Вывяржэньне вулькана Эяф’ятлаёкудль у Ісьляндыі прывяло да транспартнага каляпсу ў Эўропе. У дзясятку краінаў Эўропы адмененыя рэйсы грамадзянскіх авіякампаній: у прыватнасьці, скасавалі палёты блізкія да вострава паўночныя краіны, а таксама Нямеччына, Аўстрыя, Бэльгія, Літва, Латвія, Польшча. Афіцыйная Варшава ў гэтым зьвязку нават заявіла, што ня выключаны перанос пахаваньня прэзыдэнта Леха Качыньскага. Адкарэктаваў свой графік і беларускі авіяперавозчык "Белавія".
На чыгуначных вакзалах Эўропы – вялізныя чэргі
Адмененыя рэйсы з Менску ў Рыгу, Лёндан, Бэрлін...
Болей падрабязнасьцяў у выпусках міжнародных навінаў
У сувязі з актыўнасьцю ісьляндзкага вулькана адменены шэраг авіярэйсаў у краіны Заходняй і Паўночна-Заходняй Эўропы, заплянаваных кампаніямі "Аэрафлот", "Трансаэра", "British Airways", "Air France". Пра зьмены ў графіку расказалі і ў офісе беларускага манапаліста на рынку аівяперавозак, кампаніі "Белавія":
пакуль што ў нас стаяць на забарону толькі Лёндан і Рыга ...
"Так, Лёндан зачынены, Рыгу раніцай зачынілі. Гавораць, што Варшава таксама будзе зачыненая. Ёсьць зьвесткі што Парыж, аэрапорт "Шарль дэ Голь", таксама будзе адмяняць пасадку самалётаў. Але пакуль што ў нас стаяць на забарону толькі Лёндан і Рыга. У сьпісе на дазвол — Тбілісі, Масква, Бэрлін, Прага, Санкт-Пецярбург, Вена, Кіеў".
Як удакладнілі ў кампаніі "Белавія", воблака вульканічнага пылу ўздымаецца на вышыню да 16 кілямэтраў, тым часам як самалёты лётаюць нашмат ніжэй — да 10 кілямэтраў. А надвор'е ў паветраным калідоры мае істотнае значэньне — і гэта лішні раз пацьвердзілі трагічныя падзеі з самалётам прэзыдэнта Польшчы.
Агулам у Эўропе адмененыя 6 тысяч з 20 тысяч авіярэйсаў ...
Сёньня рэйсы некаторых кампаній былі спыненыя наўпрост у паветры: у прыватнасьці, самалёты, якія вылецелі з Масквы ў Парыж, Лёндан, Капэнгаген і Стакгольм, былі пасаджаныя на лётнішчах Цэнтральнай Эўропы — у Празе і Рыме. Агулам у Эўропе адмененыя 6 тысяч з 20 тысяч авіярэйсаў. Экспэрты чакаюць, што праблемы з паветранымі падарожжамі могуць патрываць цягам бліжэйшых двух дзён.
У беларускіх гідрамэтэаралягічных ведамствах не пацьвярджаюць магчымасьць выпадзеньня вульканічнага попелу на тэрыторыі Беларусі. Тым ня меней прагноз распаўсюду небясьпечных для палёту зьяваў даводзіцца да ўсіх экіпажаў, якія ажыцьцяўляюць палёты ў зоне, прылеглай да Ісьляндыі.
Мэтэароляг Валянцін Яцухна кажа, што Беларусь уключаная ў агульную сыстэму папярэджаньня пра надзвычайныя здарэньні, таму мае магчымасьць загадзя "анансаваць" надзвычайныя сытуацыі:
"У канцы 2008 году прынятая кліматычная праграма Беларусі. Там узятыя напрамкі для кліматычных праблемаў і адаптацыі да гэтых нездавальняючых умоваў. Гэта перадусім тычыцца трансфармацыі структураў пасяўных плошчаў, раньняй дыягностыкі, калі магчыма зрабіць папярэднія захады, каб прадухіліць анамальныя зьявы. Напрыклад, з дапамогай эўрапейскіх калегаў абвяшчаецца верагоднасьць штармавога надвор'я, і гэта апошнім часам збываецца. А калі людзі ведаюць пра небясьпеку, то гэта вельмі дапамагае. Бо надзвычай важна інфармаваць насельніцтва ў час".
