Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі "Бардаў Свабоды"


У менскім Палацы мастацтва адбылася прэзэнтацыя мультымэдыйнага DVD-дыску «Барды Свабоды». Гэта зборнік гутарак і песень 50 ўдзельнікаў аднайменнай перадачы радыё Свабода. Цягам амаль двух гадоў кожны тыдзень на Радыё запісваліся барды, і вядомыя, раскручаныя, і зусім маладыя. З найлепшых іх твораў склалі дыск.

Онлайн-вэрсія дыску "Барды Свабоды".

Калі Вы хочаце атрымаць дыск, пішыце нам на адрас: Менск-5, Паштовая скрынка 111.


Аўтары ідэі самі ня верылі, што праект так раскруціцца. Бо ў Менску вельмі даўно — бадай, з канца 80-х, на вялікіх пляцоўках не адбываліся бардаўскія канцэрты. Беларускія аўтары выступалі больш па кватэрах і маленькіх клюбах. Але аказалася, што ў Беларусі столькі талентаў, ды такіх разнастайных, што жанр узбагаціўся новымі імёнамі, песьнямі!

Кіраўнік праекту Зьміцер Бартосік кажа: «Калі б мне гадоў 10-15 таму сказалі, што ў Беларусі будзе больш за сотню беларускамоўных бардаў, я б не паверыў. А калі мне сказалі, што 250 песень можна зьмясьціць на адну кружэлку, я б яшчэ больш зьдзівіўся».

Зьміцер Бартосік палічыў, што калі б сёньня ўсіх бардаў, якія выступілі за час праекту на Радыё Свабода, сабраць на адзін вялікі фэстываль, і кожнаму даць па 15 хвілін, то такі канцэрт доўжыўся б 30 гадзін безь перапынку.

Прэзэнтацыя дыску «Бардаў Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:26 0:00

Зьміцер Сідаровіч

Размаўляю з адным з самых салідных бардаў, які захапляецца самадзейнай песьняў ужо 30 гадоў — Зьмітром Сідаровічам:

— Чым цікавым для вас быў гэты праект?

— Тым, што мне была дадзена магчымасьць нешта сказаць пра сябе на шыкоўнай, папулярнай і аўтарытэтнай трыбуне — Радыё Свабода... На самой справе, праект цікавы тым, што там прадстаўлена 50 чалавек. Так што можна, ня злазячы зь печы, ведаць, хто ёсьць хто. І дыск набывае рысы такога саліднага даведніка па бардаўскай песьні. Клясны дыск!

Старэйшае пакаленьне бардаў больш кансэрватыўнае, сьпявае традыцыйна пад гітару. Маладым адной гітары мала — яны дадаткова выкарыстоўваюць іншыя музычныя інструмэнты: скрыпкі, віялянчэлі, флейты, баяны, губныя гармонікі. Яраш Малішэўскі віртуозна валодае добрым дзясяткам музычных інструмэнтаў, прафэсійны музыка. Што да бардаўскага праекту, ён кажа:

Яраш Малішэўскі

— Сьпець песьні новыя альбо ўжо добра вядомыя мне — гэта заўжды файная нагода. А калі гэта будзе запісана, хай сабе вось так, жыўцом, хай сабе з адной гітарай, чарговыя нейкія колеры, адценьні, што і дае чарговую новую палітру, што мы называем музыкай — бардаўскай, рокавай, якой заўгодна.

Журналіст, рэжысэр-дакумэнталіст Алег Дашкевіч, што да ацэнкі праекту і свайго ў ім удзелу выказаў такое меркаваньне:

«Па-першае, гэта здаравенны архіў, які не прападзе. Як кажуць, рукапісы не гараць, гэта вельмі добрая справа. Што тычыцца асабіста мяне, то я да гэтага жанру цяпер ужо са сваёй званіцы стаўлюся трошкі паблажліва. Бачу хібы, безумоўна. Нават графаманства ў сваіх, так бы мовіць, творах. Але за пару штук мне ня сорамна. І гэтым я сябе цешу».

На імпрэзе прысутнічалі літаратары Ўладзімер Арлоў і Алесь Пашкевіч, мовазнаўца Пётра Садоўскі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, музычныя крытыкі Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй, Зьміцер Падбярэскі, Сяргей Будкін.

Наведнікі імпрэзы дзеляцца сваімі ўражаньнямі:

— Вельмі добрае ўражаньне, вельмі ўсё спадабалася!

— Цудоўна! Праз «Народную Волю» даведаўся, прыехаў у Менск, і не шкадую.

— Мне вельмі спадабалася. Ну, Хадановіч — гэта ж наагуул лапушка! Тацяна Беланогая таксама. А Сідаровіча я даўно ведаю.

— Гэта вельмі добры фэст, але ён быў бы яшчэ лепшы, каб на ім выступіў я.

— А вы сьпяваеце?

— Сьпяваю. Праўда, я ня ўмею граць на гітары, таму я ня бард, а «а-капэльшчык».

— Дык у вас яшчэ ўсё наперадзе: праект працягваецца.

— О! Дзякуй, дзякуй за інфармацыю, калі ён працягваецца, то буду вельмі імкнуцца туды патрапіць.

Андрэй Хадановіч
Анатоль Кудласевіч
Аплядысмэнты бардам.
Раман Яраш
Тацяна Беланогая
Андрэй Касьценя
Аляксандар Лукашук
Кружэлка ў падарунак гледачам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG