Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка перавысіў 31 трыльён рублёў, што на 2,2 больш, чым у параўнаньні зь 1 студзеня 2010 году.
Пра гэта “Інтэрфаксу” паведамілі ў Міністэрстве фінансаў. За люты дзяржаўная запазычанасьць вырасла на 1,6% -- пасьля аналягічнага падвышэньня на 0,6% за студзень.
У ведамстве сказалі, што рост дзярждоўгу абумоўлены павелічэньнем гарантаванай урадам унутранай запазычанасьці на тле некаторага зьніжэньня зьнешняй запазычанасьці. Росту рублёвага эквіваленту сукупнага доўгу таксама спрыяла дэвальвацыя беларускага рубля да даляра -- на 2,34% за 2 месяцы.
Зьнешні доўг Беларусі на 1 сакавіка склаў 7 мільярдаў 795 мільёнаў даляраў. У 2009 годзе дзяржаўная запазычанасьць павялічылася на 81% -- пасьля росту на 50% у 2008-м.