Вулькан Эяф’ятлаёкудль, вывяржэньне якога пачалося 14 красавіка, знаходзіцца за 200 кілямэтраў ад сталіцы Ісьляндыі Рэйк'явіку. У зьвязку з надзвычайным здарэньнем у атмасфэру трапіла вялізная колькасьць попелу, што прывяло да закрыцьця паветранай прасторы над значнай тэрыторыяй Паўночнай Эўропы. Як заяўляюць экспэрты, выкіды нясуць небясьпеку для турбінаў авіяцыйных рухавікоў, а таксама выклікаюць праблемы, асядаючы на крылах самалётаў. Цяпер воблака з Ісьляндыі рухаецца на паўднёвы ўсход Эўропы.
Сёньня вульканічны пыл дасягнуў Аўстрыі. Ёсьць падставы прагназаваць, што да выходных вульканічныя ападкі прызямляцца і ва ўсходнеэўрапейскіх краінах.
Між тым, у Рэспубліканскім авіямэтэрэалягічным цэнтры зьяўленьне попелу над тэрыторыяй Беларусі лічаць вялікай. Вульканічнае воблака ўжо накрыла дзьве траціны тэрыторыі Літвы, а таксама зьявілася на поўначы Расеі.
***
У апошні раз вулькан ў раёне перавал Фімвердюхаўлс, разьмешчаны за дзьвесьце кілямэтраў ад сталіцы Ісьляндыі Рэйк'явіка, вывяргаўся амаль 200 гадоў таму – у 1821 і 1823 гадах. Зноў сэйсьмічная актыўнасьць вулькану пачала праяўляцца пасьля Калядаў – і да сакавіка адбылося каля тысячы падземных штуршкоў сілай у 1-2 балы на глыбіні 7-10 кілямэтраў пад вульканам.
25 сакавіка адбыўся выбух пары ў кратэры вулькану, куды патрапіла вада расталага ледніка, пасьля чаго вывяржэньне перайшло ў больш стабільную фазу. 14 красавіка, пасьля паўторнага вывяржэньня вулькану, улады Ісьляндыі абвясьцілі надзвычайнае становішча, прыняўшы рашэньне аб эвакуацыі з зоны стыхійнага бедзтва больш як 800 мясцовых жыхароў.
Спачатку далёка ня ўсе пачулі засьцярогі ўладаў – ад моманту пачатку сэйсьмічнай актыўнасьці на ледніку турысты літаральна апанавалі яго навакольле, прабіраючыся да падножжа вулькану на верталётах, джыпах і нават на матацыклах. Аднак экскурсійную дзейнасьць прыйшлося неўзабаве згарнуць, паколькі распаленыя вульканічныя выкіды растапілі прыкладна траціну ледніка, які пакрывае кратэр, што прывяло да стварэньня магутных водных патокаў і паводак.
Пры вывяржэньні вулькану была выкінутая вялікая хмара попелу, якая пачала рухацца ў бок кантынэнтальнай Эўропы. Здароўю людзей часьцінкі вульканічнага пылу не пагражаюць, аднак выкіды попелу вельмі небясьпечныя для авіяляйнэраў – дробныя часьцінкі забіваюць турбіну рухавіка, што можа прывесьці да яго спыненьня. Праблемы можа выклікаць і асяданьне попелу на крылах самалётаў, а акрамя таго, вульканічныя хмары моцна ўскладняюць бачнасьць для пілётаў.
Праекцыя руху попелу ад вывяржэньня вулькану. Жоўтым пазначаныя: попел, што выпаў сам па сабе; чырвоным – попел, што выпаў у выніку ападкаў; чорны – дзе попел знаходзіцца зараз. Выява Нарвэскага мэтэаралягічнага інстытуту.
Анімацыя распаўзаньня попелу ад вывяржэньня паводле Эўрапейскага касьмічнага агенцтва.