Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыва ў вяртаньні доўгу: бэйсбольная біта ці калектарскае агенцтва


Ва ўмовах эканамічнага крызісу абвастраецца праблема фінансавай запазычанасьці і пратэрмінаваных плацяжоў. Ня маючы абаротных сродкаў, прадпрыемствы ня могуць разьлічыцца з пастаўшчыкамі, бо своечасова не разьлічваюцца пакупнікі прадукцыі. Хваля неплацяжоў перакідваецца на банкі — прыбыткі людзей усё меншыя, а крэдыты трэба па-ранейшаму выплачваць.

Неабходнасьць пагашэньня даўгоў прывяла да размоваў пра стварэньне інстытуту юрыдычных пасярэднікаў, якія будуць займацца вяртаньнем праблемнай запазычанасьці прафэсійна. Гаворка пра так званыя калектарскія агенцтвы, якія эфэктыўна працуюць у бальшыні краінаў сьвету.

У 1990-я на выбіваньні даўгоў спэцыялізаваліся пераважна «брытагаловыя» хлопцы ў спартовай амуніцыі. З дапамогай бэйсбольнай біты ці прамэнаду на «прафіляктычную гутарку» ў лес патрэбны эфэкт дасягаўся хутка, але нічога агульнага з законам тая дзейнасьць ня мела. Дый і часта здаралася, што пасярэднікі ўваходзілі ў долю з даўжніком, бесцырымонна «кідаючы» заказчыка.

2000-я пашырылі формы працы з даўжнікамі. Адна зь іх — так званыя калектарскія паслугі ад юрыдычных агенцтваў, якія прафэсійна выбіваюць даўгі. Натуральна, бяз прасаў і бэйсбольных бітаў. Практычнае вызначэньне тэрміналёгіі пайшло ад ангельскага сollection — «зьбіраньне». У дадзеным выпадку маецца на ўвазе, што гэтыя кампаніі займаюцца спагнаньнем пратэрмінаванай і праблемнай запазычанасьці.

Невяртаньне плацяжоў характэрнае шмат для якіх краінаў. Доля пратэрмінаваных пазыкаў у той жа Расеі перасягнула 15% ад агульнага аб’ёму крэдытаваньня. У Беларусі такая лічба не афішуецца, але, як кажа фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, тэндэнцыі досыць трывожныя:

«На маю думку, праблема будзе толькі нарастаць. Зараз яна крыху прыхаваная. Пра гэта асабліва не гавораць, але праблема невяртаньня тых жа крэдытаў ужо адчуваецца — амаль усе прадпрыемствы адчулі, што ёсьць кліенты, якія папросту ня плацяць. Ад такіх партнэраў ці то адмаўляюцца, ці намагаюцца зь імі на пэрспэктыву не працаваць. Так, пакуль у нас гэта не набыло такіх памераў, як у Расеі, дзе зноў на поўную моц уключылі бартэрныя схемы. Але пытаньне актуальнае: наколькі глыбока гэта нас закране? І ці не давядзецца таксама ўспомніць пра часы бартэру? Я зараз кажу пераважна пра юрыдычных асобаў, бо зь фізычнымі сытуацыя лепшая, пралянгаваных запазычанасьцяў па крэдытах фізычных асобаў у банкаў ня так шмат.
Людзі ў першую чаргу будуць гасіць крэдыт, камунальныя плацяжы, абмяжоўваючы сябе ў іншых сфэрах бюджэту.
Зьвязана гэта з тым, што ў нас усё ж хоць мала, але плацяць. Дый людзі досыць законапаслухмяныя: у першую чаргу будуць гасіць крэдыт, камунальныя плацяжы, абмяжоўваючы сябе ў іншых сфэрах бюджэту».

На сайце адной зь юрыдычных кампаній гаворыцца, што формы працы калектарскага агенцтва шырокія і разнастайныя. Як правіла, дзейнасьць пачынаецца з тэлефоннага знаёмства з даўжніком. Затым — асабісты кантакт. Нарэшце — зварот у кампэтэнтныя органы з мэтай узьдзеяньня на даўжніка. Цягам усяго часу няплатніку «ўнушаецца» думка пра неабходнасьць пагашэньня сумы ў самыя мінімальныя тэрміны. У выпадку невыкананьня ўмоваў яму паведамляюць, што будуць ужываць санкцыі згодна з заканадаўствам. Такі падыход дазваляе працаваць ня толькі са злоснымі няплатнікамі, але і з пазычальнікамі, якія з-за часовых фінансавых цяжкасьцяў ня могуць пагасіць доўг. Да іх ужываюцца мэханізмы кантролю, якія дазваляюць адсочваць выкананьне абавязаньня на ўсіх стадыях.

Перавагі «калектара» і адрозьненьне навацыі ад звыклых формаў юрыдычнай працы тлумачыць юрыст Зьміцер Глушчанка:

«Праблему запазычанасьці перад фізычнымі асобамі вырашаюць адвакаты; перад юрыдычнымі асобамі — кампаніі, якія маюць адпаведную ліцэнзію Міністэрства юстыцыі. У чым галоўнае адрозьненьне калектарскіх агенцтваў ад той дзейнасьці, якую вядуць юрыдычныя фірмы і адвакаты? Апошнія фактычна дублююць дзеяньні судовых выканаўцаў. Могуць зьвярнуцца з пазовам у суд, атрымаць рашэньне суду. Але гэта можа быць толькі папера, якая нічога ня значыць; трэба яшчэ рэалізоўваць маёмасьць даўжніка, а гэтым можа займацца толькі судовы выканаўца. То бок уся роля адвакатаў і юрыдычных фірмаў у дапамозе па вырашэньні праблемы запазычанасьці зводзіцца да таго, што яны робяць нейкае эмацыйна-псыхалягічнае ўзьдзеяньне. Галоўная адметнасьць калектарскіх агенцтваў — у тым, што яны могуць выкупляць даўгі. І гэтую запазычанасьць можна выкупіць з дысконтам. Напрыклад, фізычная асоба завінавацілася банку паводле крэдыту 100 мільёнаў рублёў. Але банку прасьцей прадаць гэтую запазычанасьць за 70 мільёнаў калектарскаму агенцтву. Ну, і такім чынам у агенцтва з гэтай запазычанасьці зьявіцца дысконт у 30%».

Колькасьць фірмаў, якія сярод іншага прапануюць калектарскія паслугі, у Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі. Адсутнасьць попыту — найперш у тым, што афіцыйнага паняцьця «калектарскае агенцтва» ў беларускім заканадаўстве няма. А таму папросту складана адносіць тую ці іншую фірму, якая займаецца спагнаньнем даўгоў, менавіта да катэгорыі калектарскіх. Аднак Зьміцер Глушчанка кажа, што неўзабаве сытуацыя можа кардынальна зьмяніцца:

«Больш за тое, цяпер гэтае пытаньне настолькі вострае, што ўжо ёсьць разуменьне праблемы ў Нацыянальным банку. Зьвязана гэта ў першую чаргу з ростам запазычанасьці па крэдытах, перадусім — з боку фізычных асобаў. Таму што зь фізычнымі асобамі могуць працаваць толькі адвакаты, а адвакатаў на ўсіх не хапае. Стварыць спэцыялізаваныя аддзелы ў кожным банку дзеля вырашэньня праблемы запазычанасьці — таксама немагчыма.
Нацбанк цяпер распрацоўвае адпаведны законапраект аб стварэньні калектарскіх агенцтваў і надзяленьні іх дадатковымі паўнамоцтвамі.
Таму Нацбанк цяпер разумее гэтую праблему, распрацоўвае адпаведны законапраект аб стварэньні калектарскіх агенцтваў і надзяленьні іх дадатковымі паўнамоцтвамі. І ёсьць надзея, што такія калектарскія агенцтвы могуць працаваць ня толькі з даўгамі фізычных асобаў перад банкамі, але нават дапамагаць звычайным фізычным асобам, якія, прыкладам, пазычылі свайму суседу 200 даляраў».

