існаваць па-за мовай і па-за культурай. Яна павінна быць касмапалітычнай».

Аксак: «Дык чаму ж вы тады пішаце па-беларуску, а не па-расейску ці па-ангельску, скажам?»

Календа: «Я — беларускі пісьменьнік, я ведаю беларускую мову. Для мяне самае вялікае будзе шчасьце, калі выйдзе мая перакладзеная, напрыклад, на ангельскую мову кніжка і на ёй будзе напісана, што гэта пераклад зь беларускай».

Аксак: «А вы яшчэ чым-небудзь займаецеся, апроч літаратуры?»

Календа: «Вучуся ў асьпірантуры. Але я ўжо даўно туды не хадзіў, то мо ўжо й не навучаюся там (сьмяецца)».

Аксак: «Ці корміць вас літаратура?»

Календа: «Духоўна».

Аксак: «Існуе меркаваньне, што прафэсійным літаратар можа сябе лічыць тады, калі есьць хлеб з гэтага. Што думаеце на гэты конт?»

Календа: «Так, але ж калі літаратар становіцца прафэсійным, ён ужо не такі цікавы літаратар. Усё ж такі літаратура — гэта змаганьне».

Аксак: «За што?»

Календа: «За літаратуру, за жыцьцё, за філязофію. Калі ў цябе па жыцьці ўсё ладна і ты становісься прафэсійным літаратарам, ты ўжо не адчуваеш нейкага крызысу ці існаваньня на мяжы. Шмат якія самыя цікавыя творы былі напісаныя на мяжы паміж жыцьцём і сьмерцю ці багацьцем і беднасьцю. Любы самы вядомы твор калі ўзяць, то адразу ўзгадваецца, як цяжка было літаратару ня проста яго пісаць, а як цяжка яму як чалавеку было жыць…»

Аксак: «Напрыклад, Льву Мікалаевічу Талстому…»

Календа: «Ну, Талстой — гэта іншае. Прычым, я заўсёды зьдзіўляюся, чаму Талстой, а не Дастаеўскі — велічыня для расейцаў. Талстой не адчуў унутранай цяжкасьці, унутранай філязофіі, каб выпісаць пэрсанажаў. Дастаеўскі прыйшоў да гэтага, але Дастаеўскаму жылося цяжка».

Аксак: «Калі браць гэты крытэр, то беларускія літаратары павінны спрэс ствараць шэдэўры, бо жывецца многім зь іх зусім дрэнна. Аднак жа…»

Календа: «Не, усё ж такі ніколі ўсе літаратары ня будуць пісаць шэдэўры. Заўсёды знойдзецца адзін-два, якія змогуць напісаць іх, астатнія будуць пісаць добрую, якасную літаратуру. Я люблю і паважаю тых літаратараў, якія шукалі ў жыцьці менавіта тую форму, якую трэба выпісаць, менавіта тых людзей, пра якіх варта пісаць. Я — прыхільнік «цяжкіх», экзістэнцыйных пісьменьнікаў, якія самі пражылі такое жыцьцё і пісалі пра гэта. Ёзаф Рот, Дзюрэнмат, Кутзэе… Самыя лепшыя кнігі ў Флабэра цяжка выношваліся і пісаліся. Канечне, ня трэба пасыпаць голаў попелам, каб напісаць нешта філязофскае, але ж і за грашыма гнацца ня трэба».

Аксак: «Давайце вернемся да жанру вашай новай кнігі. Чаму менавіта казкі?»

Календа: «Так атрымалася, што першая мая кніжка цалкам пра маргіналаў, брыдкія апавяданьні, цяжкія. Шмат каму не цікава гэта чытаць, таму што вельмі кепска сябе адчуваеш, калі чытаеш, і я сябе вельмі кепска адчуваў, калі іх пісаў. Таму казкі — гэта як духоўны адпачынак. Першую казку я пабачыў сьне. Было вельмі цікава яе бачыць і зранку запісваць. І я падумаў, а чаму б не казкі ў супрацьвагу першай кнізе. Пісаць казкі было ня толькі лёгка, але я меў і шчырае задавальненьне. Тым больш, што мастачцы Васілісе Палянінай спадабаліся некаторыя казкі і яна адразу прапанавала малюнкі да іх. Атрымалася ўсё цудоўна, тым больш, што казкамі вельмі лёгка данесьці філязофскі сэнс. У казках ня трэба змагацца ў празаічнай прасторы. Як у апавяданьні, але ж нашмат лягчэй пра нешта сказаць чытачу».

Сяргей Календа. Казка пра няпростую Рыбку, яркую Зорачку ды ніцую Вярбу


Жыла-была Рыбка. Яна плавала на дне каламутнай ракі, але, у адрозьненьне ад сваіх сяброў, братоў і сясьцёр, заўсёды цікавілася тым, што было ўгары, на паверхні.

І штораз, калі надыходзіла ноч, яна глядзела на чорную роўнядзь вады, у якой плавалі зоркі і месяц. І кожную ноч выплывала на паверхню, ды… знаходзіла там толькі пустэчу.

Атрымлівалася, што зоркі і месяц вельмі і вельмі далёка! І штораз яна крыўдавала, што роўнядзь вады — усяго толькі ілюзія, а зоркі і месяц — толькі адлюстраваньні сапраўдных зорак і месяца! А вакол — проста цёмная начная прастора. Але Рыбка ведала, што Зорачка, якая сьвеціць ярчэй за ўсіх, робіць гэта толькі для яе. Яна была ўпэўнена ў гэтым!

А Зорачка сапраўды сьвяціла толькі для Рыбкі, таму што яна заўважыла яе яшчэ тады, калі тая ўпершыню выплыла на паверхню, і доўга, пільна глядзела на яе. І Зорачцы так спадабалася Рыбка, што яна захацела сьвяціць яшчэ ярчэй, каб аднойчы, можа быць, спусціцца да яе, абняць і сказаць: “Прывітаньне, Рыбка!”. Але ні ў Рыбкі, ні ў Зорачкі, як бы адна ні плыла ўсё вышэй і вышэй, а другая ні сьвяціла ўсё ярчэй і ярчэй, нічога не атрымлівалася.

Але Рыбка ўсё роўна вельмі любіла Зорачку.

Аднойчы, у чарговым сваім падарожжы наверх, Рыбка сустрэла на беразе ракі Крумкача, які сядзеў на галінцы ніцай Вярбы амаль над вадой. Рыбка ўпершыню ўбачыла крылы і зразумела, што яшчэ ня ўсё страчана. Калі птушка адкрые ёй сакрэт палётаў, дык, магчыма, яна зможа даляцець да яркай Зорачкі!

— Паважаная птушка, у вас ёсьць крылы. Значыць, вы можаце лётаць. Скажыце, калі ласка, як я магу даляцець да маёй Зорачкі? — зьвярнулася Рыбка да Крумкача.

Крумкача спалохала, што зь ім хтосьці размаўляе. Ён сядзеў на галінцы ў задуменьні і не адразу ачнуўся ад сваіх думак, і не адразу заўважыў, хто гэта зь ім гаворыць.

Зірнуўшы ўніз, ён ўбачыў на паверхні ракі Рыбку. І адказаў ёй. Але адказ гэты быў, як прынята ў крумкачоў, з пэўнай хітраватай зацікаўленасьцю.

— Рыбка, ты можаш проста ўзмахнуць плаўнікамі і ўзьляцець да Зорачкі, — адказаў ён, і, адштурхнуўшыся ад галінкі Вярбы, узмахнуўшы крыламі, пачаў лётаць вакол Рыбкі, паказваючы, як гэта робіцца. Зрабіўшы некалькі кругоў над вадой, крумкач паляцеў кудысьці, пакінуўшы Рыбку ў зьбянтэжанасьці і задуменьні. Рыбка не магла зразумець, якім чынам і ў якім выпадку яе плаўнікі дапамогуць ёй лётаць.

Рыбка плавала цэлую ноч, разважаючы пра майстэрства палёту і ўзгадваючы ўсе рухі Крумкача.

Наступіла раніца. Яркая Зорачка, якая ўсю ноч была на небасхіле, зараз вельмі хацела спаць. Міргнуўшы Рыбцы на развітаньне, яна сышла.

А Рыбка з раніцы і да вечара рыхтавалася да палёту.

Калі нарэшце пачало цямнець, Рыбка была шчасьлівая. Яна зразумела сакрэт, як даляцець да яе любімай Зорачкі!

І калі стала зусім цёмна, яна разагналася па роўнядзі ракі, выскачыла з вады і замахала плаўнікамі з усіх сіл!

Але, як ні старалася Рыбка, Зорачка ўсё роўна была вельмі далёка, а Рыбка, выбіваючыся зь сіл, ляцела, ляцела, ляцела…

Зорачка сьвяціла ўсё ярчэй і ярчэй, яна была шчыра ўдзячная і задаволеная — да яе ляціць Рыбка, і сваім сьвятлом яна спрабавала дадаваць ёй сілы. Але Рыбка, зусім зьнясілеўшы, упала на бераг, на якім не было і кроплі вады, толькі галінкі вярбы мялі пясок з боку ў бок…

Рыбка паспрабавала зноў узьляцець на сьвятло Зорачкі, якой ужо дапамагалі Месяц і ўсе яе браты і сёстры на небасхіле, яны асьвятлялі бераг, але гэта не дапамагала. Рыбка працавала плаўнікамі, але дарэмна, толькі разьлятаўся ў розныя бакі пясок…

Ніцая Вярба сваімі галінкамі спрабавала падкінуць Рыбку ўверх у надзеі, што гэта дапаможа, але таксама безвынікова…

Зорачка заставалася ўсё гэтак жа далёка…

Расстраціўшы сілы дарэшты, Рыбка ўсё роўна не магла зьмірыцца з гэтай непераадольнай адлегласьцю і не жадала вяртацца ў ваду, як ні прасіла яе Вярба…

А калі наступіла раніца, яркая Зорачка не сьпяшалася сыходзіць з небасхілу, яна глядзела на Рыбку і бачыла, што тая не варушыцца.

І тады Зорачка вырашыла, што калі не суджана ёй злучыцца з Рыбкай, яна пакіне ёй сваё самае каштоўнае, што ў яе ёсьць…

Яна пакіне ў люстраных вачах рыбкі сваё цудоўнае і яркае сьвятло, а сама назаўжды згасьне, засьне…

Згаснуўшы, Зорачка стала шэрай, непрыметнай на небасхіле сярод сваіх братоў, сясцёр і Месяца.

А Вярба падняла сваімі галінкамі зь зямлі Рыбку, ахінула яе зялёным лісьцем і паклала ля сваіх каранёў.

І толькі чорныя пацеркі вачэй Рыбкі сьвяціліся і мільгацелі яркай Зорачкай дзень і ноч. І дзень, і ноч…


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG