Рада руху "За Свабоду" прыняла рашэньне вылучыць лідэра арганізацыі Аляксандра Мілінкевіча прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі.
Як падае БелаПАН, Рада руху "За Свабоду" на пасяджэньні 30 красавіка прыняла рашэньне вылучыць лідэра арганізацыі Аляксандра Мілінкевіча прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч.
Паводле яго слоў, у сёньняшнім паседжаньні ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімір Колас і Анатоль Гуляеў. "Яны выказалі свой пункт гледжаньня на будучую прэзыдэнцкую кампанію, на мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл. Іх меркаваньне было прынятае да ўвагі", — адзначыў Губарэвіч.
Таксама, паводле слоў Губарэвіча, кіраўніцтву руху "За Свабоду" даручана правесьці кансультацыі з партнэрамі па Беларускім незалежніцкім блёку (БНБ) і кіраўнікамі іншых палітычных структур аб магчымым супрацоўніцтве падчас выбарчай кампаніі. "Таксама прынятая адозва да іншых дэмакратычных грамадзкіх аб'яднаньняў з заклікам узяць удзел у выбарчай кампаніі і падтрымаць Мілінкевіча ў якасьці прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду", — сказаў Губарэвіч.
Ён адзначыў, што ў панядзелак, 3 траўня, у менскім гатэлі "Эўропа" рух "За Свабоду" правядзе прэс-канфэрэнцыю, на якой яго прадстаўнікі паведамяць пра сваё бачаньне стратэгіі выбарчай кампаніі.
Нагадаем, пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі ўжо заявілі такія палітыкі, як Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, Сяргей Гайдукевіч.