Франак Вячорка: “Я давяду выбарчую кампанію да канца”

Франак Вячорка

Звольнены з войска па стане здароўя палітпрызыўнік, кандыдат у дэпутаты Мазырскага райсавету Франак Вячорка сёньня ад’ехаў дадому, у Менск. Аднак ужо заўтра ён наважаны вярнуцца назад у Мазыр.

«Сёньня я еду ў Менск, рэгіструюся ў ваенкамаце. А раніцай вяртаюся ў Мазыр, дзе ў мяне адбудзецца сустрэча з выбарцамі. Я давяду выбарчую кампанію да канца. Адчуваю, што гэта важна. Гэта — непасрэдная праца зь людзьмі, яна натхняе. Гэта больш важна, чымсьці кабінэтная праца ў Менску».

Будучы вайскоўцам, Франак Вячорка стварыў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, зарэгістраваў яе. Група сабрала неабходную колькасьць подпісаў выбарцаў у Станцыйнай выбарчай акрузе № 25, і раённая камісія зарэгістравала палітпрызыўніка кандыдатам у дэпутаты.

Апошнія дні Франак сустракаўся з гараджанамі, распаўсюджваў улёткі ў суправаджэньні то прапаршчыка, то лейтэнанта, то зампаліта маёра Ігнаціка.

Прызначаную на 15 красавіка сустрэчу ў ДК культуры «40 гадоў Кастрычніка» дырэктарка нечакана аднаасобна адмяніла. Давераная асоба Франка, кандыдат у дэпутаты аблсавету Уладзімер Целяпун зьвярнуўся з гэтай нагоды ў райвыканкам.

На сустрэчы мае быць прафэсар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка.