Пра гэта паведаміў старшыня менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:
"Мы плянавалі прайсьці ад Акадэміі навук па тратуарах да сквэра Янкі Купалы, каб правесьці там мітынг. Аднак гарадзкія ўлады традыцыйна прапанавалі нам правесьці мітынг на плошчы Бангалор", — сказаў ён.
Паводле слоў Івашкевіча, час і месца збору ўдзельнікаў мерапрыемства засталіся ранейшымі — у 18.00 на пляцоўцы каля будынка прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук. "Так што людзі могуць бесперашкодна прыходзіць, каб адсьвяткаваць Дзень Волі, прыносіць нацыянальную сымболіку. Як даць працяг сьвяткаванню, вырашым на месцы", — дадаў ён.
18 сакавіка лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што дзеяньні арганізатараў акцыі "будуць залежаць ад колькасьці людзей, якія сабраліся ўзяць удзел у шэсці, і іх настрою".
"У нас ёсць розныя варыянты развіцьця падзей, але адно магу сказаць дакладна, што на плошчу Бангалор мы людзей не павядзем", — падкрэсліў лідэр Партыі БНФ.