Замест агітацыйнай працы ў сваіх акругах і на выбарчых участках некаторыя кандыдаты ў дэпутаты мусяць губляць час на вырашэньне канфліктных сытуацыяў. Якраз пра такія выпадкі даведваліся сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
Абшукалі, забралі кампутар
Сёньня ў Пінску група міліцыянтаў уварвалася ў кватэру, якую арандуе мясцовы дэмакратычны актывіст Уладзімер Зянько. На просьбу кандыдата ў дэпутаты райсавету Аляксандра Рамановіча ён дапамагаў рыхтаваць да друку перадвыбарчую ўлётку кандыдата. Падрабязнасьці паведаміў «Свабодзе» Аляксандар Рамановіч:
«У Валодзі на кватэры мы рабілі маю перадвыбарчую ўлётку. Раптам зьнікла электрычнасьць. Як толькі я выйшаў на калідор, то на мяне накінуліся трое невядомых людзей у цывільным. Яны адразу сказалі, што міліцыянты. Паказалі дазвол на ператрус. Міліцыянты прывялі з сабой двух маладых людзей, заявілі, што гэта сьведкі, быццам бы ўзялі іх з вуліцы. Міліцыянты хацелі зацягнуць мяне назад у кватэру, але я катэгарычна адмовіўся. І, такім чынам, зараз хаджу па вуліцы, а ў кватэры Валодзі адбываецца ператрус».
На гэты час вядома, што з кватэры Ўладзімера Зянько міліцыянты забралі кампутар, а таксама дакумэнты, літаратуру і нават недзяржаўныя газэты.
МЕНШЧЫНА
Самавылучэнка супраць хітрыкаў мясцовых чыноўнікаў
Сёньня Менская абласная тэрытарыяльная выбарчая камісіі адмяніла рашэньне акруговай камісіі ў Барысаве і зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты Барысаўскага райсавету Тамару Каважэнку. Ёй — слова:
«Ня ведаю, радавацца гэтаму ці не, аднак я верыла хоць у нейкую справядлівасьць і, як бачыце, не памылілася. Пытаньне аб рэгістрацыі вырашана станоўча. Аднак прызнаюся, што гэтыя хітрыкі з боку акруговай камісіі нэрвы паказыталі...»
Нагадаю, што пэнсіянэрка Тамара Каважэнка жыве ў мікрараёне Дымкі, які штогоду залівае паводка на старым рэчышчы ракі Бярэзіны. Восем гадоў тутэйшыя жыхары просяць уладу ўратаваць іх маёмасьць ад паводкі. Але вада зноў залівае скляпы, гаражы і трапляе ў дамы. Таму Тамара Каважанка і змагаецца за мандат, каб з большымі паўнамоцтвамі бараніць Дымкі ад вады.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Франак Вячорка змагаецца за права на агітацыю
Пасьля чацьвёртага па ліку пісьмовага звароту да камандзіраў кандыдату ў дэпутаты Мазырскага райсавету, палітсалдату Франку Вячорку дазволілі выйсьці за тэрыторыю вайсковай часткі дзеля спраў, якія ён мае ў выбарчай камісіі.
Апавядае бацька салдата-апазыцыянэра, вядомы беларускі палітык Вінцук Вячорка:
«Толькі пасьля звароту ў Цэнтральную выбарчую камісію, якая зьвярталася да міністра абароны, Франка выпусьцілі па пару гадзінаў зь неадлучным суправаджэньнем прапаршчыка, каб ён наведаў мясцовую выбарчую камісію».
