Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» выступіла супраць чарговай эскаляцыі гвалту беларускіх уладаў у дачыненьні да незалежных беларускіх журналістаў.
У сувязі з рэйдамі людзей у масках у рэдакцыі газэты «Народная воля» і вэб-сайту «Хартыя-97», а таксама зь ператрусамі на кватэрах Марыны Коктыш, Ірыны Халіп, зьбіцьцём Натальлі Радзінай, «Рэпартэры бязь межаў» зрабілі наступную заяву:
«Няма ніякіх падстаў для падобных жорсткіх рэйдаў, якія супярэчаць Канстытуцыі Беларусі. Гэтыя журналісты проста робяць сваю справу і не павінны лічыцца правапарушальнікамі за тое, што робяць здабыткам публічнасьці справы, нязручныя для паліцыі і ўраду».
Як адзначана ў заяве «Рэпартэраў бязь межаў», паводле афіцыйнай вэрсіі, рэйды супраць журналістаў былі зьвязаныя з так званай «паляўнічай справай», у выніку якой трох афіцэраў МУС у Гомелі асудзілі на некалькі гадоў пазбаўленьня волі ў сувязі з абвінавачаньнем у злоўжываньні ўладай і шантажаваньні супрацоўнікаў КДБ.