Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У "Доме літаратара" Ірына Багдановіч і Соф'я Жыбулеўская


Новая перадача сэрыі "Дом літаратара". Эфір 10 красавіка


КНІГАРНЯ


СОФ'Я ЖЫБУЛЕЎСКАЯ: "ХАЧУ ЗРАБІЦЬ "КНІЖНЫ САЛЁН" НАЙЛЕПШАЙ КНІГАРНЯЙ У БЕЛАРУСІ"


5 красавіка ў Менску адчынілася новая кнігарня. Як на двухмільённы горад – шараговая падзея. Але адметнасьць гэтай кнігарні ня толькі ў тым, што яна прыватная, што само па сабе – рэдкасьць у нашых шыротах, ня толькі ў шматабяцальнай назьве – "Кніжны салён", ня толькі ў тым, што на яе паліцах пераважае беларуская літаратура (гэтым можа пахваліцца хіба яшчэ недзяржаўная "Галерэя Ў", але найперш тым, што дырэктаркай новай кнігарні стала легендарная Соф'я Жыбулеўская, звольненая летась з "Акадэмкнігі". Спадарыня Жыбулеўская сама сустракае ўсіх наведнікаў "Кніжнага салёну" як дарагіх гасьцей. У іх ліку днямі была і наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: "Спадарыня Жыбулеўская, "Кніжны салён" – назва, якая гучыць даволі арыстакратычна. Як на вашу думку, ці не дысануе яна з тым становішчам, у якое загнаная сёньня кніга ў нашай дзяржаве, а беларуская кніга тым больш?"

Соф'я Жыбулеўская
Соф'я Жыбулеўская:
"Я не зусім згодная з вашай ацэнкай становішча нашай кнігі ў дзяржаве. Я працавала ў краме "Акадэмкніга", і ў нас быў вельмі дастойны аддзел беларускай кнігі. Мы шукалі беларускую кнігу. У нас былі шчыльныя сувязі і з прыватнымі, і зь дзяржаўнымі выдавецтвамі, былі сувязі з аўтарамі. І калі аўтар выдаваў кнігу, то мы хацелі знайсьці яе дзе б яна ні выдавалася, кім бы яна ні выдавалася, і знаходзілі нават за мяжой. Калі яна была дастойная, калі яна мела навуковую базу – то шукалі тым больш. І ніхто нам не казаў, што гэтая кніга ня вартая быць на вашых паліцах. І мне здаецца, што паважалі "Акадэмкнігу" за нашу працу зь беларускай кнігай. Трэба, мне падаецца, працаваць самааддана, паважаць нашу кнігу, паважаць нашых аўтараў і ў гэтым ніхто пагрозьліва не ківае нам пальцам".

Аксак: "А якія прынцыпы фармаваньня асартымэнту вы закладваеце ў новай кнігарні?"

Жыбулеўская: "Я думаю працягнуць працу зь беларускай кнігай на такіх жа прынцыпах, якія мела ў "Акадэмкнізе", а мабыць і навінаў дададзім. Будзем ладзіць больш сустрэчаў з аўтарамі, прэзэнтацый кніг, таму што краму "Кніжным салёнам" мы назвалі невыпадкова. Хочам, каб выглядаў ён адпаведна назьве ня толькі па абсталяваньні, па ўтульнасьці, цяплу стасункаў з пакупнікамі, але каб яны ведалі нашых аўтараў. Хочам запрашаць аўтараў, выдаўцоў, каб яны распавялі, як кніга стваралася. На гэтым мы будзем засяроджвацца, каб адпавядаць той назьве, якую далі новай кнігарні, каб атмасфэра ў ёй была дастойная самага паважанага пакупніка, самага паважанага выдаўца і самага паважанага аўтара".

Аксак: "Сярод паважаных чытачамі аўтараў ёсьць такія, якія нязручныя для сёньняшняй улады. Ці будзеце вы зь імі працаваць?"

Жыбулеўская: "Мне падаецца, што часта ўлада тут ні пры чым. Вось кажуць, што сёньня ўсе баяцца прадаваць кнігі Васіля Быкава, а ў нас ён быў у "Акадэмкнізе" і ёсьць тут, Рыгор Барадулін быў і ёсьць. Мне падаецца, што гэтую боязь распускаюць малаадукаваныя чыноўнікі. Мяне зволілі з "Акадэмкнігі" не за тое, што мы прадавалі Быкава і Барадуліна".

Аксак: "А вы можаце сказаць, з-за чаго ўсё-ткі не працягнулі з вамі кантракту ў "Акадэмкнізе?"

Жыбулеўская: "Я ўжо пэнсіянэрка і такая была агучана прычына, што трэба абнаўляць кадры".

Аксак: "Але ж тут ваш досьвед пераважыў ваш узрост…"

Жыбулеўская: "Канечне, вопыт у мяне ёсьць – працавала з кнігай усё жыцьцё. І ўладальніца гэтай крамы зацікавілася маім вопытам, яна тры месяцы мяне ўгаворвала прыйсьці сюды, а я ўсё адмаўлялася. Яна размаўляла са мной як вялікі псыхоляг, і я ўрэшце згадзілася".

Аксак: "Якія кнігі цікавяць вашых першых пакупнікоў?"

Жыбулеўская: "Ёсьць такія, якія цікавяцца прамысловай кнігай, ёсьць такія, якім трэба кнігі пра рыбалку, а ёсьць тыя, якім цікавыя кнігі пра архітэктуру і мастацтва, іншым цікавы аддзел філялягічных выданьняў. Карацей, разнастайны попыт, які задаволіць нам складана, бо плошча крамы невялікая і ўзяць усё – значыць зрабіць хлеў. Гэта ня наша мэта. Таму ў нас цяпер складаны выбар – як зрабіць так, каб пакупнік наш быў асаблівы і адначасова, каб ён знайшоў у нас тое, што хоча. Адзін зь першых нашых наведнікаў Генадзь Бураўкін сказаў, што спатрэбіцца паўгода, каб сфармаваць асартымэнт. Я думаю, што трохі раней мы гэта зробім".

Аксак: "А ці прыйшлі ўжо ў "Кніжны салён" тыя, хто шмат гадоў прыходзіў у "Акадэмкнігу", прыйшлі менавіта да Соф'і Антонаўны Жыбулеўскай?

Жыбулеўская: "Мне вельмі было прыемна, што мяне не забыліся. На нядаўняй кніжнай выставе многія падыходзілі і пыталіся, як складваецца мой лёс. Я гаварыла ім не пра сябе асабіста, а пра новую кнігарню. І сюды ўжо прыйшлі мае сталыя пакупнікі. Я ім выказваю вялікую ўдзячнасьць, але павага людзей змушае думаць, як зрабіць, каб наша кнігарня была найлепшай у Беларусі. Спадзяюся, мы гэта зробім".

АЎТАР І ТВОР


ІРЫНА БАГДАНОВІЧ: "ЛІТАРАТУРА – ГЭТА ПАКЛІКАНЬНЕ"


Сапраўдныя творцы – заўсёды шчодрыя. Яны безаглядна дзеляцца са сьветам ня толькі лішкам, але і неабходным для сябе. Прыклад такой шчодрасьці – паэтка Ірына Багдановіч, якая не шкадуе сябе для іншых. Для студэнтаў, якіх навучае. Для паэтаў, якіх перакладае. Для пісьменьнікаў, якія даўно адышлі ў лепшы сьвет. Пра творчы альтруізм ды іншае зь ёю паразмаўляў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: "Ірына, на Радаўніцу беларусы ўспамінаюць і ўшаноўваюць памерлых. Перад нашай гутаркай я зазірнуў у каляндар і пабачыў, што толькі на пачатак красавіка прыпадалі наступныя даты: 540 гадоў з дня народзінаў Міколы Гусоўскага, 120-годзьдзе Янкі Нёманскага, 130-годзьдзе Язэпа Дылы… Гэта слаўныя імёны нашай літаратуры, але я нешта ня чуў, каб пра іх недзе ўзгадалі, зладзілі ўшанавальныя імпрэзы…"

Ірына Багдановіч
Ірына Багдановіч:
"Я магла б да гэтага шэрагу дадаць яшчэ колькі слаўных датаў і імёнаў. Напрыклад, у лютым было 120-годзьдзе з дня нараджэньня Казімера Сваяка – вядомага паэта і сьвятара. У сакавіку споўнілася 170 гадоў з дня нараджэньня Францішка Багушэвіча – патрыярха нашага Адраджэньня, якога шануюць усе беларусы. Няма такога беларуса і беларусіка, які б ня ведаў гэтае імя. Так што сапраўды ёсьць нагода ўспомніць нашых клясыкаў, нашу літаратурную эліту, тых, на каго мы раўняемся, арыентуемся, тых, хто нам грэе душу сваёй творчасьцю. Сапраўды, не была гучна адзначаная ні адна дата, выключэньнем хіба ёсьць гадавіна нараджэньня Казімера Сваяка. На Астравеччыне, на радзіме Сваяка, людзі памятаюць свайго паэта, сьвятара і духоўнага лідэра".

Скобла: "Існуе гэткае пашыранае меркаваньне, што творчы чалавек – эгаіст, заняты выключна самарэалізацыяй. Гэта – нармальная зьява ці анамальная?"

Багдановіч: "Пэўная самакансэрвацыя, самаўвязьненьне ва ўласнай творчасьці можа даваць плён, але трэба, мне здаецца, шукаць выхады ў творчы сьвет іншага. Можа быць, гэта цябе ўзбагаціць, можа, пашырыць тваё творчае ego. Калі ёсьць чым падзяліцца і ёсьць з кім гэтым падзяліцца, то трэба, мабыць, дзяліцца. Мне здаецца, што творчы эгаізм арганічна ўласьцівы любому творцу, бо ёсьць маса зьнешніх фактараў, якія заўсёды будуць на гэты твой эгаізм пасягаць. Вельмі шмат зьнешніх абставінаў, якія хочуць валодаць тваім часам, тваёй свабодай, тваім “я”. І трэба часам змагацца за тое поле ўласнай творчасьці, уласнай дзейнасьці, якое толькі тваё, на якое ты маеш права ад Бога, ад прыроды".

Скобла: "Вы ніколі не шкадавалі сябе і свайго часу для кагосьці. Вось і нядаўна для сэрыі "Беларускі кнігазбор" вы падрыхтавалі дыхтоўны том згаданага ўжо Казімера Сваяка. Мне ён заўсёды здаваўся паэтам аднаго невялікага зборніка "Мая ліра" (Вільня, 1924). А вы склалі вялікі том. Адшукаліся новыя творы?"

Багдановіч: "Літаратура – гэта пакліканьне, і ў літаратуры ёсьць пакліканьне. Я не магу ў сваім творчым эгаізьме пачувацца нармальна, мне трэба выходзіць "на людзі". Таму я заўсёды радуюся, калі мяне нехта кліча, хто ўжо сам ня можа зрабіць. Такіх пакліканьняў у мяне было некалькі. Так было, напрыклад, з Зоф'яй Манькоўскай, якую я перакладала, яна не адпускала мяне, проста жыла ўва мне. А Казімер Сваяк ужо даўно хвалюе мяне як творчую асобу, як чалавека. Я, відаць, хадзіла б на імшу да гэтага сьвятара, калі б мы супалі зь ім у часе. Гэта быў незвычайны чалавек. Насамрэч, апрача “Маёй ліры”, гэтага гожага зборнічка, Сваяк напісаў вельмі шмат. Спадчына яго, па-першае, ня толькі паэтычная. Гэта і мэмуарыстыка, і вельмі цікавая проза, напісаная вельмі сакавітаю моваю, яна і жартоўная, і сацыяльна-бытавая – гэта надзвычай цікавыя ўзоры беларускай прозы".

Скобла: "У свой час мяне зьдзівіла, што паэт-ксёндз Казімер Сваяк пісаў эратычныя вершы".

Багдановіч: "Так. Ёсьць у яго верш "Эрас і Псыха" – пераробка вядомых вобразаў міталягічных. Ёсьць і вершы-імпрэсіі, напрыклад, “Цьвіце краска і вяне”. Ён быў сьвятаром, але ж Бог нам запаведаў любоў, і гэтая высокая ва ўсіх сэнсах любоў была даступная ва ўсіх яе абліччах таксама і яму. Толькі ён, відаць, мусіў гэта па-свойму перажываць і рэагаваць на гэта нейкім іншым чынам, чым рэагуюць людзі простыя, сьвецкія. Сваяк быў вельмі складанай асобай, бо чалавек-сьвятар стаіць яшчэ перад большымі спакусамі жыцьця, чым чалавек просты, і, тым ня менш, ён годна нёс гэтыя два свае пакліканьні – сьвятарскае і паэтычнае".

Скобла: "Калі спадчына Сваяка пабачыць сьвет?"

Багдановіч: "Я спадзяюся, што да лета яна будзе выдадзеная, яна ўжо амаль зробленая, засталіся толькі апошнія штрыхі".

Скобла: "Пасьля Сваяка хто будзе вашым наступным пакліканьнем?"

Багдановіч: "Хіба Францішак Багушэвіч. Мы і пакаленьні перад намі прапусьцілі вельмі істотнае ў Багушэвічу – рэлігійны дух, дух Бібліі, якім насычаная яго творчасьць. А бяз гэтага немагчыма зразумець Багушэвіча. Мы яго чыталі як паэта сацыяльнага спачатку, пазьней – як паэта нацыянальнага, а цяпер мне хочацца паказаць яго як паэта духоўнага".

ІРЫНА БАГДАНОВІЧ. З БУДУЧАЙ КНІГІ "ДУША ЛІСТАПАДУ"

Проста прагаварыць

Ня думаць аб тым,
каму наканавана слава,
каму забыцьцё,
ня думаць аб тым,
каму быць апошнімі,
каму першымі…

Не наракаць,
не чыніць прысудаў,
проста дзякаваць
за жыцьцё,
проста прагаварыць свой лёс
вершамі…

Кірмаш трубадураў

На кірмашы трубадураў
шыку і бляску нямала,
тропаў ды іншых фігураў,
слоў, пераплеценых дбала,
зорных узораў натхненьня,
чынных прычын для каханьня,
згубы, самоты, збавеньня,
пыхі, трыюмфу, змаганьня…
Паміж тых яркіх прылаўкаў
лёгка, бы ў лёхах, зблудзіцца,
між штукароў і штукаркаў,
забаўкай, зброяй зманіцца.
Ходзяць цікаўныя людзі
па кірмашы тым, шукаюць:
хтосьці сьвядоцтвы аб цудзе,
іншыя праўды чакаюць.
Выстаўлю тут самаробны
свой сьветамір, бо мне рупіць –
можа, дзівак, мне падобны,
згледзіць яго ў кутку й купіць...

Хворая зорка

прастыла зорка
ў холадзе касьмічным
хто зорку вылечыць
ад той прастуды
хіба паэта позірк у нябёсы

Ласкава

у душы так ласкава-ласкава
як быццам прытулілася да Бога
або Бог прытуліўся да мяне

Ага...

(урок беларускай мовы 1)

знайшлося нарэшце
слова маё дарагое
АГА
згубілася
ў звыклым суседзкім
даканні ды таканні
у адыходным ад сэнсу але
дзякую табе
добры мудры
дзядзечка Насовіч
за тое
што ў тваім Слоўніку
толькі гэтае слова
АГА
выяўляе нашу беларускую
сьцьвярджальнасьць

Васпан

(урок беларускай мовы 2)

згубілася шляхетнае слова
зьзімела ў вятрах пралятарскіх
на раздарожжах падзей
і перайначваньняў ладу
выкінулі яго
як зьедзены мольлю кунтуш
як іржою пабітую шаблю
на сьметнік разам з “панамі”
ды іхнымі гербамі
пераможанае “таварышам”
а потым “мужчынам” і “жэншчынай”
яно сумуе там
дзе годнасьць і самавітасьць
аддзеленыя ад лёсу народу
перасохлай пустыняй
цяперашняга нямоў’я
гукаю ў паветра ВАСПА-А-Н…
рэха прыносіць ВАСПА-А-НІ…

Краты

Я прывыкла да кратаў
вершаваных
і штодзённых,
да ўпарадкаваных сэнсаў
і руху ад учора да заўтра…
І раптам нязнаная
свабода
выходзіць з патаемных спратаў
і кажа:
гэта вельмі клясна,
і кажа:
гэта проста супэр!
І паваліўся парадак,
і ўчыніўся вэрхал,
і пайшлі вадаспадам
вэрхалавершы
і вэрхалабудні,
і лёс як салодкі тэўхаль…
і сум па страчаных кратах…

У Завосьсі

Над родным краем – шэлест ветру,
Трымціць лістота і здаецца,
Чуваць, як б’ецца ў яе нетрах
Адама рыцарскае сэрца.
Пульсуе дух яго натхненьня
Па-над усім тут: полем, гаем,
Па-над фальваркам – як карэньнем,
Якім ў айчыну мы ўрастаем.
Яго любоў нас паяднала
І цэлебруецца, як меса.
Любоў – для прыйсьця яе стала
Завосьсе брамаю нябеснай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG