Сваякаў загінулых з Польшчы прымуць у Віцебску бязь візаў

Дзяржкамітэт супольна з МЗС прынялі рашэньне пра бязьвізавы спрошчаны парадак прыёму ў аэрапорце Віцебску Яраслава Качыньскага, брата загінулага прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, а таксама ўсіх іншых афіцыйных прадстаўнікоў Польшчы й сваякоў загінулых, якія потым з тэрыторыі Беларусі адправяцца да месца крушэньня ў Смаленск.
Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік прэс-цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка:

«Прынятае рашэньне пра стварэньне ўсіх неабходных спрыяльных умоў для іх прыбыцьця і далейшага пераезду да месца трагедыі».

Ён удакладніў, што ў дачыненьні да сваякоў загінулых рашэньні пра бязьвізавы ўезд будуць прымацца ў прыватным парадку. Цяпер у Віцебску знаходзіцца першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Андрэй Гарулька, які ўпаўнаважаны на прыняцьце такіх рашэньняў.