Пяцікніжжа — грэцкі Pentateuchos (Пяць скруткаў), гэбрайская Тора (Закон) — першыя пяць кніг Бібліі, якія ляглі ў падмурак Юдаізму, якія захавалі асаблівы статус у нетрах хрысьціянскага Старога Запавету і якія зрабілі найглыбейшы адбітак на думку, культуру і мастацтва заходняй цывілізацыі. Калекцыя, якую сабрала для «Пяцікніжжа Свабоды» доктарка багаслоўя Ірына Дубянецкая, складаецца з кніг, выдадзеных у сучаснай Беларусі, і якія — незалежна ад розгаласу — сталіся вехамі для беларускай думкі, вялікімі навуковымі і культурнымі зьдзяйсьненьнямі. Парадак кніг у яе калекцыі адпавядае біблійнаму Пяцікніжжу.
Кніга Роду. Міндаў кароль Літовіі. У дакумэнтах і сьведчаньнях.
Mindowe rex Lithowiae. In litteris et testimonies. Менск, «Тэхналёгія», 2005
Гэтае раскошнае выданьне — збор усіх вядомых аўтэнтычных дакумэнтаў 13 — пачатку 14 стагодзьдзя, зьвязаных з Міндавам — легендарным заснавальнікам Вялікага Княства Літоўскага, каранаваным у Наваградку ў 1253 г. Зьмест кнігі складаюць лісты самога Міндава, лісты Папаў Рымскіх і дакумэнты, складзеныя пасьля сьмерці караля, — іх факсыміле, разам з узноўленымі лацінскімі тэкстамі й беларускімі перакладамі, а таксама грунтоўны навуковы апарат і камэнтары. Усё гэта разам, як кажуць выдаўцы, дае магчымасьць «сягнуць...у тое таямнічае стагодзьдзе, дзе спляліся прычынныя ніці нашай гісторыі»...Каштоўнасьць гэтых лістоў велізарная: у іх ажываюць рэальныя падзеі, з дакладнымі датамі ды імёнамі дзейных асоб тае эпохі. Апроч гэтага, тэксты на лаціне ёсьць бесстароньнімі сьведкамі сапраўдных формаў тагачасных імёнаў, геаграфічных ды этнічных назваў — неаспрэчнымі аргумэнтамі для сучаснай навукі. Камэнтары ўлучаюць самастойнае гісторыка-лінгвістычнае дасьледаваньне Алеся Жлуткі пра імя Міндаў-Мінда-Міндота ды шмат дыскутаваную назву Літва-Летовія-Лютовія. Выснова робіцца пра славянскае паходжаньне як імені караля (ад праславянскага мьніці — «думаць, меркаваць»), так і назвы краіны (ад кораню «лют-лет-літ», пр. стара-беларускае лютоваці-літоваці). Наконт тэрыторыі этнічнай Літвы камэнтар кажа, што гэта была зямля паміж Наваградкам і Менскам, заселеная літвінамі-беларусамі. Вакол яе і заснаваў дзяржаву той, хто падпісваў свае лісты «Міндаў, з ласкі божае кароль Летовіі». А ў 1268 годзе папа «Клімэнт, біскуп, слуга слугаў Божых» піша пра «зямлю Летовію», дзе існавала «каралеўства і на чале яго быў слаўнай памяці Міндота, які пасьля прыняцьця сакрамэнту хросту апостальскай уладаю быў каранаваны на караля, а затым люта забіты нейкімі сынамі здрады».
2. Сыход. Ідыш-беларускі слоўнік. Сабраў і пераклаў на беларускую мову Аляксандар Астравух. Менск, «Медисонт», 2008
Гэта ня проста слоўнік. Гэты фаліянт на больш як 900 старонак узьнімае велізарны пласт ідышавай гісторыі і культуры, без якога немагчыма ўявіць беларускага мінулага, беларускага местачковага жыцьця, рамяства, мастацтва й сацыяльна-этнічных узаемінаў. Адгортваю наўгад, чытаю: «Sod — сакрэт, таямніца, містэрыя». І прыклады ўжытку, на ідыш і ў перакладзе: «a sod iz nor unter fir ojgn» — «сакрэт існуе толькі сярод чатырох вачэй». І тут жа падаецца беларускі аналяг — «удвох рада, утрох здрада». На гэтай самай бачынцы чытаю, што snaper — гэта «чалавек, які хутка псуе вопратку; няхлюй, нязграй, заткала, шмаравоз, плюндра». Сынанімічны рад, варты Караткевічавага Гервасія Вылівахі...Знаходзім словы, якія прыйшлі ў ідыш з нашых прастораў. Так, даведваемся, што laske — гэта ласка, а laskave® — ласкавы; kust — куст; kutje — куцьця; latke — (а)ладка, дранік; metle — мятла, pojen — паіць; pokoj — пакой і г.д...Знаходзім і тыя ідышавыя словы, што далі жыцьцё беларускім, як, да прыкладу, xavruse, які спарадзіў такія «чыста беларускія» словы як хаўрус, хаўрусьнік, хаўрусаваць. Кніга зробленая з любоўю і добрым густам. На форзацах — мапы беларускіх абшараў, на якіх вольна гучаў ідыш, з назвамі на абедзьвюх мовах. Пачатак кожнай літары аформлены выявамі беларускіх сынагогаў. Супэрвокладка — добра падпечаная маца: частуйцеся на здароўе!
3. Лявіт. Аляксандар Надсан. Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус. Менск, «Белфранс», 2004
Паводле свае назвы, гэта кніга-біяграфія, прысьвечаная першаму беларускаму каталіцкаму біскупу за амаль два стагодзьдзі, духоўнаму пастыру беларусаў, адцятых вайною ад Бацькаўшчыны, заснавальніку беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны, выбітнаму грамадзкаму й культурнаму дзеячу Ўладыку Чаславу Сіповічу. Паводле ж зьместу — гэта кніга-панарама беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцьця на палітычных скразьнякох 20 стагодзьдзя, у якой упершыню на дакумэнтальнай аснове дасьледуецца рэлігійны аспэкт польска-беларускіх напружаных дачыненьняў у Заходняй Беларусі, нацыянальная трагедыя беларускіх айцоў-марыянаў у Друі, унікальная спроба русыфікацыі Беларусі праз... Ватыкан, лёсы беларусаў на радзіме, якая сталася Польскімі крэсамі, у страчанай беларусамі Вільні, у Кітайскім Харбіне, Рыме, Лёндане, а таксама ўвесь спэктар палітычнага й духоўнага жыцьця беларускае паваеннае эміграцыі ды шмат іншага. Кніга ўражвае ня толькі фантастычным валоданьнем матэрыялам, але найперш сваёй глыбіннай беларускасьцю. Яна напісаная з пранізьлівым болем за свой народ і з яшчэ больш пранізьлівай да яго любоўю.
4. Лікі: Наша Ніва. Факсімільнае выданне. Выпуск 5. 1912-1915, 1920 гг. Мінск, «Тэхналёгія», 2010
Гэтым велізарным томам завяршыўся праект факсымільнага выданьня першай беларускай газэты — унікальнай зьявы ня толькі ў беларускай, а бадай і ў сусьветнай гісторыі. Нацыятворчая газэта, што за няпоўную дэкаду скансалідавала народ, ад вяскоўцаў да навукоўцаў, сфармавала літаратурную мову, спрычынілася росквіту беларускай літаратуры ды асэнсаваньню нацыянальнае ідэнтычнасьці, і ў канечным выпадку — прывяла да ўтварэньня Беларускае дзяржавы новага часу. Факсымільнае выданьне ў цэлым вяртае нам адзін з нашых найбольшых нацыянальных скарбаў, пра які ўсе ведалі, але мала хто бачыў. Як слушна зазначыў Алесь Разанаў, дагэтуль «Наша ніва» была, а цяпер яна ёсьць.
5. Другазаконьне: Слуцкае Евангелле. Узнаўленне тэксту. Даследаванне рукапісу. Факсіміле. Беларуская Праваслаўная царква, 2009
Яшчэ адно факсымільнае выданьне. Яшчэ адна культурніцкая легенда. Ілюмінаваны залатымі застаўкамі ды ініцыяламі манускрыпт Слуцкага Эвангельля ёсьць, паводле традыцыі, уласнаручным творам слуцкага князя Юрыя Алелькавіча, зроблены ў 1580-1582 гг., а потым падараваны слуцкаму Свята-Троіцкаму манастыру. Шыкоўная кніга была добра вядомая і шанаваная цягам стагодзьдзяў, ажно пакуль за Саветамі ня трапіла — разам з крыжом Эўфрасіньні Полацкай — ў фонды Менскага дзяржаўнага музэю. У 1929 г. Крыж, Эвангельле ды іншыя нацыянальныя каштоўнасьці былі перададзеныя ў Магілёў, куды сталінскія ўлады меркавалі перанесьці сталіцу БССР. На пачатку вайны, у 1941 г. уся гэтая бясцэнная калекцыя мелася быць эвакуяванаю кудысьці ў глыбіні СССР, але сьляды яе згубіліся. Па вайне Магілёўскі музэй запісаў Слуцкае Эвангельле сярод разрабаваных фашыстамі экспанатаў. Тое, што гэта няпраўда, сьведчыць «цудоўнае абрэценьне» Эвангельля напрыканцы 20 стагодзьдзя. Гісторыя знаходкі цьмяная, блытаная, без аніводнага вэрыфікабельнага факту. Цяпер скарб знаходзіцца ў Дамавым храме ў рэзідэнцыі Беларускага Экзархату. Цікава, калі вернецца на радзіму спадарожнік Слуцкага Эвангельля ва ўсіх яго савецкіх мытарствах — крыж сьвятой Эўфрасіньні?