Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і Міжнародная незалежная асацыяцыя «Белфільм» распачалі прэзэнтацыю дакумэнтальнага кіно для беларусаў замежжа. Мэта праекту — папулярызаваць беларускае дакумэнтальнае кіно ў замежжы.
Пачаткам дабрачыннага супольнага праекту «Бацькаўшчыны» і «Белфільму» сталася прэзэнтацыя дакумэнтальнай стужкі рэжысэра Алега Дашкевіча «Варганы». У стужцы на прыкладзе жыхара вёскі з аднайменнай назвай паказаны лёс усяго беларускага народу ў пэрыяд сталінскага генацыду і гітлераўскай акупацыі. Дыскі зь фільмам «Варганы» «Бацькаўшчына» перадала ў 60 беларускіх суполак у розных краінах сьвету, паведаміла адна з кіраўніц згуртаваньня Ніна Шыдлоўская:
Ніна Шыдлоўская паведаміла, што ў «Бацькаўшчыну» ўжо прыходзяць водгукі ад беларусаў замежжа. Тыя станоўча выказваюцца пра ініцыятыву, а таксама прапаноўваюць зьняць фільмы пра гісторыю і дзейнасьць сваіх арганізацый.
Да прыкладу, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька паведаміў Свабодзе наступнае:
«Я лічу, што гэта вельмі добрая ідэя. Чым больш кантактаў — тым лепш. Да гэтых кінапраглядаў мы, да прыкладу, можам далучаць студэнтаў ЭГУ. Таму я стаўлюся вельмі пазытыўна: калі б дасылаліся такія фільмы, то мы з ахвотай дэманстравалі б нашым гледачам».
Менавіта ініцыятыва самога спадара Хведара Нюнькі, які ладзіць кінапрагляды і грамадзкія абмеркаваньні кінастужак у Вільні, натхніла распачаць прэзэнтацыю беларускіх дакумэнтальных стужак сярод беларусаў замежжа. У Беларусі такой магчымасьці зараз няма, паведаміў адзін удзельнікаў праекту, старшыня Міжнароднай незалежнай асацыяцыі «Белфільм» Алег Дашкевіч:
«Беларускае дакумэнтальнае кіно — клясны прадукт, пра які мала хто ведае, бо БТ беларускія дакумэнтальныя фільмы не паказвае. У якасьці рэклямы беларускага дакумэнтальнага кіно і беларускіх кінарэжысэраў сярод беларускай сусьветнай супольнасьці — гэта выдатная рэч. Калі гэты мэханізм запрацуе, то шмат што можа зьмяніцца і многія праблемы вырашыцца».