Cёньня ў Рыё-дэ-Жанэйра прэзыдэнт Бразыліі Луіс Інасіё да Сільва прымае кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Гэта першае кантактаваньне такога ўзроўню за ўсю гісторыю дачыненьняў Бразыліі і Беларусі.
Нагадаем, што ў горад мараў легендарнага Астапа Бэндэра Лукашэнка скіраваўся з Вэнэсуэлы, дзе былі падпісаныя больш за 20 пагадненьняў аб узаемным супрацоўніцтве. Якія дывідэнды беларускае кіраўніцтва спадзяецца атрымаць у найбуйнейшай краіне Паўднёвай Амэрыкі?
Толькі сёньня раніцай афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Беларусі паведаміў пра пачатак візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Бразылію. Да гэтага часу інфармацыя, якую яшчэ на мінулым тыдні распаўсюдзілі замежныя мэдыі, не пацьвярджалі ні МЗС Беларусі, ні прэзыдэнцкая прэс-служба. Бліжэй да сярэдзіны дня на сайце зьявілася ўдакладненьне: візыт названы “працоўным” , што мае на ўвазе больш сьціплы фармат — без фанфараў, ганаровай варты і выкананьня дзяржаўных гімнаў. А за дзень да Лукашэнкі ў Бразыліі высадзіўся ўрадавы дэсант на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам. Чыноўнік заявіў, што праведзеныя папярэднія перамовы пра пастаўкі ў гэтую краіну калійных угнаеньняў, трактароў і кар’ернай тэхнікі.
Ці ёсьць насамрэч падставы да нарошчваньня гандлёвага таваразвароту Беларусі з краінамі Лацінскай Амэрыкі і Бразыліяй у прыватнасьці? Фінансавы аналітык Сяргей Чалы лічыць, што ёсьць усе падставы разглядаць Бразылію паўнавартасным эканамічным партнэрам Менска:
“Справа ў тым, што самыя буйныя на паўднёваамэрыканскім кантынэнце —бразыльская і аргентынская эканомікі. Іншая рэч, што ў той жа Аргентыне сапраўды вялікія праблемы палітычнага кшталту. З-за таго, што там так часта зьмяняецца ўлада, пастаянна цярпіць іх экспарт. Як у іх было зь ялавічынай, зь іншай прадукцыяй і г.д. То бок там складана штосьці прагназаваць на пэрспэктыву. А вось у Бразыліі — так, сытуацыя цалкам прадказальная”.
У 2008 годзе лічбавыя паказчыкі эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Бразыліі перавысілі 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў. Аднак ва ўмовах крызісу па выніках 2009-га гэтая лічба скарацілася напалову — да 570 мільёнаў даляраў. У агульным аб’ёме беларускага экспарту блізу 99% прыпадае на калійныя ўгнаеньні. У сьціплы 1% зьмясьціліся шкловалакно, льняныя тканіны, трактары, аўтамабільная тэхніка, прадукцыя бабруйскай “Белшыны”. Напярэдадні Ўладзімер Сямашка заявіў, што сёлета плянуецца прадаць у Бразылію больш за 2 мільёны тон калійных угнаеньняў (летась удалося паставіць 1 мільён 200 тысяч тон). Аб’ёмы іншай прадукцыі не анансуюцца. Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук так ацэньвае экспартны патэнцыял Беларусі ў праекцыі на бразыльскі рынак:
“Рынак буйны, хутка разьвіваецца і расьце. І мы ведаем, што ўдзельная вага Бразыліі мае тэндэнцыю да пастаяннага падвышэньня. Калі мець на ўвазе нашы інтарэсы, то, безумоўна, галоўная цікавасьць тут зьвязаная з тым, што Бразылія — адзін з буйных спажыўцоў нашых калійных угнаеньняў. Кітай, Індыя і Бразылія — тыя тры стаўпы, на якіх трымаецца і выбудоўваецца асноўная стратэгія “Беларуськалію”. З гэтага пункту гледжаньня рынак, натуральна, цікавы. Што тычыцца астатняга? Можна, канечне, разважаць, што нейкую сотню трактароў туды мы зможам прадаць, але гаварыць пра тое, што Бразылія можа ў нейкай пэрспэктыве быць нашым сур’ёзным партнэрам для машынабудаўнічай прамысловасьці, для аграрнага сэктару — напэўна, было б вельмі амбіцыйна”.
Асноўны артыкул беларускага імпарту з Бразыліі — цукар-сырэц, шрот соевага алею, кава, гарбата, тытунёвая сыравіна, прадукцыя для фармацэўтычнай галіны. І, натуральна, няўлічаны “імпарт” у выглядзе бразыльскіх футбалістаў, якія ад “перавытворчасьці” на радзіме гатовыя гуляць нават у такім малапрэстыжным чэмпіянаце, як беларускі.
Месяц таму Аляксандар Лукашэнка прымаў у Менску губэрнатара штату Гаяс Алсідэса Радрыгеса Філью. Беларускі кіраўнік заявіў: “Мы ведаем, што ў вас ёсьць інтарэс да тавараў, якія вырабляюцца беларускімі кампаніямі, і гатовыя разгледзець пытаньні акцыянаваньня і прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў з Бразыліяй”. Ён дадаў, што інтарэс Беларусі зразумелы: Бразылія — вялізны рынак для тых прадпрыемстваў, якія стануць сумеснымі. Апроч таго, Лукашэнка падкрэсьліў, што пазыцыі Менску і Бразылія па асноўных пытаньнях міжнароднай палітыкі цалкам супадаюць. І ў сваёй прысутнасьці ў Лацінскай Амэрыцы Лукашэнка хацеў бы “абапірацца” менавіта на плячо Бразыліі — адной зь вядучых дзяржаваў, без удзелу якой не вырашаецца ніводнае значнае пытаньне ў маштабах плянэты.