Улады прыхоўваюць інфармацыю ад выбаршчыкаў

Ужо на наступным тыдні павінны быць зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў. 25-га сакавіка — апошні тэрмін для гэтага. Між тым «Свабода» атрымлівае зьвесткі пра тое, што ўлады і афіцыйныя СМІ прыхоўваюць зьвесткі пра склад і працу ўчастковых камісіяў. Выяўляюцца і іншыя парушэньні выбарчага заканадаўства.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Парушэньням на месцах патурае Цэнтравыбаркам»

Сяргей Гоўша
Сёньня праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў у Цэнтравыбаркам яшчэ адну скаргу. Гэтым разам — пра выкрытыя ім парушэньні выбарчага заканадаўства ў Баранавічах. «Мясцовы райвыканкам і падпарадкаваная яму газэта „Наш край“ фактычна прыхавалі ад выбаршчыкаў сьпісы ўчастковых камісіяў», — тлумачыць Сяргей Гоўша:

«Справа ў тым, што я выпісваю газэту „Наш край“. І калі не атрымаў своечасова са сьпісамі ўчастковых камісіяў, то пачаў цікавіцца, ці ўвогуле быў такі нумар? У шапіках заявілі, што не было. Не атрымлівалі ў мясцовым аддзяленьні „Белсаюздруку“ й ніякага спэцыяльнага выпуску. Мне ўдалося высьветліць, што рэдакцыя надрукавала толькі 160 паасобнікаў газэты „Наш край!“ і трымае іх зараз у сваім сэйфе. Вось такая сытуацыя...»

Сяргей Гоўша перакананы, што ўлада ў Баранавічах не выконвае патрабаваньні існуючага Выбарчага кодэксу. А патурае гэтаму, як лічыць суразмоўца, Цэнтравыбаркам. Юрыст нагадвае, што яшчэ раней інфармаваў ЦВК пра парушэньні — на пачатку фармаваньня ўчастковых камісіяў:
Рэдакцыя надрукавала толькі 160 паасобнікаў газэты „Наш край!“ і трымае іх зараз у сваім сэйфе.


«Ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай атрымаў няўцямны адказ. Маўляў, улада на месцы сама фарміруе ўчастковыя камісіі, а вы ня суньцеся, калі ласка, ня лезьце. Дык у такім разе — хто мы такія? Пешкі? Нас за людзей ня лічаць. Вось, дарэчы, і такі факт: 7 чалавек ад апазыцыі спрабавалі вылучыцца ва ўчастковыя камісіі. Чыноўнікі зацьвердзілі толькі аднаго...»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Улады ўжо агітуюць за яшчэ не зарэгістраваных кандыдатаў

Першыя спробы схаванай рэклямы праўладных прэтэндэнтаў на кандыдацтва зьявіліся на старонках дзяржаўных газэт.

У астравецкай раённай газэце надрукавалі інтэрвію з кіраўніком Гарадзенскага дарожна-будаўнічага трэсту № 6 Іванам Яцэвічам. Кіраўнік трэсту распавядае журналістам, што ягоная арганізацыя дбае пра дарогі ў Астравецкім і суседнім Ашмянскім раёнах. Асаблівая ўвага завастраецца на тым, што менавіта гэты трэст будуе дарогі да пляцоўкі, дзе маюць узводзіць АЭС. Больш за тое, разам з інтэрвію зьмешчаны здымкі спадара Яцэвіча, у тым ліку і на будаўнічай пляцоўцы АЭС.

У дэпутаты цягнуць будаўнікоў Астравецкай атамнай станцыі.
Мясцовы актывіст Іван Крук кажа, што ўсё б гэта было нічога, калі б спадар Яцэвіч не падаў разам зь ім дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты абласнога Савету.

Іван Крук палічыў гэта прыхаванай рэклямай і патэлефанаваў да рэдактаркі газэты, якая і брала гэтае інтэрвію. Ён запатрабаваў, каб інтэрвію на такой самай газэтнай плошчы зьявілася і зь ім, бо яму таксама ёсьць што сказаць пра стан спраў у раёне.

Крук: «Яна мне адказвае, што зараз гэта немагчыма: маўляў, калі вас зарэгіструюць, то тады. А я ў яе пытаюся — чаму магчыма было інтэрвію зь Яскевічам, гэта ж яўна схаваная рэкляма? Яна нічога не магла мне адказаць...»

Мясцовы праваабаронца Раман Юргель, які праводзіць маніторынг выбарчай кампаніі, зазначае, што гэта самая што ні на ёсьць рэкляма будучага праўладнага кандыдата, прычым абсалютна непрыхаваная.

Юргель: «Гэта можна расцэньваць як парушэньне выбарчага заканадаўства. Больш за тое, падобнае робіцца ня толькі на раённым узроўні. Днямі ў абласной газэце была інфармацыя пра будаўніцтва дамоў, а на першай старонцы красаваўся здымак дырэктара „Гроднаграмадзянпраекту“ спадара Дзяшко, які таксама зьбіраецца балятавацца ў абласны Савет».

ВІЦЕБШЧЫНА


Мікалай Селівашка: «Я пераканаўся, што ў камісіі трапілі некампэтэнтныя людзі»

Старшыню абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Мікалаю Селівашку ўдалося трапіць у абласную выбарчую камісію. За час дзяжурстваў, разьбіраючы скаргі грамадзянаў на дзейнасьць выбарчых камісіяў ніжэйшага ўзроўню, актывіст пераканаўся: туды трапілі людзі без адпаведнай прававой падрыхтоўкі.

Мікалай Селівашка
Спадар Селівашка пэўны, што мясцовыя апазыцыянэры, якія маюць досьвед працы на выбарах, працавалі б у камісіях значна лепей. І патрабуе хаця б наладзіць навучаньне для некампэтэнтных сябраў камісій:

«Каб наладзілі нейкую вучобу, сэмінары для ўчастковых і тэрытарыяльных камісій. А то аднойчы Лазавік прыяжджаў, сабралі тэрытарыяльныя камісіі — а там паўтары гадзіны агульных фраз... Людзі зьвяртаюцца да нас, застаюцца пытаньні, сутыкаемся зь некампэтэнтнасьцю камісій. Нашых людзей зь вялікім досьведам не ўключылі, хаця мы праводзім сэмінары перад кожнай выбарчай кампаніяй, вывучаем заканадаўства. А панабралі тых, хто ўяўленьня пра выбары ня мае і толькі нэрвы рве нашым грамадзянам».

Актывісты пэўныя, што іх не ўключылі ў камісіі таму, што недасьведчанымі людзьмі лягчэй маніпуляваць: яны ня ведаюць заканадаўчых нормаў.

Калі Партыя БНФ прыме рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах, то яе магчымы кандыдат абяцае падпарадкавацца такому рашэньню

Леанід Аўтухоў
Выбарчыя камісіі Віцебшчыны цяпер разглядаюць дакумэнты, пададзеныя кандыдатамі. Паводле Леаніда Аўтухова, старшыні Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ, усіх ахвотных балятавацца дэмакратычных актывістаў, хутчэй за ўсё, зарэгіструюць. Прынамсі, у акруговай камісіі ў яго ўжо нават папрасілі фотаздымак на выбарчы плякат, і апазыцыянэр амаль упэўнены, што яго зарэгіструюць:

«Калі я здаваў дакумэнты, сакратар акруговай камісіі адразу сказала: „Давайце ўжо і фотаздымак на выбарчы плякат“. Я не пагадзіўся: як так? Можа, больш за палову камісіі на пасяджэньні прагаласуе супраць? Не, кажа, у вас усе паперы добрыя, у парадку. Зарэгіструюць абавязкова. Увогуле, думаю, яны б вельмі хацелі, каб я трапіў у аблсавет».

На думку Леаніда Аўтухова, наяўнасьць апазыцыянэраў у саветах магла б стаць «козырам» у адносінах беларускіх уладаў з краінамі Эўразьвязу — маўляў, у Беларусі выбары былі дэмакратычныя. Але актывіст пэўны, што адзін-два чалавекі ўсё адно не паўплываюць на нейкія рашэньні ў саветах любога ўзроўню. Таму ў выпадку, калі Партыя БНФ прыме рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах, ён падпарадкуецца і ня пойдзе ў кандыдаты.