Апошнім часам у даўгах як у шаўках дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі. Экспартныя рынкі для пастаўкі прадукцыі звузіліся, а выбіць грошы за ўжо рэалізаваныя тавары ўсё больш складана. Для іх такога кшталту пасярэднікі таксама былі б паратункам. Праўда, як лічыць крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак, фінансавы клубок у дзяржаўным сэктары будзе толькі заблытвацца — спадзяваньні на поўную скарбонку без карэннай перабудовы ўсёй сыстэмы эканомікі ніякага плёну не дадуць:

«У нас у Беларусі няма ніводнага канкурэнтаздольнага прамысловага прадпрыемства. Я ў сваіх артыкулах яшчэ раней пісаў: МАЗы мы не прадамо, трактары неканкурэнтаздольныя, лядоўні ды іншая бытавая тэхніка таксама нікому не патрэбныя. Дык адкуль чакаць грошай? Калісьці над гэтым хіхікалі, а цяпер жа гэта відавочна! І калі ўлады кажуць, што яны знойдуць іншыя рынкі, пацякуць у бюджэт грошы, то гэта выклікае зьдзіўленьне. У глябальным сьвеце няма паняцьця „другіх рынкаў“ (то бок — дзе можна „ўцюхаць“ нехадавы тавар). Мой прыклад такі: калі вы зьбіраецеся забясьпечваць сваю вёску лапцямі ці нейкімі хатнімі тапкамі, то вы іх абавязаныя рабіць на ўсясьветным узроўні. Вы падлічылі, што іх патрэбна ўсяго 30 штук, можна іх прадаваць і ў вас будзе бізнэс. Але калі яны будуць не на ўсясьветным узроўні, то ніякіх тапак у сваёй вёсцы (чытай — у сваёй дзяржаве) не прадасьцё. Зразумела я вам сказаў?»

У Нацыянальным банку не выключаюць, што закон, які легалізуе калектарскія агенцтвы, можа запрацаваць ужо сёлета. Прынамсі, міжведамасная працоўная група распрацоўвае праект указу Аляксандра Лукашэнкі, пасьля чаго распачнецца працэс узгадненьня. Пасьля гэтага дакумэнт афіцыйна будзе ўнесены на разгляд кіраўніку краіны. Заклапочанасьць галоўнай банкавай установы зразумелая: за апошні год праблемная запазычанасьць беларускіх банкаў павялічылася ў 5 разоў. Аб’ём нявыплачаных крэдытаў вырас па рублёвых пазыках удвая, дасягнуўшы 24 мільярдаў рублёў; па валютных — у 5 разоў, склаўшы 25 мільёнаў даляраў. Вырасла пратэрмінаваная запазычанасьць сельскагаспадарчых арганізацый — на канец мінулага году яна складала 1 трыльён 800 мільёнаў рублёў.

І хоць калектарскія паслугі ў Беларусі ў зародкавым стане, тарыфы на сайтах некаторых юрыдычных арганізацый на пэрспэктыву прапісаныя цалкам матэрыяльна. Ганарар, у залежнасьці ад сумы запазычанасьці і складанасьці сытуацыі, — 15-30% ад сумы доўгу. Спагнаньне дэбіторскай запазычанасьці: 300 тысяч рублёў за падрыхтоўку пазову, 150 тысяч рублёў — за кожную гадзіну прадстаўніцтва ў гаспадарчым судзе. Ліквідацыя прадпрыемства (залежна ад сытуацыі на прадпрыемстве і формы ўласнасьці) — ад 700 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG