Жалобным урачыстасьцям можа перашкодзіць вульканічны пыл, які пакрыў неба над Эўропай. 16 красавіка ў Польшчы зачыніліся усе буйныя лётнішчы, а перадусім – лётнішча імя Шапэна ў Варшаве, ды “Баліцэ” ў Кракаве.
“Заўтра раніцай мы павінны мець дакладную інфармацыю аб тым, пакідае пыл неба над Польшчай, ці не, і тады будзе вырашана, ці пачынаць ізноў рух у паветры. Цяпер нам застаецца толькі чакаць”, – заявіў дырэктар кракаўскага лётнішча Ян Памула.
Пыл ад выбуху вулькану ў Ісьляндыі вельмі небясьпечны для самалётаў – ён можа спыніць працу рухавікоў.
Калі сытуацыя ня зьменіцца, дык гэта можа перашкодзіць значнай частцы з больш чым сотні замежных дэлегацыяў прыляцець у нядзелю ў Кракаў на разьвітаньне з Лехам і Марыяй Качыньскімі.
“Усё адбудзецца годна. Кракаў будзе падрыхтаваны да гэтай падзеі. Усё павінна быць спакойна і годна, бо гаворка ідзе ня толькі пра тое, што гэта прэзыдэнцкая пара, але таксама пра тое, што гэта пахаваньне”, – заявіў мэр Кракава Яцэк Майхроўскі.
Прадстаўнік канцылярыі прэзыдэнта Яцэк Сасін абверг паведамленьні ад тым, што тэрмін жалобных урачыстасьцяў у Кракаве можа быць перасунуты з-за адсутнасьці замежных гасьцей.
“Усё адбудзецца як і плянавалася. Гэта воля сям’і, якая хоча ўшанаваць памяць загінулых і тых, хто робіць усё магчымае, каб жалобныя ўрачыстасьці адбыліся”.
Надвор’е перашкаджае таксама прылёту чарговага самалёту з Масквы ў Варшаву зь целамі ахвяраў катастрофы прэзыдэнцкага самалёту.
У суботу апоўдні ў Варшаве, на пляцы Пілсудскага адбудзецца афіцыйная цырымонія разьвітаньня з ахвярамі ды імша – у гэтым месцы будуць выстаўленыя 96 партрэтаў загінулых.
“Варшава мела ў сваёй гісторыі ўрачыстасьці падобнага маштабу, але рыхтаваліся яны даволі доўга. Мы мелі на ўсё 72 гадзіны”, – кажа мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц.
Плянуецца, што заўтра ў разьвітальнай цырымоніі возьмуць удзел каля паўмільёна чалавек. Ужо сёньня ў цэнтар гораду нельга ўехаць на прыватным аўтамабілі, але за праезд у гарадзкім транспарце ў суботу ня трэба плаціць, па ўсёй сталіцы раздаюць мапы Варшавы, на вакзалах працуюць інфармацыйныя пункты.
Спартовы цэнтар "Torwar" у Варшаве: сюды прывозяць труны зь целамі ахвяраў катастрофы з лётнішча, якія потым забіраюць і хаваюць сваякі.
Гмах парлямэнту. У катастрофе загінулі 18 дэпутатаў Сэйму і Сэнату
Вітрына прыватнай крамы з партрэтам прэзыдэнцкай пары
Дзьверы пад'езду з партрэтам прэзыдэнцкай пары
Вялізныя плякаты са здымкамі загінулых разьвешаныя па ўсёй краіне
Кракаўскае прадмесьце – натоўп каля прэзыдэнцкага палацу. У чарзе на разьвітаньне з прэзыдэнцкай парай трэба чакаць нават 12 гадзінаў.
За сьпіною скаўта – мора зьнічоў. Мінулай ноччу згарэлых зьнічоў вывезьлі з-пад прэзыдэнцкага палацу 17 тонаў!
Скаўты дапамагаюць варшавянам ставіць зьнічы, знайсьці патрэбныя аб’екты
Перад палацам вялізны манітор, дзе відаць, як палякі разьвітваюцца з Лехам і Марыяй Качыньскімі
Бел-чырвона-белы сьцяг з жалобнай стужкай каля прэзыдэнцкага палаца
Натоўп перад палацам
Пляц Пілсудскага. Тут у суботу а 12.00 пачнецца разьвітаньне з ахвярамі. Працаўнікі разгортваюць вялізныя партрэты загінулых.
Зьнічы і польскія сьцяжкі каля офісу Ежы Шмайдзіньскага, загінулага ў катастрофе кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад левых/
Магіла Невядомага жаўнера
Cьцяжок з жалобнай стужкай на аўто