У Віцебску затрыманы вядомы грамадзкі актывіст Барыс Хамайда. Сёньня ранкам у гонар Дня волі Барыс Хамайда распачаў напісаньне дыктоўкі каля помніка Уладзімеру Караткевічу.
Тэкст дыктоўкі паводле аднаго з твораў Уладзімера Караткевіча начытваў яшчэ адзін вядомы віцебскі актывіст Сяргей Каваленка. Праз дзесяць хвілін пасьля пачатку акцыі зьявіўся нарад міліцыі на чале з начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага раёну Віцебска Аляксандрам Каліноўскім. Яны затрымалі Барыса Хамайду і адвезьлі ў пастарунак. Міліцыянты патлумачылі затрыманьне тым, што на шыі у Барыса Хамайды быў завязаны бел-чырвона-белы шалік, а на імправізаваным стале стаяў бел-чырвона-белы сьцяжок.
Барыс Хамайда сэнс акцыі патлумачыў тым, што Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі быў адным з улюбёных сьвятаў Уладзімера Караткевіча і гэткім чынам ён адзначае сьвята БНР і ўшаноўвае памяць пісьменьніка. Актывіст таксама заявіў, што працягне пісаць дыктоўку і ў пастарунку. Сяргей Каваленка таксама накіраваўся ў міліцыю, каб маральна падтрымаць Барыса Хамайду.