Кідаючы ў ваду каменьчыкі, глядзі на кругі, імі ўтвораныя; інакш гэткае кіданьне будзе пустою забаваю.
Казьма Пруткоў, Думкі й афарызмы
Ну, пачалося! Сэзонныя алергіі, сэзонныя закаханьні. Покаўкі папукаліся, выбарчыя ўчасткі парасчынялі дзьверы насустрач усім, хто прагне
Ёсьць, ёсьць зацікаўленыя ў палітыцы людзі; яны за ўсімі падзеямі сочаць, нават тэрміны адпаведныя трымаюць у апэратыўнай памяці. Але не дачакаюцца іх гасьцінна адчыненыя дзьверы выбарчых участкаў. Ані датэрмінова, ані ў спэцыяльна адведзены пад волевыяўленьне дзень. Бо ня суджана. Са зьмяшанымі пачуцьцямі піша пра гэта bihi-puuk:
І гэтым разам не пападаю на выбары. І не хачу пападаць. Не, я не палітычна індыфэрэнтная асоба, проста лянота некуды цягацца, глядзець на ўсе тамашнія прыколы. Тым больш што кандыдаты на ўчастку — спрэс "кловуны" дый толькі. І з бадуна пасьля першай суботы ў дваццаць чатыры нязручна будзе галачку ставіць дзе патрэбна, яшчэ прамахнуся, ня дай божа ;)
А маці сказала, што ў такім выпадку сама за мяне прагаласуе. Вось і паглядзім, ці зловіць хто такое парушэньне...
Неангажаваныя лаўцы парушэньняў сёньня трошкі патаўкліся на форуме тут.баю, дзе яны намагаліся канчаткова ўстанавіць, дзе ж насамрэч будуць фальсыфікавацца вынікі выбараў — на выбарчых участках ці ў акружных камісіях? Адны даводзяць, нібы ўсё, што трэба, малююць на месцы, бо пасьля галасаваньня на ўчастках вывешваюць вынікі — кожны неабыякавы маладзён адказны грамадзянін будзе мець магчымасьць скласьці сумы па ўчастках і пераканацца. У чым-небудзь. Іншыя ўпэўненыя, што не — калі студэнтаў у інтэрнатах пачынаюць настойліва падахвочваць да датэрміновасьці, то гэта для чагосьці патрэбна. Ну, а калі не стаіць над душою наглядчык, то вольнаму воля:
— Ну, нарэшце! Ня мог дачакацца. Зараз бегма на "выбарчы" ўчастак, усіх сяброў і знаёмых пабуджу й бегма на "выбары"!
Альбо так:
— За каго галасаваць? Ня ведаю сваіх дэпутатаў. Па радыё толькі музыка, а ў мясцовай газэце пра спорт і кіно. Не пайду.
Каб уведаць, трэба даведвацца. Хто шукае, той знойдзе. Часам налучыш на якую цікавостку — любата! Шкада, што такі крэатыў — дый у нейкім мікрараённым зацішку.
Michalevic, напрыклад, няўзброеным вокам мімаходзь прыкмеціў вартыя, на ягоны густ, увагі постаці:
Большасьць кандыдатаў у дэпутаты на стэндах нагадваюць аб'явы "Іх шукае міліцыя". Але часам бываюць прыемныя нечаканасьці. Напрыклад, Тацяна Куўшынава з смайлікам на плякаце, хлопец у поўны рост у беларускай вышыванцы на плякатах на вуліцы Каліноўскага або малады чалавек з сабакам у Зялёным Лузе з дэвізам "Депутат — друг человека".
Так, не шануюць будучыя абранцы народу жартаў. Засяроджаныя: ці то як хірургі, ці то як снайпэры. Яшчэ цікава лічбы гадавых даходаў разглядаць ды адсочваць, як яны пасуюць да абліччаў. Часам, як бліскавіца зь ціхмянай хмары, мільгане: “Даходу ня мае”. А твар дыхтоўны такі… Зрэшты, я гэтым умысна не займаўся, але ж мо якім пільным назіральнікам ідэю падкінуць?
У суполцы minsk_by адбылося мімалётнае, але ўсьмешлівае абмеркаваньне на тэму: “дзе можна прачытаць пра кандыдатаў больш падрабязна, якія ўдзельнічаюць у выбарах на маім участку”. А й насамрэч: як на ўпакоўцы любога сынтэтычнага вытвару, на кандыдаце павінен друкавацца дасканалы сьпіс складнікаў і проціпаказаньняў. Заклапочанаму спажыўцу камэнтатары спачатку спрабавалі адказаць сур’ёзна, спагадліва. Але вясновы настрой, ці што — паблазнавалі трошкі:
— Лепшы кандыдат — Супрацьусіх. Адзіны, хто нават і блізка не падыходзіў да карупцыйных скандалаў, ніколі нават і на каліўца не парушаў свае абяцаньні, трымаў слова і ніколі нікога не пакрыўдзіў. Супрацьусіх — сапраўдны, шчыры народны кандыдат.
— Толькі вось, зараза, парушае выбарчае заканадаўства — па ўсіх акругах зарэгістраваўся.
— Не, не парушае. Ён проста жыве паўсюль і клапоціцца пра справы кожнага з нас. Амаль як прэзыдэнт.
Кандыдат, вядома, самавіты. Няблага спаборнічае з разнастайнымі суіскальнікамі заканадаўчай улады паўсюль на постсавецкай прасторы. Чаму не перамог дагэтуль? Прозьвішча, пэўна, цяжкавымаўляльнае.