Сёньняшняе паведамленьне прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, што інаўгурацыя Эўранэсту адкладзеная з прычыны супярэчнасьцяў наконт прадстаўніцтва Беларусі, фактычна паўтарыла інфармацыю, якая стала вядомая тыдзень таму.
Інаўгурацыя была прызначаная яшчэ на 24 сакавіка. Але паведамленьне прадстаўніцтва ЭЗ утрымлівае і дадатковую інфармацыю пра тое, як мяркуецца вырашыць патавую сытуацыю: "сумесна з высокім прадстаўніком ЭЗ Кэтрын Эштан і эўракамісарам Штэфанам Фюле Эўрапарлямэнт падрыхтуе для Беларусі адмысловую «дарожную карту рэформаў». Ступень яе выкананьня і будзе крытэрам, па якім вызначыцца ўзровень удзелу прадстаўнікоў беларускага парлямэнта ў працы Эўранэста".
Калі перакласьці з дыпляматычнай мовы на звычайную, то гэта азначае, што ў гульню вакол Эўранэсту ўступаюць інстытуцыі, якія
У гульню вакол Эўранэсту ўступаюць інстытуцыі, якія раней толькі назіралі за двубоем паміж Эўрапарлямэнтам і беларускімі ўладамі.
Справа ў тым, што хаця Эўрапарлямэнт і мае пэўныя, і немалыя, паўнамоцтвы ва ўнутранай палітыцы аб’яднаньня 27 дзяржаваў, у палітыцы зьнешняй яго рашэньні маюць выключна рэкамэндацыйны характар. Фармаваньне Эўранэсту было ў пэўным сэнсе самастойным дэбютам Эўрапарлямэнту на міжнароднай арэне.
І вынік атрымаўся, скажам наўпрост, ненатхняльным. І справа ня толькі і нават ня столькі ў пазыцыі афіцыйнага Менску, колькі ў супольным дэмаршы кіраўнікоў парлямэнтаў усіх астатніх краін-партнэраў. Пасьля гэтага пытаньне адразу з працэдурнага стала палітычным, стала калі не пагрозай, то момантам ісьціны для разуменьня таго, чым з’яўляецца партнэрства для Эўразьвязу і для краін-партнэраў.
Некаторыя эўрапарлямэнтары тлумачылі гэтую салідарную пазыцыю кіраўнікоў парлямэнтаў 5 краін тым, што беларуская дыпляматыя займалася адносна іх фактычна шантажом, не падтрымаеце Менск – будзеце мець праблемы. Ну якія праблемы маглі б мець адпаведныя краіны ад гневу Менску – больш менш зразумела толькі адносна Грузіі, над ёй пэрспэктыва прызнаньня Менскам незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі сапраўды вісіць дамоклавым мячом. Пра астатніх патрэбная фантазія, каб вызначыць, чым іх мог купіць і запалохаць беларускі бок.
Можна дапусьціць, што матыў быў іншым, і прычым супольным для ўсіх пяці сьпікераў. Сёньня дыскваліфікуецца беларускі парлямэнт, чаму заўтра Эўразьвяз ня можа палічыць, што званьня дэмакратычнага не заслугоўвае армянскі, ўкраінскі ці азэрбайджанскі парлямэнт? І тут справа нават не ў гэтай гіпатэтычнай сытуацыі, а ў самым прынцыпе: што і хто зьяўляецца ўладай у Беларусі, вызначае нейкая вонкавая інстытуцыя. І тут прэцэдэнт распаўсюджваецца на ўсіх: калі можна выключыць нацыянальны сход Беларусі, то атрымліваецца, што і іншыя парлямэнты прысутнічаюць у Эўранэсьце выключна з прычыны таго, што іх палічылі парлямэнтамі добрыя людзі з Эўрапарлямэнту. Магчыма, 5 сьпікераў мяркуюць, што кіраваныя імі (даволі розныя) парлямэнты зьяўляюцца такімі з ўнутраных прычынаў, а не таму, што нехта звонку так вырашыў.
У прынцыпе магчымая і іншая пазыцыя: прыняць, што ня толькі ступень прасоўваньня ў Эўропу, але і нават месца за сталом дыялёгу
Сувэрэнітэт насамрэч – не сынонім дабра, розуму і прыгажосьці, гэта магчымасьць прымаць рашэньні самастойна.
Дык вось сытуацыя з Эўранэстам прадэманстравала, што гэтая самая доля сувэрэнітэту, якой гатовыя ахвяраваць партнэры, меншая, чым уяўлялася Брусэлю. І працэдурная на першы погляд спрэчка перарасла у крызіс самога Ўсходняга партнэрства як такога, у крызіс яго ідэалёгіі.
Вырашаны ён можа быць па-рознаму.
Магчыма, пры падключэньні да вырашэньня праблемы адказных за зьнешнюю палітыку ЭЗ Менск можа ўсьвядоміць, што мае справу з пазыцыяй не аднаго Эўрапарлямэнту, а ўсяго Эўразьвязу, і пагадзіцца на формулу “5+5”, хаця б па змаўчаньні. Такі сцэнар вынікае з камэнтара, які даў нашаму радыё польскі экспэрт Войцех Бародзіч-Смаліньскі.
Але магчыма і іншае тлумачэньне, якое падмацоўваецца інфармацыяй пра маючую з’явіцца “дарожную мапу” рэформаў.
Урэшце, галоўны матыў Эўрапарлямэнту наконт прадстаўніцтва Беларусі ў Эўранэсьце – ня столькі спосаб абраньня цяперашняга складу нацыянальнага сходу, колькі перасьцярога, што ў выпадку запрашэньня на роўных падставах спосаб абраньня наступнага складу беларускага парлямэнту будзе дакладна такім жа.
Ну вось пры дапамозе “мапы”, магчыма, і паспрабуюць вырашыць менавіта гэтую праблему, абмяняўшы рашэньне на дэлегацыю Беларусі, якая будзе складацца толькі з дэпутатаў нацыянальнага сходу.
Аднак беларускія ўлады, дамогшыся свайго, могуць паступіць з “мапай” так, як з многімі папярэднімі пагадненьнямі? Могуць, зразумела. Рызыка. Але гэтую рызыку кіраўніцтву Эўразьвязу давядзецца сувымяраць з рызыкай для ўсяго праекта Ўсходняга партнэрства, якая ўзьнікла з-за канфлікту вакол Эўранэсту.