Франак плянуе дзьве сустрэчы ў Доме культуры ў Мазыры
Дапамог палітпрызыўніку распачаць перадвыбарчую працу Ўладзімер Целяпун з Мазыра. Ён афіцыйна стаў даверанай асобай кандыдата Вячоркі:
«Схадзілі й падалі ў камісію сьпіс давераных асобаў. Схадзілі з Франкам у друкарню й склалі дамову на выраб агітацыйных улётак. Дапамог з кіроўцам, каб хутчэй аб’ехаць усіх. Зайшлі зь ім у рэдакцыю „Жыцьцё Палесься“, ён пакінуў там заяву, каб надрукавалі ягоную перадвыбарчую праграму. Запісаўся таксама на радыё. І ў ДК „40 гадоў Кастрычніка“ таксама схадзілі — кандыдат пакінуў там заяву, каб яны вырашылі, калі ім нескладана даць залю для сустрэчы з выбарцамі. Франак плянуе там дзьве сустрэчы».
Паводле спадара Целяпуна, палітпрызыўнік зноў падаў рапарт камандаваньню, каб на пэрыяд агітацыі яго кожны дзень пасьля абеду й да 20 гадзіны адпускалі ў горад дзеля сустрэчаў з выбарцамі 25-й Станцыйнай акругі. Рэакцыі камандаваньня на зварот пакуль няма.
Невядома таксама, калі будуць надрукаваны й перадвыбарчыя ўлёткі Вячоркі. У друкарні «Калор» кандыдату паведамілі, што адказная за выпуск друкаванай прадукцыі асоба цяпер у ад’езьдзе.
Раённая выбарчая камісія, якая зарэгістравала Франка кандыдатам у дэпутаты, адмаўляецца зараз дапоўніць сьпіс ягоных давераных асобаў. На выбарах яму пагадзіўся дапамагаць прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка.
ВІЦЕБШЧЫНА
Трое сябраў партыі БНФ ужо зьняліся з выбараў
Уладзімер Кунцэвіч з Наваполацку, Ніна Кавалёва і Тамара Карызна зь Віцебску абвясьцілі пра адмову балятавацца на дэпутатаў. Тым ня менш яны не сыходзяць з выбарчай кампаніі цалкам: спадар Кунцэвіч працуе ва ўчастковай камісіі, а спадарыні Кавалёва і Карызна зарэгістраваліся даверанымі асобамі іншых дэмакратычных кандыдатаў.
Тамару Карызну змусіла адмовіцца ад барацьбы за дэпутацкі мандат у Шаркоўшчынскім райсавеце кіраўніцтва навучальнага цэнтру, дзе яна выкладае. Яе прымушалі таксама напісаць заяву, каб выйсьці з партыі, але актывістка не пагадзілася — у партыі БНФ яна ўжо 15 гадоў.
Ніна Кавалёва зьнялася з выбараў па ўласным жаданьні, хоць кажа, што гэтае рашэньне ёй далося цяжка:
«Я доўга вагалася, усё спадзявалася на лібэралізацыю на выбарах... І ўсё ж падумала: калі ў камісіях няма прадстаўнікоў апазыцыі, то яны будуць проста выконваць волю ўладаў, і такім камісіям давяраць нельга. Таму я вырашыла здымацца з выбараў».
Ужо даўно насьпеў час, каб распрацаваць нейкую іншую стратэгію.
У тое, што хоць каму-небудзь з аднапартыйцаў удасца трапіць у саветы, яна ня верыць:
«Магчыма, яны спадзяюцца на агітацыю — агітацыйную кампанію хочуць правесьці. Але колькі ўжо можна наступаць на адны й тыя самыя граблі? Агітацыйная кампанія ня дасьць плёну, бо ўжо цяпер бачна, што сапраўдных выбараў ня будзе. Думаю, што ўжо даўно насьпеў час, каб распрацаваць нейкую іншую стратэгію».
«Сямёра сьмелых» зьбіраюцца змагацца да апошняга
Леанід Аўтухоў, старшыня Гарадоцкай суполкі партыі БНФ, з аргумэнтамі спадарыні Кавалёвай ня згодны. Ён і яшчэ шасьцёра партыйцаў, зарэгістраваных на кандыдатаў у дэпутаты саветаў розных узроўняў, зьбіраюцца змагацца да апошняга. І менавіта на агітацыйную кампанію спадар Аўтухоў ускладае асабліва вялікія надзеі:
«Калі падрыхтаваць агітацыйныя матэрыялы, то можна выкласьці і пазыцыю партыі, і ўласную праграму, і прапагандаваць нацыянальныя каштоўнасьці. Да прыкладу, у мяне будзе сто плякатаў і тры з паловай тысячы ўлётак — з надпісам „Партыя БНФ“ і бел-чырвона-белым сьцягам. Выбарцаў у мяне каля 12 тысяч, так што ўлётка трапіць у кожную сям’ю».
Ва ўлётках Леанід Аўтухоў пазначыў праблемы, якія бачыць у рэгіёне, і тое, як ён прапануе іх вырашаць. Ён пэўны, што за яго прагаласуе больш людзей, чымсьці за ягонага канкурэнта на выбарах у абласны савет — дырэктара прадпрыемства «Віцебскаблнафтапрадукт».
Апазыцыянэр кажа, што яго добра ведаюць у Гарадоцкай выбарчай акрузе, але вось ці справядліва палічаць галасы ў выбарчых камісіях?
У кожным выпадку, кажа Леанід Аўтухоў, браць удзел у мясцовых выбарах варта хаця б таму, што інакш апазыцыянэры могуць страціць давер землякоў і не дачакацца іхнай падтрымкі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
«Я на выбары хадзіў, калі было за каго галасаваць...»
На Гарадзеншчыне ў дзевяці з 17 раёнаў у выбарах не бярэ ўдзелу апазыцыя. Многія выбарцы таксама заяўляюць, што ня будуць браць удзелу ў галасаваньні.
У Ваўкавыску зараз не існуе ні суполкі БНФ, ні першаснай арганізацыі АГП. Тутэйшы жыхар распавядае, што сёлета кандыдатамі ў дэпутаты ў іх горадзе зарэгістраваны пераважна дырэктары прадпрыемстваў, арганізацый і зрэдку іх намесьнікі.
Вось што ён мне адказаў, калі я запытаўся — ці пойдзеце вы ў дзень выбараў браць удзел у галасаваньні?
Спадар: «Не, канечне, я ўжо даўно не хаджу».
Карэспандэнт: «А чаму так?»
Спадар: «Ну навошта мне ісьці? Каб сказаць: падманіце мяне? Навошта, каб яны бралі мяне і падманвалі? Я ня бачу сэнсу ў гэтых выбарах, у гэтых саветах. Не вырашаюць гэтыя выбары нічога...»
Ловяць людзей на вуліцах ці ў хатах і патрабуюць, каб галасавалі.
Спадар: «Я на выбары хадзіў, калі было за каго галасаваць, заўсёды імкнуўся не згубіць свой голас. А цяпер у нас у раёне вельмі складаная сытуацыя з выбарамі — ніхто з нармальных людзей нікуды не вылучаўся».
У Мастоўскім раёне спадар, які шмат разоў удзельнічаў назіральнікам падчас выбарчых кампаній, распавядае, што на вёсцы насамрэч у выбарах ня бярэ ўдзелу большасьць жыхароў.
Старэйшыя людзі, зь яго слоў, ня ходзяць з той прычыны, што гэта нічога ім не дае, а многія зь іх ня могуць дайсьці нават да касьцёла ці царквы. За іх, маўляў, апускаюць бюлетэні ў урны самі сябры выбарчых камісій.
А з тымі, хто з маладзейшых не прыходзіць на ўчастак, робяць інакш.
Спадар: «Глядзяць адсотак, колькі ў іх прагаласавала. Калі мала, адпраўляюць сябраў камісіі зь бюлетэнямі, і тыя ловяць людзей на вуліцах ці ў хатах і патрабуюць, каб галасавалі. І там ужо ніхто не пытаецца ніякіх пашпартоў. Вось такім чынам галасуюць у нас на вёсцы».