Лідэрка кіргіскай апазыцыі Роза Атунбаева заявіла, што стала на чале часовага ўраду краіны пасьля таго, як у выніку масавых пратэстаў апошніх дзён ад сваёй пасады быў адхілены прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў.
ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ПАДЗЕЯЎ 7 КРАСАВІКА
Паведамляецца, што прыхільнікі апазыцыі ўзялі пад кантроль галоўны офіс службы бясьпекі краіны, дзяржаўнае тэлебачаньне і шэраг урадавых установаў. Прэзыдэнт Бакіеў, як заяўляюць прадстаўнікі апазыцыі, уцёк з сталіцы Бішкеку на поўдзень краіны ў горад Ош.
Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану пацьвердзіла гібель 65 чалавек падчас непарадкаў у Бішкеку. Апазыцыя цьвердзіць, што загінулі каля ста людзей.
Бішкек ахапіла масавае марадэрства. У ліку разрабаваных аб’ектаў – Музэй выяўленчага мастацтва. У сталіцы Кіргізстану паралізавана работа грамадзкага транспарту, зачынены крамы, аптэкі і банкі. Апазыцыйныя лідэры праз мэдыі заклікаюць супрацоўнікаў міліцыі, якія пакінулі сваю службу ў сераду ўдзень, вярнуцца на працу і навесьці парадак.
Раніцаю зьявілася інфармацыя, што з поўдня краіны ў Бішкек накіроўваюцца дзясяткі тысяч узброеных прыхільнікаў прэзыдэнта Бакіева.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі заявіў, што амэрыканская авіябаза ма лётнішчы Манас, якая выкарыстоўваецца для падтрыманьня апэрацыі міжнародных сілаў у Аўганістане, працуе ў нармальным рэжыме.
Сваё першае інтэрвію ў новых умовах Роза Атунбаева дала “Радыё Свабода”.
Your browser doesn’t support HTML5