На пасяджэньні камісіі актывісту стваранай партыі БХД патлумачылі, што на яго прайшла скарга ад загадчыцы студэнцкага інтэрнату Тэхналягічнага ўнівэрсытэту.
У скарзе гаварылася, што кандыдат у дэпутаты гарсавету па Тэхналягічнай выбарчай акрузе № 9 ладзіць несанкцыянаваныя пікеты ў двары інтэрнату. Уладзімер Рамановіч патлумачыў, што ўсяго толькі аддаў знаёмым некалькі сваіх агітацыйных ўлётак.
Камісія кваліфікавала гэтыя дзеяньні як парушэньне выбарчага заканадаўства. І зьвярнула ўвагу кандыдата на тое, што да заявы загадчыцы інтэрнату былі прыкладзены раздрукоўкі з сайту Радыё Свабода — фрагмэнты перадачы, дзе Ўладзімер Рамановіч разважае пра неабходнасьць добраўпарадкаваньня на тэрыторыі акругі. Заяўніца палічыла, што выказваньні ў перадачах Радыё Свабода — гэта таксама незаконная агітацыя. Але Ўладзімер Рамановіч гэта аспрэчыў.
Паводле незалежнага кандыдата, усе месцы, вызначаныя для агітацыйных пікетаў і сходаў, месьцяцца па-за межамі ягонай акругі. Таму ён вымушаны зьвяртацца ў камісію па дазволы на сустрэчы з выбарцамі ў іншых месцах. Сёньня такая сустрэча прайшла ў віцебскай гімназіі № 3: усім кандыдатам, якія балятуюцца ў бліжэйшым мікрараёне, было дадзена па 5 хвілін на выступ.