Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала адказ з Гомельскай пракуратуры на свой запыт адносна ператрусаў і допытаў у шэрагу журналістаў.
Паводле пракуратуры Гомельскай вобласьці, у расьсьледаваньні справы аб паклёпе на былога кіраўніка ўпраўленьня КДБ Гомельскай вобласьці Каржа «парушэньняў заканадаўства ня выяўлена, і падставаў для прыняцьця захадаў пракурорскага рэагаваньня няма».
«Па стане на 15.04.2010 канчатковага рашэньня па гэтай крымінальнай справе не прынята», — гаворыцца ў лісьце за подпісам намесьніка пракурора вобласьці Броўкі.
Падчас расьсьледаваньня вынесены пастановы аб ператрусах у жылых і службовых памяшканьнях шэрагу грамадзянаў, у тым ліку журналістаў Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш, і Ірыны Халіп. Па іх выніках складзены пратаколы, у якіх указаны канфіскаваныя прадметы. Па кампутарнай тэхніцы і электронных носьбітах прызначаныя экспэртызы.
На пачатку сакавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала адкрыты ліст Генэральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу, паведамляе прэс-служба БАЖ. У ім выказана меркаваньне, што сьледчыя мерапрыемствы былі санкцыянаваныя пракурорам без відавочнай прычыны, і што дэкляраваныя мэты ператрусаў не адпавядаюць рэальным.
Дзеяньні сьледчых БАЖ расцаніла як «грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасьці». Арганізацыя заклікала пракурора неадкладна зрабіць захады па вяртаньні адабранай у журналістаў маёмасьці і прыняць меры пракурорскага рэагаваньня «для аднаўленьня законнасьці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў».
Генэральная пракуратура пераадрасавала зварот «для разгляду па сутнасьці» ў пракуратуру Гомельскай вобласьці, пракурору Валянціну Шаеву, які санкцыянаваў правядзеньне ператрусаў у некаторых журналістаў, паведамляе прэс-служба БАЖ.