Як заявіў журналістам кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю генпракуратуры Беларусі Пётр Кісялёў, «генпракуратура Беларусі атрымала з Кіргізстана запыт аб выдачы Курманбека Бакіева».
«Гэты запыт — тры старонкі тэксту — прыйшоў па факсе», — паведаміў Кісялеў. Для таго, каб разглядаць пытаньне адносна экстрадыцыі беглага кіргіскага прэзыдэнта, неабходны ня толькі запыт, але і матэрыялы крымінальнай справы. Паводле прадстаўніка беларускай генпракуратуры, акрамя запыту ў якасьці дадатку ў Менску чакаюць цэлы пакет дакумэнтаў прыкладна на 20 старонак, падае агенцтва ІТАР-ТАСС.
Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі ад 19 красавіка. 4 траўня кіраўніца часовага ўраду Кіргізстану Роза Атунбаева падпісала дэкрэт адносна пазбаўленьня яго прэзыдэнцкай недатыкальнасьці. У той жа дзень беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца выдаваць Бакіева новым кіргіскім уладам.
Сёньня раней Роза Атунбаева заявіла ў Бішкеку, што часовы ўрад мае намер дамагацца экстрадыцыі Бакіева.