І праўда – на што? Усе экспэрты, якія паважаюць сябе, адзначыліся ў ацэнках, што «Акела прамахнуўся», асабліва пасьля апошняй прэсавай канфэрэнцыі К. Бакіева, дзе той выказаў гатоўнасьць дапамагчы асобам, якіх яшчэ пару дзён таму называў бандытамі, прызнаў, што адрачэньне ад пасады ўсё ж напісаў, і нарэшце заявіў, што легітымнасьць сваю мае намер дэманстраваць дыстанцыйна. А тут яшчэ і Дз. Мядзьведзеў са сваімі намёкамі пра «прытулак для тых, хто страціў працу». Ну можа і прамахнуўся. Але каб вызначыць гэта, варта было б дакладна сфармуляваць, куды ж А. Лукашэнка зьбіраўся К. Бакіевым пацэліць.
У адказах недахопу няма, імі зараз як раз пераважна і запоўненыя газэтныя і інтэрнэтныя старонкі. І ня тое, каб яны былі няправільныя ці недакладныя, хутчэй занадта абстрактныя. Тое, што Лукашэнка, прыгрэўшы Бакіева і фактычна прымусіўшы яго працягваць барацьбу, кінуў камусьці выклік і накіраваў нейкае пасланьне – ўсе правільна. Але для гульца, які разьлічвае на цалкам канкрэтную выгаду, хай сабе і зьвязаную з рызыкай, неяк расплывіста. Гаворыцца таксама, што Лукашэнка ўлез у вялікую гульню па самых высокіх стаўках. Цяплей, але ізноў жа – якія ягоныя ўласныя стаўкі? Апалягетычныя трактоўкі таксама не даюць адказу на пытаньне, бо апісваюць сытуацыю ў катэгорыях каштоўнасьцяў – легітымнасьць, вернасьць, абавязкі, малыя дзеткі Бакіева і г.д. Можна спрачацца з тым, ці прыдатныя да аналізу сытуацыі менавіта гэтыя каштоўнасьці, але і апалягетыка такога кшталту не тлумачыць, што ж канкрэтна можа выйграць Менск.
Тлумачэньні самога беларускага прэзыдэнта таксама наўпрост не даюць адказу на пытаньне, на што ж ён разьлічвае. І ён, як і яго апалягеты, у асноўным падкрэсьлівае маральна-палітычны бок. Хаця нейкі намёк у ягоных тлумачэньнях, зробленых падчас выступу з пасланьнем, усё ж прагучаў:
“Я ня думаю, што там сытуацыя цалкам разрадзілася. Той, хто апладзіруе і разьлічвае на тое, што ў Кіргізіі сышоў, няма Бакіева... Бакіеў нікуды не сыдзе, гэта ня той чалавек. Ён сябе лічыць на сёньняшні дзень прэзыдэнтам, і, я яшчэ раз падкрэсьліваю, і народ там сёньня ацьвярозеў, нават тыя, якія штурмавалі, і — «вярніце нашага прэзыдэнта».
Наконт “вярніце” – гэта, мякка гаворачы, перабольшваньне. А вось наконт таго, што сытуацыя “не разрадзілася” – можа ў гэтым пэўная рацыя і ёсьць. А як менавіта можа яна “не разрадзіцца” на карысьць Лукашэнкі?
Так выглядае, што такіх сцэнароў як мінімум два.
«Хаос»
Першы – гэта сцэнар «Хаос». Насамрэч сапраўдным апанэнтам новых кіргіскіх уладаў зьяўляецца зараз зусім не зрынуты прэзыдэнт, а менавіта хаос. Зразумела, сам часовы ўрад заяўляе пра тое, што цалкам кантралюе сытуацыю ў краіне, ледзь не з 8 красавіка. Часовыя ўрады (і нечасовыя таксама) заўсёды гэтак заяўляюць. Але важна тое, як яно насамрэч, а можа яшчэ больш важна – як гэта ацэньваюць за мяжой, і асабліва тыя, хто трымае ключы ад Бішкеку. А гледзячы па ўсім – ня надта. Цяжка западозрыць цяперашнія расейскія ўлады ў адсутнасьці сымпатыяў да новых кіргіскіх уладаў. Тым болей пагрозьліва прагучала фраза Мядзьведзева, што Кіргізстан «знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны і распаду» і «на яго месцы можа ўзьнікнуць другі
Сапраўдным апанэнтам новых кіргіскіх уладаў зьяўляецца зараз зусім не зрынуты прэзыдэнт, а менавіта хаос.
Дык разьлік Лукашэнкі можа палягаць зусім ня ў тым, што ён пры дапамозе Бакіева гэтае полымя грамадзянскай вайны разьдзьме. А ў тым, што яно разгарыцца і без дапамогі Бакіева, і нават не грамадзянскай вайны, а менавіта хаосу – вёска на вёску, вёска на горад, горад на горад, вайна ўсіх супраць усіх. І што тады? Гэта толькі на думку некаторых дамарослых стратэгаў Масква сьпіць і бачыць, як бы куды-небудзь свае войскі ўвесьці. Увесьці можа і нескладана, але досьвед некаторых іншых дзяржаваў паказвае, што потым робіцца велізарнай праблемай, як вывесьці. Так што, калі такое ўсё ж здарыцца, то патрэба ў нейкай хаця б мінімальна ўплывовай мясцовай асобе з мінімальна абгрунтаванымі прэтэнзіямі на ўладу можа стаць надзвычай пільнай. І чым у такой сытуацыі кепскі абачліва захаваны ў менскай «лядоўні» спадар Бакіеў? Не ў цяперашняй, а ў той, зусім насамрэч негіпатэтычнай. Тады тое, што сёньня выглядае выклікам, абернецца велізарнай паслугай усім – і Маскве, і Вашынгтону, ў прыватнасьці. Хіба такое разьвіцьцё падзеяў абсалютна выключанае?
«ЗША супраць РФ»
Другі сцэнар – «ЗША супраць Расеі». Так, сапраўды, Масква і Вашынгтон, Абама і Мядзьведзеў дзіўным чынам дамовіліся наконт Кіргізстану. Але ці доўга праіснуе гэтае пагадненьне? Шчыраваньні К. Бакіева наконт таго, што расейцы моцна ціснулі на яго, каб ён выкінуў з краіны амэрыканскую базу, вельмі падобныя на праўду, бо пра гэта гавораць усе, і, у прынцыпе, гэта не адмаўляе і расейская ўлада. Дык на Бакіева былі злыя за тое, што не закрыў базу, а да новай улады будуць добрыя за тое, што працягнулі яе арэнду? Пры гэтым, нават пакідаючы за дужкамі гіпотэзы аб сувязях новага кіраўніцтва Кіргізстану з Масквой і пра датычнасьць Масквы да падзеяў 6-7 красавіка, аб'ектыўна новыя ўлады краіны больш залежныя ад Крамля, чым быў К. Бакіеў: іх легітымнасьць як мінімум спрэчная, грошай ім, каб супакоіць узрушаны народ, трэба шмат і адразу, магчыма спатрэбіцца і дапамога ў пытаньнях
Чаму не магчымая гульня Бакіевым за Захад супраць Расеі?
Лукашэнка з амэрыканцамі супраць расейцаў – немагчыма? А чаму? Колькі экспэртаў былі ўпэўненыя, што Лукашэнка на раз прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю? Чаму не магчымая гульня Бакіевым за Захад супраць Расеі?
Успаміны пра будучыню
Варта сказаць, што такія рызыкоўныя гульні Лукашэнка ў мінулым вёў неаднойчы. Напрыклад, ягоныя дэманстратыўныя заляцаньні да арабскіх рэжымаў пасьля 9 верасьня 2001 году, калі стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой перажывалі “мядовы месяц”, таксама здаваліся суцэльным вар’яцтвам і цяганьнем за хвасты двух львоў адразу. І нічога – “мядовы месяц” цягнуўся нядоўга, бакі вярнуліся да звыклай “Вялікай гульні”, ў якой знайшлося месца і Лукашэнку зь ягонымі камбінацыямі.
Гэтак і цяперашнія сцэнары выглядаюць на першы погляд рызыкоўнымі і малаімаверныя. Але яны досыць канкрэтныя, выйгрышы ад іх – таксама, а імавернасьць усё ж нянулявая. Лукашэнка ставіць вельмі шмат на тое, што яны спраўдзяцца. А колькі ставіце вы на тое, што ня спраўдзяцца?