Госьць Начной Свабоды – старшыня Партыі БНФ, кіраўнік аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Волі Аляксей Янукевіч.
Карэспандэнт: “У чым будзе адметнасьць сёлетняй акцыі да Дня волі ў Менску?”
Янукевіч: “Перадусім у тым, што мы хочам зрабіць акцэнт на сьвяткаваньні, каб і тыя людзі, якія на сёньня зьяўляюцца прыхільнікамі нацыянальнай ідэі, і тыя, якія яшчэ дакладна не вызначаліся са сваімі прыхільнасьцямі, шырокае беларускае грамадзтва, каб яны зьвярнулі ўвагуна тое, што ёсьць у нас такое выдатнае сьвята, якое важна сьвяткаваць. Мы заплянавалі сьвяточную праграму, музыку, выступы бардаў, паэтаў, будуць кветкі і балёнікі, будзе шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, і мы будзем іх раздаваць. Сапраўды мы хочам зрабіць гэта сьвятам беларускай незалежнасьці, сьвятам беларускай салідарнасьці”.
Карэспандэнт: “Збор удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі прызначаны на чацьвер 25 сакавіка на пляцоўцы каля Нацыянальнай Акадэміі Навук. Далей плянуецца шэсьце па праспэкце Незалежнасьці да сквэру імя Янкі Купалы, дзе замоўлены мітынг. Адпаведная заяўка пададзеная ў Менгарвыканкам. Аляксей, вопыт Дзён волі апошніх гадоў паказвае, што менскія ўлады не дазваляюць маршруты шэсьця ў цэнтар Менску, і накіроўваюць людзей на Бангалор. Вы заявілі сёньня, што на Бангалор людзей не павядзеце. Як тады будуць разьвівацца падзеі?”
Янукевіч: “На жаль, трэба прызнаць, што не заўсёды мы можам пісаць сцэнары, як будуць разгортвацца падзеі. Важна будзе, як будуць паводзіць сябе беларускія ўлады. У нас на кожны варыянт паводзінаў уладаў прадугледжаны свой варыянт дзеяньняў. Што б ні адбывалася – для нас гэта ня будзе нечаканым. Але перадусім скажу, што мы дакладна не павядзем людзей на плошчу Бангалор, і па-другое, правакаваць нейкія сутыкненьні зь міліцыяй мы адназначна не зьбіраемся. Але будзем старацца каб усё прайшло годна, каб сьвяткаваньне 25 сакавіка адбылося на цэнтральным праспэкце сталіцы”.