Радаслаў Сікорскі заклікаў Беларусь да сыстэмных зьменаў

Радаслаў Сікорскі

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, выступаючы сёньня ў польскім Сэйме, пацьвердзіў сваю гатоўнасьць да шырокага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Пры гэтым ён чарговым разам заклікаў беларускія ўлады правесьці сыстэмныя зьмены, якія, у тым ліку, тычацца і пытаньня польскай меншасьці.


Паводле Сікорскага, гэтыя зьмены мусяць уключаць у сябе — у адпаведнасьці з прынцыпамі дэмакратыі і правоў чалавека — права на свабоду асацыяцыі, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў польскай меншасьці ў Беларусі, чаго і патрабуе Варшава.

Як падае агенцтва РАР, міністар таксама лічыць, што сапраўдны тэст на дэмакратыю прайшла Ўкраіна. На яго думку, апошнія прэзыдэнцкія выбары прадэманстравалі якасьць грамадзянскай супольнасьці ў краіне.

«Мы спадзяемся, што ўкраінская палітычная кляса будзе садзейнічаць паскарэньню палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі, пра што сьведчыць яе праэўрапейскі выбар», падкрэсьліў Сікорскі.